Прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова «Плятформа інавэйшн» ліквідаваная. Ад 16 ліпеня яна будзе выключаная з рэестру юрыдычных асобаў РБ. Аднак яе каманда мае намер надалей бараніць правы звычайных зьняволеных.
Пра гэта «Свабодзе ў турмах» паведаміла Алёна Красоўская-Касьпяровіч. Ад вясны мінулага году яна пачала кіраваць культурна-асьветніцкай установай замест Андрэя Бандарэнкі, які трапіў за краты.
Новы «Рэгіён»
Красоўская-Касьпяровіч: Стварэньне новай арганізацыі — вынік калектыўнага рашэньня. Я і мае калегі вырашылі перагарнуць старонку і пачаць усё з чыстага аркуша. Штуршком стала тое, што сёлета, недзе ў красавіку, падатковая інспэкцыя ініцыявала ліквідацыю «Плятформы інавэйшн». Тады мы і зарэгістравалі новую арганізацыю, якая называецца «Рэгіён 119». Самым бліжэйшым часам мы будзем пераходзіць на працу ад гэтага імя. Неўзабаве на гэтае імя пераедуць наш сайт ды форум. Чаму мы так называемся, мы патлумачым на новым сайце«.
Паводле спадарыні Красоўскай-Касьпяровіч, падобна «Плятформе», «Рэгіён 119» будзе аказваць падтрымку грамадзянам, якія пацярпелі ў выніку сутыкненьняў з праваахоўнай, судовай ды пэнітэнцыярнай сыстэмамі.
Кіраўніца новай арганізацыі выказала свае меркаваньні, наколькі празрыстай павінна быць дзейнасьць падобных арганізацыяў, распавяла пра дачыненьні з асуджанымі «плятформаўцамі» — былымі дырэктарам ды заснавальнікам арганізацыі, пра тое, як яна ставіцца да прэтэнзіяў, што выстаўляюць ёй апошнім часам прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, сваякі палітвязьняў ды сям’я былога паплечніка — Андрэя Бандарэнкі.
Таксама ў перадачы бяруць удзел тыя, хто падпісаў ліст 55-ці да кіраўніцтва «Плятформы інавэйшн» былыя зьняволеныя, родныя асуджаных. Некаторыя зь іх раскажуць пра свае стасункі з «Плятформай» у розныя пэрыяды яе існаваньня.
«Большасьць скандалаў — вакол дачыненьняў з Бандарэнкам»
«Свабода ў турмах»: «Плятформа» праіснавала чатыры гады. Прыблізна два з паловай зь іх — пад кіраўніцтвам Андрэя Бандарэнкі, а потым, пасьля яго арышту ды прысуду, — пад вашым. За гэты час арганізацыя нярэдка трапляла ў цэнтар скандалаў. Спачатку гэта было зьвязана з прэтэнзіямі з боку ўладаў, пад канец дзейнасьці арганізацыі за вас узялася апазыцыя. У СМІ, ня кажучы пра сацыяльныя сеткі, шмат нараканьняў ды выпадаў на ваш адрас...
Красоўская-Касьпяровіч: У нас няма часу, каб адсочваць нейкія выпады ды рэагаваць на іх... Мы досыць часта даведваемся пра іх выключна ад журналістаў, якая тэлефануюць і просяць нешта пракамэнтаваць. Тыя выпады, пра якія я ведаю — зразумела, гэта ня ўсе, — яны тычацца галоўным чынам дачыненьняў з нашым былым кіраўніком Андрэем Бандарэнкам.
«Свабода ў турмах»: Напэўна, для многіх, хто назіраў за сытуацыяй не знутры, а звонку, эвалюцыя вашых дачыненьняў з Андрэем Бандарэнкам, мінулым кіраўніком «Плятформы», выглядае цалкам нечаканай. Да яго арышту, вакол якога напластоўваецца столькі неверагодных вэрсіяў, ваша арганізацыя (Бандарэнка, Красоўская, Ліхавід) успрымалася як каманда сяброў-аднадумцаў, якія ведалі турэмныя праблемы з уласнага досьведу... Нават калі Андрэя трымалі ў СІЗА, вы штомесяц зьбіралі для яго 30-кіляграмовыя перадачы, набывалі яму розныя рэчы — адзеньне, абутак...Таксама дапамагалі яго дачцэ ды жонцы... І раптам зьявіўся такі «шкілет у шафе»...
