Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваю палітыку павінен зьмяняць Менск, а не Захад


Сярод шэрагу беларускіх ангельскамоўных публіцыстаў, якія спрабуюць уплываць на меркаваньне заходніх палітыкаў аб Беларусі, чамусьці прынята крытыкаваць Захад больш, чым афіцыйны Менск. Яны даносяць мэсыдж аб тым, што, маўляў, санкцыі выявіліся неэфэктыўнымі, а ізаляцыя беларускага рэжыму не дала вынікаў. Замест гэтага трэба было, напэўна, заплюшчваць вочы на палітычныя рэпрэсіі і спрабаваць мякка перавыхоўваць беларускія ўлады, назіраючы, як карнікі з «эскадронаў сьмерці» займаюцца шопінгам у Міляне і як прыдворныя алігархі зарабляюць у Эўропе грошы. Бо супраць аўтарытарных Азербайджану з Казахстанам жа санкцый няма, і гэта наўпрост прывяло да іхнай дэмакратызацыі. Хаця, пачакайце, мо апошняга тыя палітолягі і ня пішуць.

Рэчаіснасьць жа цяпер у тым, што хвалявацца і зьмяняць сваю палітыку трэба афіцыйнаму Менску, а ня Захаду.

Ужо і блізкія да ўладаў публіцысты пачалі казаць пра небясьпеку таго, што ціск з боку Расеі на Беларусь пасьля «прэзыдэнцкіх выбараў» будзе ўзмацняцца і што пытаньне пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі — відавочная правакацыя (магчыма, толькі першая), каб Менск «вызначыўся», на чыім ён баку ў цяперашнім супрацьстаяньні Расеі і Захаду.

Крэмль сьцярпеў, калі афіцыйны Менск з 90-х гадоў сабатаваў інтэграцыйныя праекты: атрымліваў выгоды, але на істотныя крокі кшталту ўвядзеньня адзінай валюты ня йшоў. Крэмль сьцярпеў, калі Менск у 2008 годзе адмовіўся прызнаваць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Сьцярпеў, калі летась Менск заняў падкрэсьлена нэўтральную пазыцыю ў крытычнай для Крамля сытуацыі пасьля далучэньня Крыму і пачатку вайны ў Данбасе (прычым, часам дазваляючы сабе і даволі празрыстыя агрэсіўныя заявы на адрас Расеі). У Крамлі доўга цярпяць, але ніколі не даруюць.

Цяпер сам А. Лукашэнка апынуўся ва ўразьлівым становішчы праз пагаршэньне стану эканомікі і адсутнасьць эканамічнай дапамогі з Масквы. А для Крамля па меры пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў самой Расеі можа спатрэбіцца яшчэ адно «маленькае і пераможнае» павелічэньне тэрыторыі з выратаваньнем братэрскага насельніцтва ад уяўнай фашыстоўскай пагрозы. Інфармацыйную падрыхтоўку да гэтага — альбо, прынамсі, «папераджальныя стрэлы» — мы ўжо бачылі.

Унутраная сытуацыя ў Беларусі спрыяльная для «крымскага» ці аналягічнага сцэнару — і ў гэтым вінаватая палітыка людзей, якія кіруюць Беларусьсю вось ужо больш за 20 гадоў. Насельніцтва Беларусі знаходзіцца пад нашмат большым уплывам шавіністычнай расейскай прапаганды, чым насельніцтва Ўкраіны знаходзілася ў часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. Беларускае войска і сілавыя структуры знаходзяцца пад недапушчальна моцным ідэалягічным і арганізацыйным уплывам Крамля, а, магчыма, часткова пад яго прамым кантролем.

Акрамя гэтага, з-за шматгадовай палітыкі менскіх уладаў Беларусь застаецца ізаляванай і малазразумелай на Захадзе краінай, якая і надалей успрымаецца многімі як натуральная частка Расеі («белая Расея»). Захад яўна ня будзе заступацца за Беларусь так, як заступаецца за Ўкраіну ці, тым больш, як заступіўся б за натаўскія балтыйскія краіны. Магчыма, што аншлюс Беларусі Захад праглынуў бы куды больш спакойна, чым анэксію Крыму. Аншлюс нават вырашыў бы для Захаду даўно набалелую праблему «апошняй дыктатуры Эўропы». Бо якая эўрапейцам розьніца, хто там кіруе «белымі расейцамі»: дыктатар Лукашэнка ці дыктатар Пуцін. А ці патрэбная беларусам іхная незалежнасьць, дык гэта справа саміх беларусаў.

Захаду розьніцы няма, а беларусам — павінна быць. У тым ліку, напэўна, А. Лукашэнку, які ў выпадку крызісу, аналягічнаму крымскаму, стане першай ахвярай.

І мяч тут на полі выключна беларускіх уладаў, а ніяк ня Захаду ці канчаткова зьнішчанай апазыцыі. Гэта афіцыйны Менск павінен больш пасьлядоўна дывэрсыфікаваць свае міжнародныя кантакты. Гэта афіцыйны Менск павінен распачаць дэмакратызацыю грамадзкага жыцьця ў Беларусі: даць волю незалежным грамадзкім арганізацыям і палітычным партыям, правесьці сумленныя дэмакратычныя выбары ў нацыянальны парлямэнт і мясцовыя саветы. Улады павінны прыйсьці да міру з дэмакратычнай апазыцыяй, спыніць на яе ціск (пагатоў, што пагрозы яна не ўяўляе) і даць ёй справядлівую магчымасьць увайсьці ў органы ўлады. Гэта ня страшна і не балюча. І гэта трэба было зрабіць даўно.

Бо цяпер можа стацца так, што лік ідзе на месяцы. А значыць, для ўсяго гэтага можа быць ужо й запозна.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG