Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эбола ў 2014 годзе была не адзінай дрэннай навіной у галіне здароўя


Эпідэмія сьмяротнага віруса эбола, таксама як і яго адкрыцьцё амаль чатыры дзесяцігодзьдзі таму, дамінавалі ў загалоўках па ўсім сьвеце ў 2014 годзе. Больш за 18 000 чалавек у васьмі краінах захварэлі сёлета на ліхаманку, выкліканую гэтым вірусам, у выніку чаго больш за 6000 чалавек памерлі. Гэтую статыстыку вядзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ).

Тры краіны ў Заходняй Афрыцы вынесьлі на на сабе асноўны цяжар эпідэміі — Гвінэя, Лібэрыя і Сьера-Леонэ.

Але ліхаманка эбола ня стала адзінай дрэннай навіной для чалавецтва ў галіне здароўя за мінулы год. У мінулым годзе таксама мелі месца некалькі ўсплёскаў іншых інфэкцыйных хваробаў, якія, у адрозьненьне ад ліхаманкі эбола, могуць быць папярэджаныя з дапамогай вакцын.

Апрача гэтага, 2014 год прынёс і добрыя навіны на фронце здароўя. Сярод іх прарыў у лячэньні гепатыту С і выкарыстаньне фэкаліяў ў якасьці патэнцыйнага сродку лячэньня бактэрыяльных інфэкцый.

Вось некаторыя з ключавых мэдычных праблем і дасягненьняў 2014 году.

Эбола

Ўспышка ліхаманкі эбола паразіла Гвінэю, Лібэрыю і Сьера-Леонэ асабліва цяжка збольшага таму, што мэдычнае абслугоўваньне ў гэтых краінах «вельмі слабое,» сказаў Нік Бічынг, старэйшы выкладчык і лекар-кансультант у лівэрпульскай школе трапічнай мэдыцыны ў Ангельшчыне. Паводле Бічынга, сваю ролю адыгрываюць і страхі сярод мясцовага насельніцтва, якое не заўсёды зацікаўленае ў праходжаньні карантыну:

«У такіх краінах, як Гвінэя, Лібэрыя і Сьера-Леонэ аказаньне мэдычных паслугаў вельмі расьцягваецца ў часе, а таксама ёсьць шмат страху сярод мясцовага насельніцтва, якое не заўсёды згаджаецца быць у карантыне... Эбола распаўсюджваецца праз прамы кантакт з вадкасьцямі арганізму, у той час як такія вірусы, як сьвіны грып і атыповая пнэўманія, успышкі якіх фіксаваліся ў апошнія гады, распаўсюджваюцца праз паветра».

Перадача віруса эбола таксама можа адбыцца пры ўжываньні ў ежу дзікіх жывёл, інфікаваных вірусам або пры непасрэдным кантакце з інфікаванымі паверхнямі. Але, паводле мэдыкаў, традыцыйныя афрыканскія рэлігійныя абрады з трупамі таксама адыгралі сваю ролю ў эпідэміі ліхаманкі эбола. Менавіта з пахаваньнем целаў ахвяр віруса эбола, паводле дадзеных СААЗ, было зьвязана 20 працэнтаў ад агульнага аб’ёму інфікаваньняў у 2014 годзе. Вірус застаецца жывым у мёртвым целе, і практыка пахаваньня з дотыкамі да мерцьвяка або мыцьцё заражанага трупа можа спрыяць перадачы хваробы.

Прадстаўнікі СААЗ з аптымізмам адзначылі, што на пачатак сьнежня больш за 70 адсоткаў ахвяраў ліхаманкі эбола былі пахаваныя бясьпечным спосабам.

Заходняя Афрыка стала найбольш пацярпелым рэгіёнам ад ліхаманкі эбола ў сьвеце. Але хвароба выклікала страх ва ўсім сьвеце. Некалькі амэрыканскіх штатаў увялі абавязковы карантын мэдычных працаўнікоў, якія былі ў кантакце з хворымі на ліхаманку эбола. Гэты крок выходзіў за рамкі фэдэральнай палітыкі Злучаных Штатаў і выклікаў рэзкую крытыку з боку экспэртаў у галіне грамадзкай аховы здароўя.