Красоўская-Касьпяровіч: Мне б не хацелася разьвіваць глыбока гэтую тэму... Але, сапраўды, да вынясеньня прысуду мы лічылі, што абавязаныя падтрымліваць яго і ягоную сям’ю. Мы плянавалі гэта рабіць і надалей. Але, на жаль, паступова нашы стасункі пагоршыліся. У Андрэя зьявіліся беспадстаўныя прэтэнзіі лічыць свае праблемы палітычнымі, і ён хацеў, каб такую лінію праводзілі і мы. Але мы палітыкі ў ягонай сытуацыі ня ўбачылі. У выніку нашы шляхі разышліся. Мне цяпер вельмі хацелася б падзякаваць праваабаронцам «Вясны». Гэта адна зь нямногіх арганізацыяў, якая аказвала падтрымку і Андрэю, і нам увесь час, пакуль ён утрымліваўся на «Валадарцы». Наколькі я ведаю, яна працягвае і дагэтуль падтрымліваць сям’ю Андрэя. Таксама «Вясна» дапамагае і былому заснавальніку «Плятформы інавэйшн» Міхаілу Жамчужнаму, які цягам году знаходзіўся пад сьледзтвам у Віцебскім СІЗА, а ў гэтую пятніцу быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі. Адрозна ад Андрэя, зь Міхаілам мы падтрымліваем кантакт, лістуемся...
«Свабода ў турмах»: Каб паставіць кропку ў пытаньні вашых стасункаў з былым дырэктарам, закранем яшчэ такі момант. У тых лістах Бандарэнкі зь няволі, якія сёньня публікуюцца ў інтэрнэце, таксама ў заявах ягонага бацькі, ёсьць канкрэтныя прэтэнзіі да вас і да Мікіты Ліхавіда — ня толькі маральнага, але і фінансавага характару... Вы неяк зьбіраецеся адказваць на іх?
Красоўская-Касьпяровіч: Падобныя прэтэнзіі Андрэя і бацькі ляжаць у плоскасьці маралі. Ізноў жа, не хацелася б гэта абмяркоўваць. Магу сказаць толькі, што мы маем у наяўнасьці дастаткова дакумэнтаў, якія б змаглі ўсе гэтыя выпады ў наш бок прыгасіць. Але мы ня маем маральнага права публікаваць іх, бо тыя дакумэнты могуць пагоршыць цяперашнюю сытуацыю Андрэя, нават уключна з распачацьцем новай крымінальнай справы. Мы памятаем, што гэта наш былы паплечнік, зь якім мы працавалі не адзін год. І, не жадаючы пагоршыць ягоную сытуацыю, мы ня будзем агалошваць інфармацыю. На ўсе падобныя выпады ў наш бок мы вырашылі не зьвяртаць увагі.
«Свабода ў турмах»: Але вось ужо ня выпады, а зварот канкрэтны да вас, які апублікаваны на праваабарончых сайтах ды ў сацыяльных сетках. Гэты ліст падпісалі 55 чалавек, якія «патрабуюць ад кіраўніцтва „Плятформы інавэйшн“ абнародаваць свой маніторынг у месцах зьняволеньня»...
Красоўская-Касьпяровіч: Увогуле, мы ня лічым, што ад нас нехта можа чагосьці патрабаваць. Па-другое, мы ня лічым, што гэтыя 55 — прадстаўнікі нейкай грамадзянскай супольнасьці. Гэта нейкая незразумелая для нас група таварышаў, большасьць імёнаў для нас увогуле незнаёмыя. І мы нават не імкнёмся іх ведаць. Усе справаздачы, інфармацыю, усё тое, што палічым патрэбным, мы апублікуем. Але гэта будзе тады, калі палічыць патрэбным наша арганізацыя.
«Свабода ў турмах»: Сярод 55-ці — праваабаронцы, сваякі асуджаных, былыя палітвязьні. Адзін зь іх — Аляксандар Фядута. Вось што ён сказаў нашай праграме:
Фядута: «Я далучыўся да гэтага дакумэнту пасьля таго, як ён быў напісаны, я прапанаваў унесьці пэўныя свае карэктывы. Але, на жаль, мажліва, таму, што ён ужо быў апублікаваны ў інтэрнэце, унесьці іх было нельга. Але я і дагэтуль лічу, што зроблена ўсё слушна, што грамадзкасьць, якую сапраўды хвалюе сытуацыя ў турмах і калёніях Беларусі, можа запытацца: што там насамрэч адбываецца? У лісьце, наколькі я памятаю, не ідзе размова ні пра якую справаздачу. У „Плятформы“ ёсьць заснавальнікі, а таксама донары, якія фінансуюць пэўныя праграмы. Вось перад імі „Плятформа“ і мусіць трымаць справаздачу. Але паколькі ў заяве сёньняшняй кіраўніцы „Плятформы“ ідзе гаворка пра тое, у якіх умовах утрымліваюцца палітзьняволеныя, зразумела, што трэба даведацца, па-першае, — адкуль у яе такая інфармацыя? Як яна прыходзіць да такіх высноваў? І як яна наагул ажыцьцяўляе свой маніторынг? І ўсё. Сёньня нельга казаць, хлусіць яна ці гаворыць праўду. Можна толькі ветліва папытацца: як яна робіць свой маніторынг?»
Пазыцыю сп. Фядуты падзяляюць і тыя, хто не паставіў свайго подпісу пад гэтым зваротам. Валерыя Хоціна агучыла свае прэтэнзіі да сп-ні Красоўскай-Касьпяровіч раней, у тым ліку, і на нядаўнім круглым стале «Свабоды ў турмах». Жонка палітвязьня Міколы Дзядка, які апошнім часам адчувае жорсткі прэсінг з боку турэмнай адміністрацыі, лічыць, што рабіць турэмныя праблемы галоснымі — «гэта адзін з вэктараў любой праваабарончай арганізацыі». Яна згодная, што ўсе асуджаныя за кратамі павінны знаходзіцца ў роўных умовах, але той ціск, які адчуваюць на сабе палітвязьні, ігнараваць, на яе думку, нельга.
«Свабода ў турмах»: «Плятформа» адпачатку пазыцыянавала сябе як арганізацыя, якая займаецца правамі звычайных, «непалітычных» вязьняў. Адштурхоўваючыся ад словаў жонкі Міколы Дзядка — вы прынцыпова ігнаруеце сытуацыю з палітвязьнямі, адмаўляеце іх блізкім у дапамозе?
Красоўская-Касьпяровіч: Па-першае, мы ніколі не дзялілі ў «Плятформе» і не зьбіраемся дзяліць у «Рэгіёне 119» асуджаных на «палітычных» і "непалітычных«...Для нас усе асуджаныя роўныя. І ўсе праблемы любога асуджанага мы будзем вырашаць, калі мы гэта можам зрабіць. Пакуль ніводзін з сваякоў палітвязьняў не зьвяртаўся ў нашу арганізацыю, за выключэньнем адной маці аднаго палітвязьня. Гэта быў неафіцыйны зварот. Я тады параіла, што, з майго гледзішча, варта было б зрабіць, а сама зрабіла тое, што ад мяне залежала. На жаль, сытуацыя не палепшылася пасьля гэтага, і больш аніякіх зваротаў не паступала.
Дадам, што на падставе адных толькі публікацыяў у СМІ мы нічога ня робім. Нам неабходны зварот, дзе будзе дакладна патлумачана, што здарылася, з кім здарылася і хто да нас зьвяртаецца.
«„Плятформа“ дапамагала, але хачу ведаць праўду...»
«Свабода ў турмах»: Вядома, што да вас прыходзіла і працягвае прыходзіць шмат зваротаў, якія зьвязаныя зь несправядлівымі прысудамі... У свой час, напрыклад, «Плятформа» расказала пра справу асуджанага на 24 гады Раміза Мамедава і зьдзекі зь яго з боку турэмнай улады ды судовай сыстэмы. Наколькі вядома, вы працягваеце супрацоўнічаць зь сям’ёй гэтага вязьня. Аднак ягоная маці — Галіна Мамедава, што жыве ў Мінойтах Лідзкага раёну, падпісала адкрыты ліст 55-ці да кіраўніцтва «Плятформы»: Вось як яна гэта патлумачыла.
