Папа Рымскі Францішак заклікаў ўсталяваць адзіную фіксаваную дату Вялікадня, каб каталікі і праваслаўныя адзначалі яе ў адзін і той жа дзень, перадае РІА «Новости» са спасылкай на выданьне Il Messaggero.
Папа заявіў пра гэта, выступаючы ў базыліцы Сан-Джавані-ін-Лятэрана на сусьветным саборы сьвятароў. «Каталік і праваслаўны сустракаюцца і пытаюцца адзін аднаго: «Твой Хрыстос ужо ўваскрос? Мой у наступную нядзелю», — нагадаў Францішак анэкдот, які ілюструе наступствы розных падыходаў да вызначэньня даты галоўнага хрысьціянскага сьвята.
«Царква з часоў Паўла VI была гатовая ўсталяваць фіксаваную дату для сьвяткаваньня Вялікадня, якая б адзначалася ў адзін дзень і ў Рыме, і ў Канстантынопалі , і ў Маскве», — заявіў таксама Францішак.
Паводле пантыфіка, каталіцкая царква «гатовая адмовіцца» ад мэтаду разьліку даты Вялікадня, які выкарыстоўваецца цяпер. Вялікдзень сьвяткуецца ў першую нядзелю пасьля вясновай поўні, якая надыходзіць пасьля дня веснавога раўнадзенства. У Рымска-каталіцкай і пратэстанцкіх цэрквах дата Вялікадня разьлічваецца па грыгарыянскай пасхаліі. Паводле ўсходняй традыцыі, Вялікдзень разьлічваецца па Александрыйскай пасхаліі. Гэтым абумоўлены частыя адрозьненьні ў датах.
На аднолькавую дату Вялікдзень у каталікоў і праваслаўных выпадаў у 2010, 2011 і 2014 гадах. Сёлета каталікі адзначалі Вялікдзень 5 красавіка, а праваслаўныя — 12 красавіка. Наступным годам, калі даты супадуць, стане 2017.
У Беларусі да 1998 году Велікодныя панядзелкі — і каталіцкі, і праваслаўны — былі выхаднымі днямі. Аднак у 1998 годзе Аляксандр Лукашэнка адмяніў гэтую практыку, пакінуўшы вернікам для сьвяткавання толькі нядзелю.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1