Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 аграсядзібаў з традыцыйным беларускім калярытам


Аграсядзіба (фота lucynka.org)
Аграсядзіба (фота lucynka.org)

Месцы, якія больш чым «прытулак на суткі».

«Засьценак Скрыплеў»: музыка ды экскурсіі

У віленскім кірунку, на паўночным захадзе Беларусі разьмясьцілася аграсядзіба Васіля Грыня «Засьценак Скрыплеў». Хата была збудаваная не пазьней за 1939 год, і адрэстаўравалі яе самі: «Знутры яна выглядае так, як выглядала да вайны», – кажа гаспадар Васіль. Цяпер тут сьпяваюць гасьцям песьні, адзначаюць народныя сьвяты, летам катаюцца на каноэ, байдарках і роварах. На сядзібе жывуць козы і трусы, сусед мае пасеку, робіць медавуху і сам прыязны дзядзька.

Гасьцям прапануюць паглядзець прыватную калекцыю музычных інструмэнтаў і народных строяў, да- і пасьляваеннай вопраткі – галіфэ, фрэнчы, пад дзясятак кажухоў; пакаштаваць стравы беларускай кухні – каўбух, кішку-налівайку, мачанку ды іншыя; паўдзельнічаць у экскурсіі.

На пытаньне, адкуль калекцыя, хто сьпявае, хто грае, Васіль адказвае: сам і сябры. «Я не проста чалавек, які займаецца перапродажамі, я гэтым жыву», – кажа ён.

Узімку часьцей замаўляюць праграму для групаў да 15 чалавек: выезд зь Менску, дарога па маршруце Хажова – Гарадок – Дубрава, былыя мястэчкі з захаванымі помнікамі архітэктуры і гісторыі. Абед на хутары: можа быць і гусь, і карп, і шмат іншага. Людзі сядаюць за стол, іх чакаюць музыкі – гармонік, скрыпка, бубны. Гучыць народная музыка, гасьцей вучаць танцам. Гаспадары апранутыя па-хутарскому, як у даваенны пэрыяд. І саміх гасьцей (да 10 чалавек) можна пераапрануць.

Ехаць да аграсядзібы – у Валожынскі раён, за луг і тарфяное балота, да Заходняй Бярэзіны.

Фота: http://xytap.by/
Фота: http://xytap.by/

«Палескія традыцыі»: гастранамічны тур са сьпеўкамі

«Мы з мужам фэрмэры, у нас яблычны сад 8 гектараў і 4 гектары раньняй гародніны», – расказвае Ніна Главацкая, галава фэрмэрскай гаспадаркі «Алесін сад» і сядзібы «Палескія традыцыі», што ў вёсцы Андронава Кобрынскага раёну.

«Вырасьлі ў глыбінцы, і калі прыехалі сюды, то ўбачылі, што Эўропа накрыла, як цунамі: эўравокны, эўрамашыны, эўраопты, эўравопратка… Вельмі захацелася захаваць хоць крыху традыцыйнай палескай культуры».

Штогод тут ладзяць Юр’я на 6 траўня, абыходзяць зь песьнямі палі. Сьпяваюць і старэнькія месьцічы. Штогод – Каляда і Раство, калядуюць і мясцовыя дзеткі, і нават з суседніх раёнаў. Аматарам чыстай традыцыі тут будзе нагода пафыркаць – на сьвятах хрысьціянскія і традыцыйныя сьпевы зьмешваюцца, як апошнімі часамі было ў вёсках.

Фота: http://pt.1bel.by/
Фота: http://pt.1bel.by/

Калі група замовіць – запросяць музыкаў, калі 2–3 чалавекі – засьпяваюць і самі, бо зьбіраюць фальклёрныя песьні, альбо прывязуць на госьці бабу Галю, што жыве за 20 кілямэтраў. Ёй 86 год, і яна ведае 150 песень. Можна тут і вясельле згуляць.

Прапануюць палескую кухню. Рэцэпты з кніг, ад сваякоў, ад вясковых бабулек: «Гэта, канешне, няпроста, бо ежа была сьціпленькая, але – жывая», – кажа Ніна і прыгадвае хлеб і жур на заквасцы, аўсяны кісель. Таксама тут даюць хатнія кілбасы, галубцы, кашу густую, што рэжуць нажом, і брэндавыя клёцкі.

У банкетнай залі – ручнікі і самаробныя палескія хусткі. Ёсьць народная несцэнічная вопратка і пара рарытэтных гарнітураў, якія захоўваюцца як скарб.

Сядзіба прымае 16 чалавек, калі прыяжджае больш – да суседзяў. Нядаўна збудавалі сенавал. За год сядзібу наведвае 4000 чалавек: «Мэні всі просяць, шоп я говорыла на мэстному діалекті, эта мішанка ўкраінськой мові, белорускеі, польскеі і рускеі», – кажа гаспадыня.

Дарэчы, іншая вядомая «гастранамічная» сядзіба называецца «Марцінова гусь». Гаспадар – Алесь Белы, адзін з аўтараў кніга «Наша страва».

«Хутар Дудара»: інструмэнты і паперу сваімі рукамі

Хутар збудаваны ў 1924 годзе настаўнікамі. Да іх заяжджала шмат гасьцей, у тым ліку Якуб Колас. Колісь Алесь Лось дужа пасябраваў зь сям’ёй, якая наказала пасьля сьмерці прадаць дом толькі яму.

Сядзіба «Хутар Дудара» – на беразе ракі Яршоўкі, непадалёк ад старога Віленскага гасьцінца. Прасьцей – у Валожынскім раёне.

Галоўнай адметнасьцю сядзібы Алесь лічыць экамузэй музычных інструмэнтаў, дзе ладзіць канцэрты і лекцыі па іх гісторыі амаль круглы год. На Каляды – батлейка, да Масьленкі зацішша, і новая плынь гасьцей – з красавіка.

