Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Конан, філёзаф, які прыручыў Вечнасьць


Уладзімер Конан
Уладзімер Конан

23.4.1934, в. Вераскава, цяпер Наваградзкі раён — 6.6.2011, Менск. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.

Некалькі гадоў мы жылі са спадаром Уладзімерам у суседніх дамах менскай Серабранкі. Зрэдку сустракаліся на вечаровых прагулянках, і да нас далучалася «дама» — прыручаная ім (неверагодная рэч!) гарадзкая куніца.

Побач зь ім я зазвычай адчуваў лёгкі вусьціш: маім суразмоўцам быў чалавек фантастычных ведаў і фантастычнага складу розуму.

Нібыта легендарны Гільгамеш, ён сілаю сваёй заўсёды маладой думкі ўздымаўся зь серабранкаўскай кватэры ў касьмічныя вышыні, вызначаючы адтуль месца Беларусі ў прасторы і часе.

У той прадзьмутай усімі вятрамі аднапакаёўцы на ягоным апошнім паверсе самага высокага серабранкаўскага шматпавярховіка пад кілішак зусім зямнога напою — айчыннага джыну «Ведрыч» з даўніх прафэсарскіх запасаў — мне была прачытаная не адна лекцыя зь філязофіі, літаратуразнаўства, гісторыі. Калі гаспадар замаўкаў, я мэтафізычна і фізычна адчуваў, што над намі — толькі неба.

Вяртаючыся дадому, я пракручваў у памяці пачутае яшчэ раз, доўга шпацыраваў па набярэжнай нашага каналу — натхняўся, рыхтаваўся да бяссоннай ночы за пісьмовым сталом. Часам сустракаў у двары іншага суседа, сяржанта спэцназу, які неяк пахваліўся, што заробак у яго большы, чым у гэтага дзівака-прафэсара.

На той час Конан працаваў загадчыкам аддзелу ў Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Ф. Скарыны. Там сабралася цэлае сузор’е бліскучых дасьледчыкаў і сапраўдных асьветнікаў, што ўрэшце, у новай палітычнай сытуацыі другой паловы 1990-х, і прадвызначыла лёс цэнтру. Ён быў зьнішчаны, хоць у іншых умовах меў бы магчымасьць ператварыцца ў Інстытут Беларусі з сваімі прадстаўніцтвамі ў іншых краінах — накшталт добра вядомых нам Польскага інстытуту альбо Інстытуту Гётэ.

Конан ня стаў ні акадэмікам, ні членам-карэспандэнтам. Але я ўяўляю, колькі гэтых самых членаў пякуча зайздросьцілі ягоным манаграфіям і тысячам энцыкляпэдычных артыкулаў!

Вазьміце ў рукі, да прыкладу, выдадзеную яшчэ ў 1976-м кніжку Ўладзімера Конана пра нашага выбітнага літаратурнага крытыка Адама Бабарэку.

У сваім разьвітальным слове пасьля канчатковага сыходу вучонага ў захмарныя вышыні ягоны малодшы калега Валянцін Акудовіч сказаў, што, прачытаўшы менавіта тую кніжыцу, ён яшчэ за савецкай уладай зразумеў: «Няма іншага часу, акрамя таго, які выбіраеш для сябе сам. І Конан, беларускі Дон Кіхот, абраў сабе час духу, у якім застанецца навечна».

Ён сапраўды там, у беларускай Вечнасьці.

XS
SM
MD
LG