Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адкуль Гайдукевіч і Цярэшчанка сто тысяч узялі, ня ведаю», — апытаньне ў Магілёве


«Прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду Гайдукевіч і Цярэшчанка заяўляюць, што ўжо сабралі за сваё вылучэньне больш як па 100 тысяч подпісаў — значна больш, чым канкурэнты. Ці бачылі вы на гарадзкіх вуліцах іхныя пікеты? Ці заходзілі іхныя зьбіральнікі подпісаў у ваш дом?».

Адказвалі жыхары Магілёва.

Наўпроставы лінк

— Я ня бачыў. Сто тысяч абодва? Ды наўрад ці! У нас за аднаго могуць сабраць столькі. Усё роўна абяруць на прэзыдэнцтва Лукашэнку. Тут ужо ўсё зразумела.

— Я не бачыў. Шчыра кажучы, мне гэтыя выбары... Як пры Савецкім Саюзе: для чаго, ня ясна. Вынік жа даўно вядомы. Але ўсё роўна паторгаемся і будзем за каго-небудзь галасаваць.

— Сёлета да мяне дамоў ніхто не прыходзіў зусім. Ня бачыў ніводнага пікету. Што Гайдукевіч зьбярэ неабходную колькасьць подпісаў, сумневу ў мяне няма. Яго ўвесь час рэгіструюць, і ён рэгулярна прайграе. Неабходную колькасьць подпісаў сабраў кіраўнік дзяржавы.

— Прыходзілі да мяне толькі падпісваць за Аляксандра Рыгоравіча. А астатніх я пікетаў ніякіх ня бачыў. За Аляксандра Рыгоравіча рэклямы больш і больш людзей за яго.

— Пікетаў ня бачыў. Да мяне не прыходзілі. Адкуль яны сто тысяч узялі, я ня ведаю. Лукашэнка стане прэзыдэнтам. Па-іншаму ня будзе.

— Я бачыў, у горадзе пікеты стаялі. А вось чые яны, я не цікавіўся. Для мяне адзін кандыдат — Аляксандар Рыгоравіч. Я падтрымліваю ягоную палітыку.

— Гэтых двух чалавек я ня бачыў. Я і так магу вам сказаць, хто ў нас будзе прэзыдэнтам — Лукашэнка. Альтэрнатывы яму няма.

— Не, ня бачыў. Я чытаў толькі, што Гайдукевіч сабраў сто тысяч. Гэта было некалькі дзён таму. Другой інфармацыі ў мяне няма. Яны ж усе ўдзельнічаюць. Пакуль на свабодзе, таму ўсё будзе нармальна.

— Нехта прыходзіў, але ці яны гэта былі, я ня памятаю. Пакуль у нас няма канкурэнтаў Лукашэнку. Значыць, няхай ён застаецца.

— Я пэнсіянэр, і толькі прыехаў, як гаворыцца, з фазэнды, таму я мо і прапусьціў нейкія выбарчыя моманты. Мне, аднак, здаецца, што дужа многія жадаюць, каб Рыгоравіч і далей трымаў уладу.

— Пікетаў я ня бачыў. Я пражываю на раёне — у Слаўгарадзе. Хоць Гайдукевіча я ведаю добра, але да нас ніхто не прыходзіў дамоў. Цяперашняму няма сур’ёзных канкурэнтаў.

— Пікетаў ня бачыў. Ад Лукашэнкі прыходзілі. Ад гэтых нікога не было. Я наагул да выбараў стаўлюся спакойна. Я на пэнсіі. Мне ня варта напружвацца, абы ціха было і добра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG