9.2.1930, Менск — 13.2.2009, Менск. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.
У лютым 1943-га, у трынаццаць гадоў, ён пайшоў у партызанскі лес.
Мне ўяўляецца, што своеасаблівым партызанам Валянцін Тарас заставаўся ўсё жыцьцё.
І тады, калі працаваў у часопісе «Нёман», адкуль мусіў у 1968 годзе звольніцца «па ўласным жаданьні», а насамрэч па жаданьні КДБ, які ў той час займаўся справаю Валянцінавай прыяцелькі пісьменьніцы Лідзіі Вакулоўскай, на кватэры якой зьбіраліся дысыдэнты-інтэлектуалы. І тады, калі Тараса доўгімі гадамі не друкавалі ў БССР, не здымалі фільмаў паводле ягоных сцэнараў, не дазвалялі паехаць за мяжу да блізкіх сваякоў, адшуканых толькі празь сямнаццаць гадоў пасьля вайны.
І тады, калі ў брэжнеўскі застой пераклаў разам з Карласам Шэрманам раман Габрыэля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха».
І ўжо ў новыя часы, калі спадар Валянцін працаваў у Беларускім Гэльсынскім камітэце і ў кіраўніцтве зачыненага ў другой палове 1990-х Беларускага фонду Сораса, калі стаў адным з стваральнікаў Хартыі-1997.
Да апошніх дзён Тарас заставаўся намесьнікам старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру і — зь бясцэнным жыцьцёвым досьведам і мудрасьцю — быў там бясспрэчным маральным аўтарытэтам. Памятаю, купка досыць вядомых айчынных пісьменьнікаў, паквапіўшыся на вялікі ганарар і, вядома, не афішуючы сваёй натхнёнай дзейнасьці, пераклала на замову амбасады Туркмэніі кнігу тамтэйшага дыктатара Ніязава «Рухнама», якую ледзь не на памяць мусіў ведаць кожны яго падданы. Сярод «перакладчыкаў з туркмэнскай» апынуўся і адзін зь сябраў ПЭНу. На паседжаньні Рады прагучала рашучая прапанова выключыць калегу за маральную непераборлівасьць. Валянцін Яфімавіч ня менш рашуча выступіў супраць. «У гэтага чалавека, — сказаў ён, — засталося сумленьне. Вось яно няхай і судзіць „перакладчыка“, а мы папросім пры нагодзе правесьці для нас прэзэнтацыю».
Валянцін Тарас пакінуў багатую літаратурную спадчыну, у якой шматлікія кнігі прозы і паэзіі, пераклады беларускай клясыкі, экранізаваныя сцэнары (у тым ліку фільмы пра Максіма Багдановіча, Пімена Панчанку, Рыгора Барадуліна), таленавітыя публіцыстычныя артыкулы. Асабіста для мяне галоўная ягоная кніга — выдадзеныя ў бібліятэцы «Нашай Нівы» мэмуары «На высьпе ўспамінаў» — сумленныя і дасьціпныя, без уздыманьня самога сябе на катурны, сагрэтыя гумарам і падсьвечаныя філязафічнасьцю.
А яшчэ — менавіта яму Васіль Быкаў даверыў перакласьці на расейскую мову сваю знакамітую кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому».
Аднадумцам, сябрам і паплечнікам Валянціна Тараса быў сын Віталь — журналіст і публіцыст, ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча, супрацоўнік Радыё Свабода і газэты «Наша Ніва», на старонках якой ён, ужо безнадзейна хворы, амаль да астатняга дня друкаваў бліскучыя артыкулы.
Адразу пасьля Віталевага сыходу адбыўся дзікі выпадак, ад якога скалануліся ўсе яго родныя і блізкія. Склаўшы паперу пра тое, што прычынаю сьмерці сталася анкалягічнае захворваньне, супрацоўнік міліцыі, нягледзячы на пратэсты сваякоў, зьняў у нябожчыка адбіткі пальцаў. Усе спробы даведацца ў гарадзкім упраўленьні ўнутраных спраў, у чым сэнс працэдуры дактыляскапіі ў выпадку натуральнай сьмерці і чым гэтыя дзеяньні рэглямэнтуюцца, скончыліся марна.
Сын перажыў бацьку ўсяго на два гады. Той яшчэ пасьпеў прачытаць Віталёву кнігу эсэ «Звыклае зло», дзе, як зазначыў аўтар прадмовы Сяргей Дубавец, «ты кожны раз пераконваесься, што дабро і зло, белае і чорнае, сьвятло і цемра ў гэтым сьвеце хоць і зьмянілі свой выгляд, але ў сутнасьці засталіся ранейшымі».
Мяне не пакідае надзея — можа, літаратурную дынастыю Тарасаў працягне сын Віталя Антось?