Шмат цікавяцца майстар-клясамі: як каваць, рабіць выцінанкі, сувэніры, у тым ліку птушак з саломы, інструмэнты, бываюць майстар-клясы па танцы і нават як вырабляць ручную паперу. Не забываюцца тут і пра спорт, а на замову могуць правесьці тэатралізаванае рэтра-вясельле.

Сустрэчы бываюць камэрцыйныя і некамэрцыйныя.

Летам праходзяць экскурсіі па поплаве, турыстам паказваюць зёлкі. «Вельмі багата тэмаў, і ўсё вакол адной – як мага глыбей зразумець гісторыю і культуру рэгіёну. Наша радзіма пачынаецца зь зёлак, дрэў, кветак і людзей, што побач з намі», – кажа Алесь.

На пытаньне, адкуль жа такая колькасьць заняткаў для гасьцей, Алесь тлумачыць: «Гэта тое, чаму я навучыўся за сваё даўгое жыцьцё. Мне цікава падзяліцца, каб не марнавалася ў галаве і руках».

Кошты тут усталёўваюць з арыентацыяй на даляр, але на сёньня лекцыя каштуе 75 тысяч з дарослага і 45 зь дзяцей, прадстаўленьне батлейкі – 2,2 мільёна на ўсіх. Месца пад намёт каштуе 75 тысяч за ноч.

«Хорань»: зёлкі і сырная хатка

Нарадзіўшыся тут, гаспадыня Ала Хорань з мужам выгадавалі дзяцей… і, як многія, падумалі: «Нашто нам такая вялікая хата?» А пасьля даведаліся пра агратурызм.

Рэгіён багаты на азёры, рэкі і лясы, якія займаюць тут 70% плошчы. А на сядзібе – свая гаспадарка і гарод, адкуль і кормяць гасьцей. Часам возяць на экскурсіі ў Полацак і Расоны.

Тут можна пазьбіраць зёлак, як рабіла яшчэ бабуля гаспадыні, і папіць адмысловай гарбаты. Іх часта набываюць як сувэнір. Можна набраць зёлак, а таксама ягад і грыбоў самому – гаспадыня дапаможа.

У Хораняў тры каровы, і госьці могуць убачыць, як у сырнай хатцы робіцца сапраўдны цьвёрды сыр па галяндзкай тэхналёгіі – накшталт «Гаўды».

Тата гаспадыні ўмее плесьці кашы, і іх можна альбо набыць разам з варэньнем зь лясных ягад ці гарбаткай, альбо навучыцца рабіць самому.

«Канечне, у нас сьпяваюць песьні, – кажа Ала. – Ёсьць калектыў «Крыніца» зь Янкавічаў, мы іх запрашаем». Была гаспадыня і ў экспэдыцыі зь імі, запісвалі песьні ў маленькай вёсачцы ды зьбіраюцца яшчэ.

Кормяць проста, натуральна і па сэзоне: поліўка з сушанымі грыбамі, боршч і іншыя супы, капуста квашаная, шчаўе ды халаднікі, стравы зь мясам накшталт камоў ды «мядзьведзяў». Летам гатуюць болей зь ягадамі.

Карпаратываў ня ладзяць, а для гасьцей ёсьць 4 вольныя пакоі.

«Кролава хата»: магіла Рагвалода і закінутыя вёскі Расоншчыны

Дужа калярытны дом зь бярвёнаў на беразе возера Опціна – гэта аграсядзіба «Кролава хата» на Расоншчыне. «Інтэр'ер дома складаўся з часам і кардынальна пад турыстаў не зьмяняўся. Пераважае старая і самаробная мэбля, печы і каміны, складзеныя гаспадарамі», – так апісваюць аграсядзібу ў рэкляме. Месьціцца яна ў выкупленым будынку шпіталя.

Гаспадар Аляксандар Крол кажа, што людзі сюды прыяжджаюць нібы ў госьці да гаспадароў: «…стасуюцца з намі, слухаюць гісторыі, ходзяць па ваколіцах». Пахадзіць тут ёсьць дзе – побач адна з самых высокіх гор краіны, Гвазьдзіха, і Рагнедзін курган, дзе, як кажа легенда, пахаваны Рагвалод. Гаспадары могуць правесьці краязнаўчую экскурсію.

Фота: Лянкоўскі Аляксей, rossony.com
Фота: Лянкоўскі Аляксей, rossony.com

Госьці могуць з дапамогай гаспадароў нарыхтаваць сабе лясных ягад, назьбіраць і насушыць грыбоў. І нават назапасіць садавіны – непадалёк ёсьць амаль закінутая вёска, дзе засталіся ўсе сады колішніх жыхароў. Кажуць, і сама вёска вартая, каб паглядзець. Баброў у ваколіцах больш, чым людзей.

Кормяць тут традыцыйнымі мясцовымі стравамі, «ніякай францускай кухні няма», як кажа Аляксандар. Свае тварог і сьмятана, гарбата зь зёлак, культавыя для гарадзкіх дранікі, бульба, рыба і мяса.

Фота: Лянкоўскі Аляксей, rossony.com
Фота: Лянкоўскі Аляксей, rossony.com

Народныя, вясковыя песьні ведаюць мясцовыя жанчыны, але гэта нармальна, ня ўзводзіцца ў ранг нейкай выбітнай зьявы. Запрашаюць часам фальклёрны калектыў. Ёсьць майстры, якія плятуць кошыкі, рэжуць па дрэве і могуць навучыць гэтаму гасьцей.

Гаспадары прымаюць 1–3 сям’і ці невялікую кампанію да 14 чалавек.

Ганна Валынец для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG