У цэнтры Масквы на месцы забойства Барыса Нямцова невядомыя апаганілі сымбалі яго памяці, паведаміў у Твітэры паплечнік забітага апазыцыянэра Ільля Яшын.
На партрэтах Нямцова пакінутыя абразьлівыя надпісы. Разьбітая адрасная шыльда з указаньнем, што гэта «мост Нямцова». Паведамленьні пра акт вандалізму зьявіліся ў аўторак увечары у блогах і сацыяльных сетках. Да паведамленьня прыкладзены фатаздымак з чатырма жанчынамі і трыма мужчынамі, якія, па ўсёй верагоднасьці, учынілі пагром. Адказнасьць за акцыю ўзяў на сябе нейкі «вызваленчы рух SERB». Аб якой-небудзь рэакцыі праваахоўных органаў пакуль невядома.
Людзі ўжо прыбралі ўсе сьляды пагрому і прынесьлі да месца забойства Барыса Нямцова новыя кветкі і сьвечкі.
Барыс Нямцоў быў забіты ў цэнтры Масквы позна ўвечары 27 лютага. Паводле абвінавачваньня ў дачыненьні да забойства палітыка арыштаваныя пяць чалавек. Агенцтва «Росбалт» са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах паведамляе, што апэратыўнікам атрымалася адшукаць Руслана Герамеева, якога сьледзтва плянуе дапытаць у якасьці сьведкі па справе. Паводле агенцтва, ён знаходзіцца ў чачэнскай вёсцы Джалка, якую ахоўваюць узброеныя людзі. Руслан Герамееў зьяўляецца прадстаўніком уплывовай чачэнскай сям’і. Яго імя ўсплыло на допыце аднаго з абвінавачаных па справе аб забойстве Нямцова — Заура Дадаева.