Мамедава: «У турмах за тыя дзесяць гадоў, што сядзіць за ня зьдзейсьненае забойства сваёй стрыечнай сястры мой сын, ня стала лепш. За час зьняволеньня Раміз са здаровага хлопца ператварыўся ў чалавека з букетам хранічных захворваньняў. За кратамі няма належнай мэдычнай дапамогі. Я хачу ведаць, што насамрэч там адбываецца. І Бандарэнка, і Красоўская шмат чаго добрага зрабілі для нашай сям’і. Перад тым як падпісаць гэты ліст, я сумнявалася, вырашала для сябе: ці трэба гэта рабіць. Але ўсё ж падпісалася пад лістом, бо хачу ведаць усю праўду».
Красоўская-Касьпяровіч: У нас няма нейкай крыўды на Галіну. Мы разумеем, што кожны мае права на выказваньне ўласных думак ды поглядаў. Галіна паставіла свой подпіс пад лістом. Гэта яе меркаваньне, якое ніяк не паўплывае ані на нашу працу ў сувязі са справай яе сына, ані на нашы стасункі з гэтай сям’ёй.
Гісторыя з Рамізам Мамедавым — яна ня нейкая выключная. Гэта праблема, якая выкліканая неправасуднымі выракамі. Мы займаліся гэтымі пытаньнямі ў «Плятформе», будзем працягваць займацца імі ў «Рэгіёне 119». У гэтай сувязі мы атрымліваем шмат матэрыялаў крымінальных спраў. У тым ліку, ад сваякоў расстраляных, асуджаных на пажыцьцёвае...
Пасьля прэзыдэнцкага дэкрэту, які закрануў наркатычныя артыкулы, нашы юрысты сёлета ад студзеня да чэрвеня практычна займаліся прысудамі паводле арт. 328. Цяпер колькасьць менавіта гэтых справаў стала меншай...А так зваротаў, зьвязаных з самымі рознымі парушэньнямі правоў чалавека ў праваахоўнай ды судовай сыстэме, вельмі шмат. Акрамя іх мы штодня атрымліваем шмат тэлефанаваньняў. Часам яны патрабуюць тэрміновага рэагаваньня, а таму даводзіцца «зрывацца» нават уначы. Адзін з апошніх выпадкаў — гэта званок маці, што яе непаўналетняе дзіця міліцыянты забралі з дому, падазраючы ў крадзяжы, і дапытвалі ў парушэньне законаў без прысутнасьці сацыяльнага пэдагога ды бацькоў. Мы прыехалі ў РАУС, вырашылі пытаньне, пасьля чаго мама была дапушчаная да дзіцяці.
Адсутнасьць галоснасьці як сыстэмная праблема
Міліцэйскі «беспредел» на ўласным досьведзе пару гадоў таму адчулі на сабе Ларыса Шкурко зь Ліды і два яе сыны. Гісторыя перасьледу яе сям’і цягнецца і дагэтуль. Увесь гэты час сям’я зьвяртаецца па дапамогу да «Плятформы». Цяпер разам зь юрыстамі арганізацыі жанчына хоча пачаць разгляд усіх фактаў фальсыфікацыі справы, падлогу дакумэнтаў у справе аднаго зь яе сыноў.
Шкурко: «Без людзей з„Плятформы“ я цяпер сваё жыцьцё не ўяўляю. Пад іх уплывам я сама стала дапамагаць іншым. Паглядзела, як гэта робяць у „Плятформе“, і цяпер, калі да мяне зьвяртаюцца людзі ў горадзе ці з раёну, я з задавальненьнем аказваю дапамогу, расказваю — што такое праваабарончая арганізацыя „Плятформа“, чым яна можа дапамагчы».
«Свабода ў турмах»: Пра зьдзекі з гэтай сям’і і катаваньні сыноў Ларысы Шкурко многія ўпершыню даведаліся з вашага сайту. Пры Андрэю Бандарэнку вы шмат пісалі пра розныя парушэньні правоў грамадзянаў з боку праваахоўных органаў. Сёньня мы бачым на сайце ў асноўным нейкія перадрукі. Чаму? Галоснасьць будзе ці ня будзе прыярытэтам у дзейнасьці вашай новай арганізацыі?
