Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова і Ўкраіна ўскладняюць расейцам знаходжаньне ў Прыднястроўі


Расейскія вайскоўцы на кантрольна-прапускным пункце міратворчых сіл. Ваду-луй-Водэ, Малдова. Архіўнае фота.
Расейскія вайскоўцы на кантрольна-прапускным пункце міратворчых сіл. Ваду-луй-Водэ, Малдова. Архіўнае фота.

25 траўня Малдова дэпартавала расейскага вайскоўца, які накіроўваўся ў непрызнанае Прыднястроўе.

Расейскае выданьне «Коммерсант» паведамляе, што Кішынэў дэпартаваў ўжо каля сотні вайскоўцаў, пачынаючы з восені 2014 году. Ці існуе сувязь паміж палітыкай Малдовы і нядаўнім рашэньнем Украіны дэнансаваць дамову з Расеяй аб транзыце яе вайсковых фармаваньняў у Прыднястроўе праз сваю тэрыторыю? Пытаньне вывучала ўкраінская служба нашага радыё.

Памежнікі кішынэўскага аэрапорту 25 траўня дэпартавалі ў Маскву чарговага расейскага вайскоўца, які накіроўваўся ў Прыднястроўе, самаабвешчаны рэгіён Малдовы. Чыноўнікі заявілі, што ён мусіў абвясьціць пра мэту свайго прыезду загадзя, аднак не зрабіў гэтага. У пятніцу 22 траўня пры падобных абставінах з Кішынэву дэпартавалі 30-гадовага расейца. Яшчэ два расейскія вайскоўцы былі дэпартаваны 14 траўня.

Як паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на ананімную крыніцу ў праваахоўных органах Малдовы, Кішынэў дэпартаваў ужо каля сотні расейцаў з кастрычніка 2014 году. Расейскі ўрад гэтую лічбу не пацьвярджае.

Афіцыйна Малдова пакуль не патлумачыла, чаму выпадкі дэпартацыі расейскіх вайскоўцаў становяцца больш частымі.

Аднак, іншая ананімная крыніца «Коммерсанта» ва ўрадзе Малдовы распавяла выданьню, што Кішынэў патрабуе ад расейскага боку паведамляць прынамсі за месяц аб прыбыцьці расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыю краіны. Гэта быццам бы зьвязана з сытуацыяй ва Ўкраіне.

Згодна з правіламі, пускаць у Малдову маюць толькі міратворцаў з Расеі, але не прадстаўнікоў рэгулярных узброеных сілаў РФ.

Інфармацыя пра гэта зьявілася ў СМІ празь некалькі дзён пасьля таго, як 21 траўня Вярхоўная Рада Ўкраіны дэнансавала пяць пагадненьняў аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве з Расеяй, сярод якіх — пагадненьне аб транзыце праз тэрыторыю Ўкраіны вайсковых фармаваньняў Расеі ў Прыднястроўе.

Такім чынам, расейцы могуць патрапіць туды толькі праз аэрапорт у Кішынэве або праз Румынію.

Выкананьне наяўных пагадненьняў

Вайсковы экспэрт кішынэўскага Інстытуту публічнай палітыкі Юрые Пынця заўважыў у гутарцы з Радыё Свабода, што пагадненьні, якія вызначаюць статус расейскіх войскаў у Прыднястроўі, былі падпісаныя яшчэ ў 1992-94 гадах, аднак да гэтага часу амаль не выконваліся.

«У самым пачатку былі нейкія спробы дамагчыся, каб камандзіры гэтых падразьдзяленьняў з Расеі, з Прыднястроўя прыяжджалі ў Кішынэў і дакладвалі аб сваім прызначэньні або вызваленьні ад пасады, давалі тлумачэньні з нагоды таго, што яны робяць на тэрыторыі Рэспублікі Малдова, які іх статус, і таму падобнае. Але гэтых спробаў было ўсё менш і менш, і паступова Кішынэвам проста сталі грэбаваць», — сказаў ён.

Паводле ацэнкі малдоўскага экспэрта, дэпартацыя расейскіх вайскоўцаў можа быць знакам таго, што Кішынэў вырашыў пачаць выконваць пагадненьне аб разьмяшчэньні расейскіх войскаў у Прыднястроўі.

З другога боку, як лічыць кіраўнік Асацыяцыі палітолягаў Малдовы Оазу Нантой, хваля дэпартацыі можа быць прыкметай асьцярогі Кішынэву наконт нацыянальнай бясьпекі.

«Гэта робіцца з улікам таго, што адбываецца ва Ўкраіне, а таксама таго, што на поўдні самой Малдовы маладыя людзі былі завэрбаваныя і адпраўляліся ў Растоў-на-Доне ў лягеры для падрыхтоўкі баевікоў, для рэалізацыі тут сцэнару, падобнага таму, які рэалізуецца на ўсходзе Ўкраіны», — сказаў Нантой.

Скаардынаваная палітыка?

Малдоўскі вайсковы экспэрт Юрые Пынця лічыць, што афіцыйны Кіеў і Кішынэў наўрад ці каардынавалі прыняцьце ўласных рашэньняў адносна Расеі.

«Гэтаму рашэньню афіцыйны Кішынэў ніяк не спрыяў. Дэнансацыя пагадненьняў — гэта, хутчэй, прыклад дзяржаўных дзеяньняў з боку Украіны, і гэты прыклад кіраўніцтву Рэспублікі Малдова ня грэх пераняць», — сказаў ён.

Затое палітычны экспэрт кіеўскага Інстытуту эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Ўладзімер Горбач лічыць, што Кіеў і Кішынэў маглі скаардынаваць сваю палітыку.

«У Малдовы няма агульнай мяжы з Расеяй, і ўсе расейскія вайскоўцы, якія служаць у Прыднястроўі, або на мяжы непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі на Днястры, могуць трапляць туды або з Украіны, або праз аэрапорт Кішынэву, таму што ў Прыднястроўя няма свайго аэрапорту. З боку Ўкраіны і Малдовы гэта такі своеасаблівы прымус кіраўніцтва Расеі да большай гнуткасьці ў пытаньнях украінска-расейскіх і малдоўска-расейскіх адносінаў», — сказаў ён.

Горбач адзначыў, што нават калі дзеяньні абедзьвюх краінаў не зьяўляецца скаардынаванымі, то Малдова ўсё роўна была б зацікаўленая ў тым, каб Украіна дэнансавала сваё пагадненьне аб транзыце з Расеяй.

«Непрадказальная» рэакцыя Расеі

Рэакцыя Масквы на апошнія дзеяньні Кіева і Кішынэву была жорсткай. Каардынатар упраўленьня генэральных інспэктараў мінабароны Расеі Юрый Якубаў заявіў, што Масква «не пакіне міратворцаў на галодным пайку», і ня выключыў, што з-за дзеяньняў Кіева «можа быць зьменены або наогул спыніцца ўвесь міратворчы фармат у Прыднястроўі».

Першы віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Рагозін, камэнтуючы рашэньне Вярхоўнай Рады, заявіў, што ўлады Ўкраіны «здрадзілі сваім грамадзянам, якія пражываюць у Прыднястроўі» і «пазбавілі сябе магчымасьці вывезьці зброю зь непрызнанай рэспублікі». Пры гэтым Рагозін адзначыў, што дэнансацыя Ўкраінай дамовы пра транзыт расейскіх вайскоўцаў у Прыднястроўе «ніякім чынам не паўплывае на ход місіі расейскіх міратворцаў».

Паводле вайсковага экспэрта кіеўскага Інстытуту эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Ігара Козія, цяпер вельмі складана прадказаць, якім можа быць адказ Расеі на блякаду яе вайскоўцаў у Прыднястроўі.

«Я магу канстатаваць толькі адно: расейская зброя і кантынгент войскаў Расейскай Фэдэрацыі там застаюцца. Як будуць разьвівацца далейшыя падзеі? Ясна, што калі Расеі трэба будзе дэстабілізаваць сытуацыю ў гэтым рэгіёне, то адназначна яна будзе выкарыстоўваць для гэтага і расейскіх вайскоўцаў, і зброю, якія там засталіся», — сказаў ён.

Батальён «міратворцаў» у Прыднястроўі складаецца з 412 чалавек, а апэратыўная групоўка расейскіх войскаў (вайсковая частка № 13962) — з прынамсі 1100 чалавек. Акрамя таго, у рэгіёне з часоў распаду СССР застаецца адзін з найбуйнейшых зброевых складоў у Эўропе. Там захоўваюцца, у прыватнасьці, сотні танкаў і бронетранспарцёраў, больш за 200 зэнітна-ракетных комплексаў і установак сыстэм залпавага агню «Град», а таксама 30 000 аўтаматаў, кулямётаў і пісталетаў.

У адрозьненьне ад «міратворчага батальёну», большую частку вайскоўцаў і тэхнічнага пэрсаналу апэратыўнай групоўкі расейскіх войскаў у Прыднястроўі складаюць мясцовыя жыхары, якія атрымалі расейскае грамадзянства. Таму на ратацыю прыяжджае досыць няшмат расейскіх вайскоўцаў, якія служаць на тэрыторыі самаабвешчанай рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG