Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Шарамет, адзін зь легендарных Міронаў, які памёр як Сакрат


Міхал Шарамет
Міхал Шарамет

27.2.1982, Менск — 21.4.2013, бераг возера Глубля, Мядзельскі раён. Пахаваны на могілках у в. Захарычы, Менскі раён.

27.2.1982, Менск — 21.4.2013, бераг возера Глубля, Мядзельскі раён. Пахаваны на могілках у в. Захарычы, Менскі раён.

Адно з маіх наймацнейшых уражаньняў ад летніх вандровак па Беларусі зьвязанае зь лясным прынарачанскім возерам Глубля. Мы ішлі па беразе, і раптам побач са сьцежкаю сярод папараці вырас камень з словамі, што паведамлялі вусьцішную зьвестку: на гэтым месцы, атруціўшыся цыкутай, памёр зусім малады хлопец Міхал. Надпіс на незвычайным помніку зьвяртаўся да падарожнікаў: «Памаліцеся за яго і беражыце сябе».

На мяне павеяла антычнасьцю і больш блізкай, сваёй гісторыяй — згадаўся сыход Сакрата і запаветы вальнадумцаў Каспара Бекеша і Казімера Лышчынскага.

Але я ведаў і гэтае імя — Міхал Шарамет.

Я памятаў Міхала на чале маладафронтаўскай дружыны.

Ён стварыў вайскова-патрыятычую арганізацыю «Ваяр», якая сталася спадкаеміцай «Краю» і з канца 1990-х да сярэдзіны 2000-х абараняла моладзь на масавых акцыях.

Колішні кіраўнік Маладога Фронту Павал Севярынец распавядае, што Шарамет быў сапраўдным прафэсіяналам: выдатна ладзіў летнікі, вышкалы з палосамі перашкодаў, спартовыя турніры... Іншага ягонага паплечніка — Сержука Бахуна ўражвала высокая Міхалава эрудыцыя, асабліва ў гісторыі і мове. Кажуць, Шарамет пасьпяхова замяняў кампутарную праверку правапісу: глянуўшы на беларускамоўны тэкст, адразу лавіў усе артаграфічныя і стылёвыя памылкі.

Міхал займаўся прамысловым альпінізмам, гэта значыць, выконваў заданьні на вышыні.У свой час ён працаваў у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў. Ня раз выносіў людзей з полымя, але не любіў гаварыць пра гэта.

Калегі-ратавальнікі не здагадваліся, што побач зь імі выяжджае на выклікі адзін зь легендарных няўлоўных Міронаў, якія ўздымалі нацыянальныя сьцягі ў самых, здавалася б, недаступных месцах.

Выратаваўшы многіх іншых, Шарамет ня змог уратавацца сам...

Ён быў зь сябрамі ў паходзе на байдарках. Прыхільнік мэтадаў экстрэмальнага выжываньня, Міхал заўсёды шукаў ядомыя расьліны. У ручаіне ўбачыў некалькі каранёў, якія здаліся яму знаёмым вадзяным тапінамбурам.

Праз гадзіну яго беларускае сэрца спынілася.

Краіну, дзеля якой ён жыў, павінен убачыць Міхалаў сын Алесь.

XS
SM
MD
LG