Калі я пачала зьбіраць фатаграфіі людзей, забітых у Срэбраніцы, заданьне спачатку выглядала як звычайная дакумэнтацыя.
Я шукала імёны, даты нараджэньня і ўсё іншае, што б дапамагло мне разабрацца ў архівах.
У пэўным сэнсе гэта было мініятурнае адлюстраваньне самой басьнійскай вайны. Усе ведалі імёны першых ахвяраў, калі Югаславія распалася і пагрузілася ў міжэтнічны хаос у 1991 годзе. Але вайна працягвалася, і празь некалькі гадоў імёны сталі лічбамі. Зьнікала чалавечнасьць, а разам зь ёю і індывідуальнасьць чалавека.
Але потым я пачала прыглядацца да твараў.
Многія зь іх нагадалі мне пра тых, каго я ведала. Я заўважыла, што большасьць фатаграфій можна было згрупаваць: бацькоў з сынамі, братоў з пляменьнікамі. Гэтыя здымкі паказвалі самую сутнасьць злачынства: бацькі гінулі, шукаючы сваіх сыноў; дзеці дарэмна чапляліся за бацькаву руку.
Мы ўсе ведаем, што на працягу некалькіх дзён у ліпені 1995 году больш за 8000 мужчын і падлеткаў былі вынішчаны ў рэгіёне, які, паводле абяцаньняў ААН, меўся быць «бясьпечнай зонай» для басьнійскіх мусульман.
Мы ведаем, што 20 гадоў таму Эўропа не стрымала свайго абяцаньня «ўжо ніколі» не дапусьціць генацыду на сваёй тэрыторыі.
Але тыя, хто загінуў на працягу гэтых 10 дзён, далей застаюцца ў ценю.
Зьбіраючы гэтыя фатаграфіі, мы ў нейкім сэнсе працуем на мінулае. Мы дапамагаем вярнуць тоеснасьці, якія вельмі часта былі зьведзены да птушачак у інвэнтарызацыйным сьпісе брацкай магілы.
За кожным з тысяч фотаздымкаў, пададзеных ніжэй, хаваецца чалавек зь гісторыяй. І з абарванай будучыняй.
Калі распавесьці гісторыю могуць фатаграфіі, то тым больш можа гэта зрабіць той факт, што так шмат іх тут не хапае. 2400 фотаздымкаў – гэта найбуйнейшая дакумэнтацыя ахвяраў Срэбраніцы, сабраная ў адным месцы, але застаюцца больш чым 5000 людзей, чыіх здымкаў тут няма.
Некаторыя зь недзяржаўных арганізацый, зь якімі я працавала над гэтым праектам, ужо мелі фатаграфіі, іншыя званілі сем’ям ахвяраў, каб дапамагчы мне сабраць іх.
Я была ў Маці Падрыньня, арганізацыі ахвяраў у Сараеве, сярод жонак, маці і дачок некаторых загінулых. Усе яны маглі даць яркую справаздачу з гэтых жудасных дзён, але не ва ўсіх іх былі фатаграфіі. У некаторых былі здымкі аднаго мёртвага сына, але не было фатаграфіі другога. У іншых былі фотаздымкі загінулых нарачоных, але зробленыя ў значна маладзейшым узросьце, чым калі яны памерлі.
Калі сілы басьнійскіх сэрбаў захапілі Срэбраніцу і яе ваколіцы, мужчыны і падлеткі прызыўнога ўзросту – некаторым зь іх было ўсяго па 14 гадоў – ратаваліся ўцёкамі, тым часам як жанчын і дзяцей сэрбы сілаю вывезьлі на аўтобусах, прымушаючы іх пакінуць за сабою ўсе ранейшае жыцьцё.
Для многіх з пазбаўленых сваіх бацькоў, мужоў і братоў жанчын, якія перажылі тую разьню, адзінай памяткай аб тых, каго яны страцілі, застаецца толькі фотаздымак.
– Джэнана Халімавіч. Ліпень 2015
ІНФАРМАЦЫЯ ПРА АЎТАРАЎ
Фатаграфіі і імёны сабрала
Джэнана Халімавіч
Дызайн старонкі:
Ян Радл
Кадаваньне:
Томас Рандус
Прадусэр:
Глен Кэйтс
Галоўнае фота:
Скот Макінтайр
Дадатковыя фатаграфіі: Мідхат Патуравіч
Асобная падзяка арганізацыям Маці Срэбраніцы, Жанчыны Срэбраніцы, Жанчыны Падрыньня, Маці Падрыньня, Руху Маці Срэбраніцы і Анклаву Жэпа, якія дапамаглі ў зборы фотаздымкаў.