Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх зямель некалі належала Беларусі

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка праводзіць прэсавую канфэрэнцыю для расейскіх рэгіянальных СМІ.

У прэсавай канфэрэнцыі бяруць удзел звыш 100 прадстаўнікоў СМІ з 50 суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі. Перад гэтым яны наведвалі Беларусь у рамках так званага прэс-туру, які праводзіцца ў Беларусі ўжо дванаццаты раз. Радыё Свабода асьвятляе падзею ў рэжыме рэальнага часу.

Я быў катэгарычна супраць вываду ядзернай зброі

Калі сустракаўся з Турчынавым, я казаў, што гэта быў антыканстытуцыйны пераварот, захоп улады.

Потым захоп Крыму – з гледзішча Ўкраіны, далучэньне да Расеі – з гледзішча расейскага боку.

Я быў катэгарычна супраць вываду ядзернай зброі. Я вымушаны быў яе выводзіць. Але гэты працэс стрымліваў як мог.

Ельцын быў ня той чалавек, які быў гатовы здаць інтарэсы Расеі.

Непарушнасьць межаў, цэласнасьць дзяржаў нам была гарантаваная, у тым ліку Ўкраіне.

Я не дапускаю, каб Расея адабрала частку Беларусі ці ўсю Беларусь

Кажуць, ведаеце, – невядома як Хрушч аддаў Крым Украіне, таму трэба забраць яго. Але гэта не матыў. Нават калі так. Таму недапушчальна, калі нейкая дзяржава парушае тэрытарыяльную цэласнасьць, якая была гарантаваная, і далучае тэрыторыю той ці іншай дзяржавы.

Нацмены ў Беларусі мяне пужаюць: сёньня Ўкраіна, заўтра Беларусь. Я не дапускаю, каб Беларусь стала чарговай краінай, каб Расея адабрала частку Беларусі ці ўсю Беларусь. У нас няма напругі ў гэтай частцы. Кажу неяк: Уладзімер Уладзімеравіч, вы павінны напружвацца, бо частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх зямель некалі належалі Беларусі, давядзецца падзяліцца. Але ў нас і такой пазыцыі няма.

Улады Ўкраіны далі нагоду, каб Расея прылучыла Крым да РФ. Вы вінаватыя, а не Расея. Навошта вы падстаўляліся?

Я ня веру, што Расея хоча адцяпаць усходнюю частку Ўкраіны.

Палітоляг Аляксей Кароль: Лукашэнка заблытаўся паміж нацдэмамі і нацменамі

Падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў узгадваў «нацменаў».

«Нацмены ў Беларусі мяне пужаюць: сёньня Ўкраіна, заўтра Беларусь», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне пра Ўкраіну.

Палітоляг Аляксей Кароль тлумачыць, што мае на ўвазе прэзыдэнт, калі гаворыць пра «нацменаў».

«Гэта штамп з часоў Савецкага Саюзу. Быў забаўны выпадак, калі сакратар па ідэалёгіі Кузьмін сказаў аўтару кнігі пра нацыянальныя партыі: „Яны ўсе такія нацмены“, маючы на ўвазе нацдэмаў. Таму гэта штамп савецкіх часоў. Я думаю, што гэты штамп усплыў у памяці Лукашэнкі, і без канкрэтнага адрасу ён яго ўжыў на прэс-канфэрэнцыі. Лукашэнка заблытаўся паміж нацменамі і нацдэмамі.

Нацмены, ці нацыянальныя меншасьці, у савецкія часы не было абразьлівым выразам. Гэта быў афіцыйны тэрмін, які ўжываўся ў дачыненьні да тых нацыяў, якія былі ў меншасьці ці ў маштабах Саюзу, ці ў маштабах рэспублікі. Таму гэта проста адгалосак савецкага часу і Кароткага курсу гісторыі ВКП(б), па якім студэнты ў савецкія часы яшчэ доўга здавалі экзамэны, і на тройку гэтага хапала».

Палітоляг Павал Вусаў: Лукашэнка дэманструе абарончую рэакцыю

«Гэта ня першы раз, калі Лукашэнка прыгадвае гістарычнае мінулае. Падчас інтэрвію «Эўраньюз» ён таксама згадваў, што калі Расея будзе выкарыстоўваць такія падыходы да былых савецкіх рэспублік, як яна выкарыстала ў дачыненьні да Ўкраіны, то варта прыгадаць мангольскае іга і дзяржаву, часткай якой была Расея.

Калі Лукашэнка кажа пра тэрытарыяльныя зьмены — гэта хутчэй абарончая рэакцыя на тую ідэалёгію, якая цяпер пануе ў Расеі. Кшталту той, што сёньняшнія незалежныя рэспублікі — гэта вынік савецкай палітыкі і штучныя ўтварэньні, а гістарычна яны ніколі не існавалі. Таму Лукашэнка зьвяртаецца да гісторыі, каб падкрэсьліць, што Расея таксама фармавалася як прастора з частак тэрыторыяў тых рэспублік, якія зьяўляюцца незалежнымі. Таму ён прыгадвае і Бранскую вобласьць, і Смаленск, які адышоў да Расеі пасьля рэвалюцыі 1917 году.

Хоць гэта і зварот да расейскага і беларускага грамадзтваў, але ня варта ігнараваць прапагандысцкія высілкі, скіраваныя на Захад, каб паказаць, што Лукашэнка сапраўды дазваляе сабе даволі вострыя выказваньні ў дачыненьні да Расеі, каб падкрэсьліць, што ён незалежны гулец і клапоціцца пра незалежнасьць краіны».

Ляшко — рэакцыйны палітык і страшны нацмэн

Лукашэнка заклікаў расейскіх журналістаў не зьвяртаць увагі на перадвыбарчыя страсьці ва Ўкраіне.

У якасьці прыкладу ён прывёў лідэра Радыкальнай Партыі Алега Ляшко, якога ён назваў з пункту гледжаньня Расеі «рэакцыйным палітыкам і страшным нацмэнам».

«Не зьвяртайце на гэта ўвагу. Трэба спакойна ставіцца да таго, што адбываецца ва Ўкраіне ў пляне палітыкі. Яны заўсёды бурлілі перад выбарамі. У нас у Беларусі гэтага няма. У нас іншая абстаноўка і сыстэма выбараў».

Лукашэнка заявіў, што будзе працягваць кантакты зь новым украінскім кіраўніцтвам.

Алег Ляшко
Алег Ляшко

Ва Ўкраіне прайшоў антыканстытуцыйны пераварот. Вінаваты прэзыдэнт Януковіч

Ня ўсе ў Расеі разумеюць пазыцыю Беларусі і маю асабіста па ўкраінскім пытаньні. Важна расставіць акцэнты. Важна, каб у Расеі разумелі нашу пазыцыю. Гуляецца Лукашэнка з Захадам ці не, нармальная пазыцыя ці не, выгадная яна Расеі ці не? Я насамрэч знаходзіў агульную мову з палітыкамі, якія былі пры ўладзе ва Ўкраіне. Зь Яцанюком не сустракаўся і не напружаны ў сувязі з гэтым. Хоць вельмі крытычна выказаўся па іх пазыцыі, гэта тычыцца і Януковіча, і Кучмы. Я падтрымліваю добрыя адносіны зь вядучымі палітыкамі Ўкраіны. Што не падабаецца Расеі? Што гэта, на шкоду Беларусі і Ўкраіне? Што тут дрэннага? Я пытаюся ў Пуціна: можа, мне падключыцца ў якім пытаньні? Нават зь Ляшко, актыўны адносна Расеі рэакцыйны палітык, страшны нацмэн, учора ён пабіўся з журналістамі расейскімі…

У Расеі прайшоў антыканстытуцыйны пераварот, падзеі на Майдане… Выбачайце, калі ласка… Дрэнны прыклад паказала Расея, калі танкі стралялі па Белым доме. Ва Ўкраіне прайшоў антыканстытуцыйны пераварот. Вінаваты прэзыдэнт Януковіч. Не магу сказаць, ён мой вораг ці сябар, я зь ім не сустракаўся.

Палітоляг Павал Вусаў: Лукашэнка не выключае пагрозы з боку Расеі

«Як толькі адбыліся падзеі ва Ўкраіне, Лукашэнка падкрэсьліваў той факт, што прычынаю праблемаў унутры грамадзтва, а потым умоваю для ўзьнікненьня Майдану сталася жудасная карупцыя ў краіне, што раздражніла і змабілізавала грамадзтва. Лукашэнка хоча падкрэсьліць, што на гэтым фоне ў Беларусі адбываюцца працэсы барацьбы з карупцыяй, што ўлада празрыстая і адкрытая для грамадзянаў. Такім чынам ён жадае падмацаваць свой рэйтынг. Стабільнасьць, барацьба з карупцыяй і ўнутраны спакой будуць асноўнымі элемэнтамі будучай прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта тое, што тычыцца ўнутранага рынку.

Варта разумець, што, крытыкуючы палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, ён жадае абараніць сябе ад такіх магчымых падыходаў з боку Расеі да Беларусі. Ён відавочна не выключае таго, што Расея можа выкарыстаць такі антыгістарычны, антыправавы падыход, каб пачаць працэс дэстабілізацыі ўнутры Беларусі».

Рускіх людзей, нават ужо і расейцаў, ад беларусаў адрозьніць цяжка

Вас, браты-расейцы, прашу: пакажыце нашу краіну без усялякіх упрыгожваньняў, але ня так, як гэта робяць фэдэральныя СМІ. У лепшым выпадку яны замоўчваюць, што ёсьць такая братэрская, самая блізкая Расеі краіна, а ў горшым выпадку – вы ўсё бачыце самі.

Баявыя дзеяньні і гібель людзей на ўсходзе Ўкраіны павінны быць спынены. Мы і так ускладнілі адносіны з Украінай. Трэба заняцца аднаўленьнем гарадоў і сёл, інакш наступствы стануць катастрафічнымі. Пераможцаў у гэтай вайне ня будзе. Мы ўсюды змагаемся за дыялёг і робім усё, каб спрыяць складанаму перамоўнаму працэсу.

XS
SM
MD
LG