Глябальная сьмяротнасьць ад зарэгістраваных выпадкаў ліхаманкі эбола ў 2014 годзе, адпаведна з апошнімі зьвесткамі СААЗ, склала крыху больш за 35 адсоткаў. Аднак сярод тых, хто лячыўся ў Злучаных Штатах, сьмяротнасьць склала 20 адсоткаў, бо з 10 хворых амэрыканцаў памерлі два чалавекі, якія заразіліся вірусам падчас знаходжаньня ў Заходняй Афрыцы.

«Экстраардынарная падзея»

Успышкі іншых інфэкцыйных хваробаў, для якіх вакцыны ўжо даўно існуюць, мелі ў 2014 годзе месца як у разьвітых, гэтак і ў разьвіцьцёвых краінах.

У ЗША, паводле дадзеных амэрыканскага Цэнтру па кантролі і прафіляктыцы хваробаў, выпадкі захворваньня на адзёр дасягнулі ў 2014 годзе максымуму за апошнія 20 гадоў. Гэта зьвязана з прытокам у Злучаныя Штаты раней не вакцынаваных людзей, якія прынесьлі вірус ды інфікавалі іншых.

СААЗ папярэджвае, што намаганьні па ліквідацыі гэтай хваробы зайшлі ў тупік праз адсутнасьць прагрэсу ў павелічэньні ахопу вакцынацыяй. У лістападзе, СААЗ паведаміла, што колькасьць сьмерцяў ад адру ва ўсім сьвеце павялічылася — да 145 700 чалавек у 2013 годзе ў параўнаньні з 122 000 чалавек на год раней.

Распаўсюджаньне поліяміэліту ў 2014 годзе, паводле СААЗ, сталася «экстраардынарнаю падзеяй». За год было зарэгістравана 306 выпадкаў, пры гэтым 260 зь іх у Пакістане. Вірус, распаўсюджаньне якога можна прадухіліць шляхам імунізацыі, можа прывесьці да пажыцьцёвага паралічу.

Пакістанскія чыноўнікі зьвязваюць усплёск поліяміэліту са справай пакістанскага лекара, які абвінавачваецца ў выкарыстаньні фальшывай праграмы вакцынацыі супраць гепатыту B для пацьверджаньня месцазнаходжаньня лідэра Аль-Кайды Усамы бін Лядэна, які быў забіты ў траўні 2011 году падчас рэйду амэрыканскага спэцназу ў пакістанскі гарнізонны горад Абатабад.

Талібы ў Пакістане забаранілі прышчэпкі супраць поліяміэліту і пачалі нападаць на брыгады мэдыкаў, якія займаліся вакцынацыяй, абвінавачваючы іх у шпіёнскай дзейнасьці на карысьць Злучаных Штатаў. Белы дом заявіў у траўні, што ЦРУ ня будзе выкарыстоўваць фальшывыя праграмы вакцынацыі ў якасьці прыкрыцьця для шпіянажу.

У 2014 годзе на Блізкім Усходзе быў зафіксаваны ўсплёск так званага рэсьпіраторнага сындрому — хваробы, якая выклікае пнэўманію і ад якой няма ні вакцыны, ні нават мэтадаў лячэньня. Цэнтар успышкі быў зафіксаваны ў Савудаўскай Арабіі. Мяркуецца, што гэтая хвароба паходзіць ад вярблюдаў, і кантакт з жывёламі разглядаецца як фактар рызыкі.

Некаторыя ахвяры гэтага сындрому, аднак, ня мелі кантактаў з вярблюдамі.

Заходняе паўшар’е за мінулы год таксама пацярпела ад усплёску чыкунгуньі або арбавіруса. Гэта хвароба, выкліканая ўкусамі камароў. У 2014 годзе СААЗ зарэгістравана больш 776.000 выпадкаў захворваньня ў Карыбскім басэйне з пачатковай успышкай на францускім востраве Сэн-Мартэн. Мэдыкі запісалі 152 сьмерці на рахунак гэтай хваробы, якая звычайна праяўляецца ў Афрыцы і Азіі. Пакуль яшчэ няма вакцыны або агульнапрынятага мэтаду лячэньня.

Новыя мэтады лячэньня

У 2014 годзе зьявіліся два новыя прэпараты для лячэньні гепатыту С, якія ўжо называюць прарывам у мэдыцыне. Але абодва яны вельмі дарагія. Лек Sovaldi, які каштуе 84 тысячы даляраў для поўнага курсу лячэньня, быў ухвалены амэрыканскай Адміністрацыяй па кантролі за якасьцю ежы і лекаў (FDA) ў сьнежні мінулага году. Другі прэпарат, Harvoni, быў зацьверджаны ў ЗША кастрычніку, яго цана складае 94 тысячы даляраў. Цэны выклікалі спалох сярод прыватных і грамадзкіх страхоўшчыкаў, але прэпараты маюць менш пабочных эфэктаў, большую эфэктыўнасьць і больш кароткі цыкл лячэньня ў параўнаньні са старымі лекамі.

Яшчэ адзін прарыў году — таблеткі пад назвай «Poop pills», якія могуць быць выкарыстаныя для лячэньня цяжкіх бактэрыяльных інфэкцый шляхам увядзеньня карысных для кішэчніка мікробаў ад іншага чалавека.

У дасьледаваньні, праведзеным у Масачусэцкім грамадзкім шпіталі, 15 таблетак замарожаных фэкаліяў чалавека, прынятыя на працягу двух дзён, вылечылі 14 з 20 пацыентаў, якія пакутуюць ад бактэрыі пад назвай Constridium difficile, якая выклікае дыярэю і можа прывесьці да сур’ёзных кішэчных праблемаў.

Паводле вынікаў дасьледаваньня, якія былі апублікаваныя ў лістападзе, яшчэ чатыры пацыенты былі вылечаныя пасьля паўтарэньня курсу лячэньня.

Многім такая форма лячэньня — таблеткі з фэкаліяў — здаецца вельмі непрывабнай, але гэта больш просты і менш інвазійны мэтад, чым фэкальныя трансплянтацыі ў страўнік, каб зьмясьціць туды карысныя бактэрыі.

Зьвяртайце ўвагу на вугляводы, а не на тлушч Дасьледаваньні, праведзеныя ў 2014 годзе, выявілі новыя дадзеныя аб дыетах і ўжываньні алькаголю.

Апублікаваныя ў лютым у мэдычным часопісе «JAMA Internal Medicine» дасьледаваньні выявілі, што амэрыканцы, якія спажывалі больш за 25 адсоткаў сваіх калёрый з цукру, маюць амаль у тры разы больш шанцаў памерці ад сардэчна-судзiнных захворваньняў, чым тыя, чыё спажываньне калёрый складалася зь менш чым 10 працэнтаў цукру.

Падчас гадавога дасьледаваньня, якое фінансуецца амэрыканскім Нацыянальным інстытутам аховы здароўя і было апублікаванае ў верасьні, між тым, было ўстаноўлена, што нізкавугляводная дыета была больш эфэктыўнай для зьніжэньня вагі і памяншэньня рызыкі сардэчна-судзінных хваробаў, чым дыета зь нізкім утрыманьнем тлушчаў.

І наконт алькаголю. Амэрыканскі цэнтар кантролю і папярэджаньня хваробаў (CDC) апублікаваў у лістападзе справаздачу, зь якой вынікае, што 90 працэнтаў тых, хто ўжывае алькаголь, ня маюць алькагольнай залежнасьці. Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што яго вынікі могуць зьмяніць парадыгму для вырашэньня праблемы лячэньня алькагольнай і наркатычнай залежнасьці і зьніжэньня шкоды ад іх.

XS
SM
MD
LG