Красоўская-Касьпяровіч: Калі ў нейкай сытуацыі будзе неабходная галоснасьць, мы будзем надаваць справе галоснасьць. Мы чатыры гады займаемся праблемамі пэнітэнцыярнай сыстэмы і канкрэтных асуджаных. І, зыходзячы з нашага досьведу, можам сказаць: залішняя галоснасьць за кратамі не заўсёды прыносіць карысьць тым, чыя сытуацыя трапіла ў СМІ. Асабліва ў складанай сытуацыі апынаюцца тыя, хто не зьяўляецца нейкай знакавай асобай і ня мае шырокай падтрымкі ў грамадзкіх колах. У якасьці прыкладу — гісторыя зь Юрыем Лінгам, які быў удзельнікам самай першай прэсавай канфэрэнцыі «Плятформы». Цяпер ён адбывае пакараньне, і ягоная сытуацыя пасьля таго, як ён трапіў за краты, толькі пагоршылася праз тую прэсавую канфэрэнцыю.
«Свабода ў турмах»: З чым вы зьвязваеце тое, што галоснасьць у выніку шкодзіць?
Красоўская-Касьпяровіч: Гэта пазыцыя турэмнага начальства. Турэмная ўстанова — гэта вельмі закрытая тэрыторыя, а таму адміністрацыя ня хоча прыцягваць да сваёй установы нейкую ўвагу. Яны нават не зацікаўленыя ў тым, каб інфармацыя даходзіла да дэпартамэнту... Яна і не даходзіць, а калі даходзіць праз нас, у іх, адпаведна, бываюць праблемы. Горш за ўсё, калі інфармацыя трапляе ў СМІ. Тут праблемы ня толькі ў начальнікаў, але і ў вязьняў, якія яе распаўсюдзілі. Што тычыцца нас, то мы працягваем кантраляваць сытуацыю пасьля звароту ці скаргі таго ці іншага вязьня да нас... Безумоўна, адсутнасьць галоснасьці — гэта адна з сыстэмных праблемаў у пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі, якая, безумоўна, патрабуе свайго вырашэньня.
«Свабода ў турмах»: У Беларусі, акрамя былой ужо «Плятформы» і будучага «Рэгіёну 119», ёсьць нейкія падобныя арганізацыі?
Красоўская-Касьпяровіч: Мы не супрацоўнічаем зь нейкімі іншымі падобнымі арганізацыямі, у нас няма нейкіх агульных праектаў ды плянаў і, адпаведна, кантактаў. Я думаю, што ў любым выпадку, калі падобныя арганізацыі ёсьць, іх усё роўна недастаткова, бо гэта вельмі глябальнае пытаньне, якім трэба займацца, займацца і займацца.
«Акрамя сваякоў, зэкамі больш ніхто не цікавіцца»
Жыхар Магілёва Мікалай вызваліўся з калёніі некалькі гадоў таму. Пра «Плятформу» нічога ня ведае — яна на той час толькі пачынала дзейнасьць. Існавалі дэ-юрэ нейкія іншыя арганізацыі, якія нібыта дапамагалі чалавеку за кратамі. Аднак пра іхнюю дзейнасьць зэкам таксама было невядома. Адзіныя, хто больш-менш цікавіўся зьняволенымі, — гэта прадстаўнікі царквы. «Людзям на волі, акрамя сваякоў, мы ўсе абыякавыя», — кажа Мікалай. Ён лічыць, што грамадзкія арганізацыі, якія б кантралявалі сытуацыю ў турмах ды калёніях, сёньня неабходныя.
Як паказала апытаньне, якое «Свабода ў турмах» правяла на вуліцах Магілёва, для бальшыні рэспандэнтаў празрыстасьць турэмнай сыстэмы — абсалютна незразумелае паняцьце. На думку такіх людзей, дбаць пра правы асуджаных павінна адміністрацыя, а не грамадзкія ініцыятывы. Некаторыя мінакі, аднак, прызнаюць, што якраз адміністрацыя тыя правы і парушае, але як з гэтым змагацца, ня ведаюць. Наагул, правы асуджаных для людзей на волі — таксама паняцьце незразумелае. Калі пасадзілі, то якія могуць быць правы?