Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Марціновіч


Віктар Марціновіч — беларускі пісьменьнік, мастацтвазнаўца, журналіст.

Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Ашмянах Гарадзенскай вобласьці. У трохгадовым узросьце быў перавезены ў Менск, дзе і скончыў сярэднюю школу і мастацкую школу № 1.

У 1994 г. паступіў на журфак БДУ.

У 2001 г. скончыў асьпірантуру БДУ, падрыхтаваў дысэртацыю аб рэпрэзэнтацыі Віцебскага мастацкага авангарду ў прэсавых дыскурсах 1920-х гадоў.

З 2002 г. — намесьнік галоўнага рэдактара інфармацыйна-аналітычнага штотыднёвіка «Белгазета».

З 2006 г. — выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (Вільня).

27 чэрвеня 2008 году ў Віленскай акадэміі мастацтваў (Літва) абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме «Віцебскі авангард (1918–1920): сацыякультурны кантэкст і мастацкая практыка», мае навуковую ступень доктара (Ph.D.) па гісторыі мастацтваў.

Першы раман (на расейскай мове) «Параноя» быў выдадзены ў 2009 годзе расейскім выдавецтвам «АСТ».

Рэцэнзія In Darkest Belarus («У цёмнай Беларусі») на раман «Параноя», напісаная Тымаці Снайдэрам, была апублікавана ў New York Review of Books 28 кастрычніка 2010 году.

У чэрвені 2011 году Віктар Марціновіч выдаў другі раман — «Сьцюдзёны вырай», напісаны на беларускай мове. Гэта першы твор беларускай літаратуры, які ўбачыў сьвет выключна ў фармаце інтэрнэт-рэлізу. Згодна з задумай аўтара, гэты раман павінен распаўсюджвацца выключна ў электронным выглядзе.

У траўні 2013 году выйшаў трэці раман Віктара Марціновіча — «Сфагнум», напісаны па-расейску. Твор быў выдадзены і ў фармаце электроннага рэлізу, і ў папяровым выданьні ў перакладзе Віталя Рыжкова на беларускую мову.

У сьнежні 2012 г. раман «Сьцюдзёны вырай» быў адзначаны ў лонг-лісьце беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

У сакавіку 2012 г. за раман «Сьцюдзёны вырай» Віктар Марціновіч атрымаў беларускую літаратурную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў жанры прозы.

У 2013 г. «Сфагнум» увайшоў у доўгі сьпіс расейскай прэміі «Нацыянальны бэстсэлер».

XS
SM
MD
LG