Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская мытня мае ўзмацніць кантроль на мяжы зь Беларусьсю


Як паведамляе БелаПАН, пасьля зьніжэньня транспартных патокаў з расейскага Калінінграду Мытны дэпартамэнт Літоўскай Рэспублікі абяцае больш увагі надаваць беларускай мяжы.

«Мытны дэпартамэнт, які летась увёў парадак дэкларацыі гаручага ў баках пры ўезьдзе машын з трэціх краін, не спыняецца: цяпер думаюць, як яшчэ спыніць патрапленьне кантрабандных тавараў у Літву», — паведамляе інтэрнэт партал ru.delfi.lt.

Намесьнік генэральнага дырэктара Мытнага дэпартамэнту Вігантас Пайгозінас пасля сустрэчы з прэм`ер-міністрам Літвы Альгірдасам Буткявічусам сказаў, што сёлета спрабуюць захаваць кантроль гаручага на тым жа ўзроўні.

Прадстаўнік мытні таксама інфармаваў, што гасьцей, якія прыяжджаюць з трэціх краін, чакае яшчэ адна навінка. «Зь 1 траўня абмяжуюць мытныя і падатковыя льготы для асоб, якія прыяжджаюць з трэціх краін — іх паменшаць у 3 разы», — сказаў Пайгозінас. Паводле яго слоў, калі акцызныя і камэрцыйныя тавары будуць увозіць часьцей за тры разы на месяц, то яны будуць абкладацца падаткамі.

Паводле слоў прадстаўніка мытні, сёлета працаўнікі мытні ўсю ўвагу будуць надаваць мяжы зь Беларусьсю. «Гэта так ці інакш абумоўлена адным з суседзяў: з Калінінградзкай вобласьці моцна скараціліся патокі транспарту, ёсьць праблемы з павышаным кантролем літоўскіх машын. Паменшыліся патокі як паліва, так і цыгарэт, таму стала большай верагоднасьць завозу цыгарэт з Беларусі, — сказаў Пайгозінас. — Гэта ўмоўна, бо ніхто ня можа сказаць, як зьменіцца сытуацыя і ў гэтым рэгіёне».​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG