Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі дзяцей навучаецца ў Горадні па-беларуску?


На ўроку ў першай клясе школы №32. Фота: t-styl.info
На ўроку ў першай клясе школы №32. Фота: t-styl.info

У Горадні ў верасьні 2014 году, дзякуючы агульнай працы аддзелаў адукацыі і адміністрацыяў школ, бацькоўскага камітэту беларускіх клясаў і Таварыства беларускай мовы, упершыню ў ХХІ стагодзьдзі былі адкрыты адразу дзьве першыя беларускія клясы, дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Пра гэта паведамляе сайт «Твой стыль».

Таксама ўпершыню ў горадзе, для абодвух вучняў, якія паступілі ў 5-ую клясу гімназіі № 10, створаны ўмовы для навучаньня асноўных прадметаў па-беларуску. Для Горадні, дзе паводле перапісу насельніцтва кожны трэці лічыць роднай беларускую мову, а 23 тыс. чалавек дома на ёй размаўляюць, — 15 вучняў гэта вельмі мала.

Першыя беларускія вучні зьявіліся ў горадзе ў 2010 годзе.

СШ № 32 і СШ № 34 разьмешчаныя ў цэнтры найбуйнейшых у Горадні мікрараёнаў «Дзевятоўка» і «Вішнявец». Тут яшчэ працуе шмат настаўнікаў, якія могуць выкладаць свае прадметы і па-беларуску. Адна з настаўніц — клясная кіраўніца 1А клясы СШ № 32 Савосьціна Ларыса Казіміраўна:

«Я шмат гадоў працую ў школе, маю дастатковы прафэсійны вопыт для выкладаньня ў пачатковай школе. Сама раней навучалася ў беларускай школе, пазьней скончыла Брэсцкі ўнівэрсытэт. Намагаюся на ўроках і перапынках весьці размову з дзеткамі па-беларуску. За кароткі час вучобы некаторыя вучні, асабліва зь беларускамоўных сем’яў, навучыліся адказваць па-беларуску. Тут некалькі бацькоў нашых вучняў працуюць выкладчыкамі, для іх беларуская мова — асноўны сродак камунікацыі».

Ларыса Казіміраўна заклікае сваіх калегаў не баяцца ісьці ў беларускія клясы і дапамагаць зацікаўленым бацькам у іх стварэньні.

Дваццаць гадоў таму ў Горадні каля 80% школ былі беларускімі. Больш за 20 тысяч вучняў вучыліся на беларускай мове. Толькі ў адной школе № 32 па-беларуску вучылася некалькі соцень вучняў. Там былі і расейскія клясы. Праблем на моўнай глебе не было, бо расейскія школы таксама працавалі. Пасьля рэфэрэндуму 1995 г. аб роўным статусе расейскай мовы зь беларускай сытуацыя зьмянілася на карысьць расейскай. Бацькі, ня ўбачыўшы любові да беларускай мовы з боку кіраўніцтва, ня бачылі далейшых пэрспэктыў для сваіх дзяцей, якія на ёй вучыліся. Але нават у той цяжкі час знаходзіліся бацькі, якія пісалі заявы ў школы, каб іх дзеткі вучыліся па-беларуску.

Яны абыходзілі сотні кватэр іншых бацькоў, каб пераканаць іх далучыцца да адкрыцьця новай беларускай клясы. Бацькам прыходзілася пераадольваць розныя цяжкасьці, іх часам не разумелі, бо яны адрозьніваліся ад астатніх. Колькасьць заяваў у беларускія клясы часам даходзіла ў год да 10–15 на ўвесь горад. Заявы пісалі ў розных школах гораду, але клясы па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах так і не адкрываліся. Бацькі моцна не настойвалі, хоць мелі права згодна з Канстытуцыяй.

Толькі ў 2010 годзе, з-за прынцыповай пазыцыі бацькоў, упершыню аддзелам адукацыі была задаволена такая просьба. На наступны год іншым бацькам стала лягчэй адкрыць беларускую клясу, бо іх было больш і заявы стараліся падаваць ня ў розныя школы, а толькі ў дзьве —СШ № 32 і СШ № 34. За некалькі гадоў колькасьць дзетак, якія сталі вучыцца па-беларуску павялічылася.

Сёлета ў СШ № 32 Ленінскага раёну пачалі вучыцца ў першай клясе 9 чалавек, а ў школе № 34 Кастрычніцкага раёну — 6 чалавек. Агулам зь верасьня 2014 г. у дзьвюх школах і гімназіі Горадні пачалі вучыцца па-беларуску 26 чалавек. Таксама ў дзіцячым садку № 45 у абедзьвюх беларускіх групах вучыцца больш за 20 чалавек. Агулам у дзіцячых садках № 54 і № 45 у васьмі групах зь беларускай мовай навучаньня — 138 чалавек (паводле зьвестак аддзелу адукацыі). Уваходзячы ў каардынацыйны камітэт па папулярызацыі беларускай мовы пры аддзеле адукацыі, Таварыства беларускай мовы штогод дапамагае ствараць беларускія клясы пры актыўным удзеле самых бацькоў і адміністрацый школ.

У сваім звароце да чытачоў аўтары матэрыялу на сайце «Твой стыль» пішуць:

«Калі Вы сапраўды хочаце, каб Вашыя дзеткі ведалі нароўні з расейскай і беларускую мову — Вы маеце рэальную магчымасьць гэта зрабіць, напісаўшы заяву ў першую беларускую клясу. Аддзелы адукацыі, бацькі зь беларускіх клясаў, сябры ТБМ гатовы вам дапамагчы ў стварэньні беларускай групы ў дзіцячым садку, клясы ў школе. Чым больш будзе жадаючых вучыцца па-беларуску, тым больш будзе ўвагі і павагі Міністэрства адукацыі і нашых суседзяў да беларускай мовы і беларусаў. Навучаючы дзіця ў беларускай клясе вы адпавядаеце імпэратыву сучаснасьці і не губляеце расейскай мовы. Вашыя пытаньні і прапановы можна даслаць на адрас: tbm.garodnia@tut.by».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG