Вядомы блогер Яўген Ліпковіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды прызначэньне старшынём Менскага гарвыканкаму Андрэя Шораца і звальненьне Мікалая Ладуцькі.
«Ладуцька ў нас быў прадстаўніком нашага прамыслова-грамадзянскага будаўніцтва. А Шорац — гэта ЖКГ. То бок раней горад імкнуўся зарабляць на прамыслова-грамадзянскім будаўніцтве, гандлюючы ўчасткамі. А гэта дзіка карумпаваная сфэра і не толькі ў Менску, гэта ва ўсім сьвеце так. Усюды шалёная карупцыя. А Шорац гэта нібы іншы накірунак — ЖКГ. А гэта, як у нас кажуць, датацыйная сфэра. Дзяржава, як у нас кажуць. датуе ЖКГ. Ён, відаць, будзе імкнуцца справіцца з гэтай сытуацыяй. Гэта будзе спроба паменшыць сацыяльны выбух пры памяншэньні дзяржаўнага датаваньня ў сфэры ЖКГ. Дзяржаве патрэбныя грошы, а зарабіць на будаўніцтве ўжо, відаць, немагчыма, бо рынак стагнуе».
Карэспандэнт: «Як вы думаеце, для Шораца гэта падвышэньне ці паніжэньня ў ягонай кар’еры?»
Ліпковіч: «Якое падвышэньне?! Наступнае ў іх гэта сьценка. Я ведаю, што Ладуцьку мяркуюць накіраваць паслом у Казахстан.
Я вось жыву ў прыватным сэктары. У нас вываз сьмецьця перадалі ў прыватныя фірмы і вываз адразу падаражаў ў два разы. Прычым гэта манаполія. У Расеі гэта вялізны бізнэс. Ва ўсім сьвеце вываз сьмецьця гэта мафія. Я думаю, у нас гэта тое ж самае. Мафія ЖКГ пацясьніла будаўнічую мафію. А сфэра ЖКГ будзе прыватызавацца».
Карэспандэнт: «Ладуцька прыйшоў на сваю пасаду з пасады намесьніка мэра, а Шорац нібыта чалавек збоку...»
Ліпковіч: «Дом Чыжа пры Ладуцьку пабудавалі. Гэта што, дасягненьне? Зьнявечылі горад, што на яго глядзець немагчыма. Шорацу можна паверыць, калі ён зьнясе дом Чыжа. І такіх дамоў у нас некалькі, але гэты ў цэнтры горада. Я ўжо не кажу пра «Кемпінскі». Яны зь Менка зрабілі вёску, у якой па непаразуменьні стаіць «Кемпінскі». Канечне, гэта малады экс-міністар, павінна прыйсьці маладое пакаленьне. Але галоўны ньюсмэйкер жа не мяняецца».