Чаму на шэсьце з нагоды Дзядоў прыходзіць усё менш удзельнікаў? Што трэба адзначаць — сямейнае і рэлігійнае сьвята альбо ушаноўваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў? Ці варта зьменіць фармат адзначэньне Дзядоў у Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў
Цыганкоў: Адзначэньня Дзядоў у Беларусі заўсёды мела элемэнт пэўнай дваістасьці. З аднаго боку, гэты дзень памінаньня продкаў, сямейны і рэлігійны дзень, зь іншага — ад 1989-га году — адзначэньне гэтага ў Беларусі мае палітычную традыцыю. Апошнія гады на шэсьце з нагоды Дзядоў прыходзіць зусім ня шмат людзей, 2 лістапада ў шэсьце прымалі ўдзел каля 400 чалавек. Што можна зрабіць з фарматам, каб у ім бралі ўдзел больш людзей?
Чавусаў: Можна сказаць, што ў незалежнай Беларусі адзначэньне Дзядоў як дня памінаньня продкаў было адроджанае. У гэтым сэнсе Беларусь знаходзіцца ў рэчышчы агульных традыцыяў рэгіёну — нашы суседзі ў Польшчы, Літве гэты дзень адзначаюць. Дастаткова пагялдзець і на беларускія могілкі ў гэты дзень, каб пабачыць, што на ўзроўні рэлігійнага і сяменага сьвята гэта традыцыя адроджаная.
Што датычыць традыцыя адзначэньня Дзядоў як палітычнай даты, зьвязанай перш за ўсё з ахвярамі рэпрэсіяў савецкага часу — то мы бачым відавочнае памяншэньне значнасьці гэтай даты. З аднаго боку, на масавае шэсьце прыходзіць ня так шмат народу. Зь іншага боку, зьявіліся новыя знакавыя даты, прымеркаваныя і да сучасных палітычных вязьняў.
Мне здаецца, стаўленьне да масавых акцыяў у беларускім грамадзтве залежыць ад таго, ці ёсьць нейкі палітычны кантэкст гэтых акцыяў. Падчас выбарчых кампаніяў, калі зьяўляецца нейкая актыўнасьць, драйв — колькасьць удзельнікаў палітычных акцыяў павялічваецца. У гэтым сэнсе Дзяды, якія праводзяцца традыцыйна па-за межамі выбарчага календара, і да таго ж зьвязаныя з дзейнасьцю палітычнай партыі, якая выступае катэгарычна супраць любога удзелу ў выбарчым працэсе — яны, канешне, ня ёсьць кропкай мабілізацыі грамадзтва да ўдзелу ў масавых акцыях?
Цыганкоў: Ці варта тады зьменіць фармат адзначэньне Дзядоў у Беларусі? Аддзяліць два гэтых розныя значэньні — рэлігійна-сямейнае ад палітычнага? І пакінуць палітычную форму пакінуць для нейкіх іншых дзён і нагодаў?
Чавусаў: Ня думаю, што гэта мае сэнс. Бо і традыцыя палітычнай даты ў календары таксама ўжо ўсталявалася, і разбураць гэта няма патрэба. Варта напаўняць яе новым сэнсам. Але часам і жыцьцё само напаўняе яе новым зьместам, — калі, напрыклад, была пагроза руйнаваньня народнага мэмарыялу ў Курапатах. Ня так шмат у нас знакавых палітычных датаў, каб ад нейкіх зь іх адмаўляцца.