Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы адмаўляюцца ехаць ваяваць у Сырыю


Расейскія вайскоўцы сядаюць на карабель у Сэвастопалі, каб накіравацца ў Сырыю. Фота з сацыяльных сетак
Расейскія вайскоўцы сядаюць на карабель у Сэвастопалі, каб накіравацца ў Сырыю. Фота з сацыяльных сетак

У Наварасейску знаходзяцца расейскія салдаты, якіх рыхтуюць да адпраўкі ў Сырыю.

Аднак некалькі кантрактнікаў адмовіліся ад камандзіроўкі, спаслаўшыся на адсутнасьць пісьмовага загаду і парушэньне закону.

Пра гэта гаворыцца ў журналісцкім расьсьледаваньні выданьня «Газета.Ru».

У артыкуле пад загалоўкам «Думалі, што ў Данбас, а аказалася — у Сырыю», распавядаецца пра некалькіх кантрактнікаў з вайсковай часткі ва Ўсходняй ваеннай акрузе, адабраных у зводную роту з 20 чалавек. Іх адправілі на цягніку на станцыю Тунэльная пад Наварасейскам для выгрузкі тэхнікі. Аднак на камандзіровачным пасьведчаньні не была пастаўленая дата вяртаньня, а перад адпраўкай у Наварасейск камандзір сказаў вайскоўцам, што іх рыхтуюць да камандзіроўкі ў «гарачую краіну». Пра гэта карэспандэнту «Газеты.Ru» распавялі чатыры кантрактнікі на чале зь лэйтэнантам Аляксеем Н. Яны таксама паведамілі, што ва ўсёй зводнай роты ўзялі дакумэнты на афармленьне службовых замежных пашпартоў. Сустрэча адбылася ў кавярні, усе яны былі ў цывільным адзеньні.

Суразмоўцы распавялі выданьню, што 16 верасьня ў частку прыбыў прадстаўнік Генштабу. Ён выступіў перад складам бяз знакаў адрозненьня і ў цывільнай форме, заявіўшы, што загад аб камандзіроўцы за мяжу сакрэтны. Таксама ён пацьвердзіў, што роту адпраўляюць у сырыйскі горад Латакія 17 верасьня. Удакладняць плян камандзіроўкі ён адмовіўся.

Даведаўшыся, што іх адпраўляюць у Сырыю, вайскоўцы вырашылі афіцыйна адмовіцца ад камандзіроўкі, аднак у мясцовай ваеннай пракуратуры, зь іх словаў, заявы не прынялі.

Адпраўку судна адклалі. Выданьне прыводзіць фотакопіі камандзіровачных пасьведчаньняў кантрактнікаў, якія выдадзены на 30 сутак да 25 верасьня. У іх мэтай камандзіроўкі значацца «Тактычныя вучэньні і суправаджэньне грузаў».

З пачатку верасьня ў заходніх СМІ зьявіліся шматлікія паведамленьні аб нарошчваньні ваеннай прысутнасьці Расеі ў Сырыі. Масква не адмаўляе ваеннай дапамогі Дамаску, але па-ранейшаму сьцьвярджае, што яна ажыцьцяўляецца ў звыклых рамках і адпавядае заключаным яшчэ некалькі гадоў таму дамовам.

Напярэдадні кіраўнік сырыйскага МЗС Валід аль-Муалем, заявіў, што ўрад Сырыі можа зьвярнуцца да Расеі з просьбай увесьці войскі, калі ў гэтым узьнікне неабходнасьць. Аднак пакуль, паводле яго словаў, сырыйская армія здольная змагацца ў адзіночку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG