Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве засталася адна кляса зь беларускай мовай навучаньня. І адна вучаніца ў ёй


Ялінка Салаўёва
Ялінка Салаўёва

Адзіная ў Магілёве беларускамоўная вучаніца — Ялінка Салаўёва.

На пачатку сёлетняга навучальнага году бацькі паведамлялі, што ім прапаноўвала адміністрацыя школы, каб дачка перайшла ў клясу з расейскай мовай навучаньня. Ім гарантавалі, што Ялінцы прадметы будуць выкладаць на беларускай мове. Як бы гэта выглядала на практыцы, Надзея і Зьміцер Салаўёвы ўявіць не маглі і выказалі сумнеў у мэтазгоднасьці такога навучаньня.

Першы тыдзень вучобы Ялінка прахварэла. А калі яе прывялі пасьля хваробы ў школу, высьветлілася, што пятую клясу зь беларускай мовай навучаньня для яе пакінулі, зазначае маці школьніцы Надзея Салаўёва:

«Яна вучыцца ў 5 „В“ клясе беларускай. Ахвочых вучыцца зь Ялінкай не знайшлося. Вучыцца адна. Ходзіць толькі на фізкультуру і ангельскую мову разам з вучнямі іншай клясы. Ёй выдзелілі асобных настаўнікаў, і ў іх свае гадзіны, адпаведна, відаць, і заробак. Нараканьняў у нас няма. Ёй самой падабаецца, што да яе цяпер прыходзяць розныя настаўнікі. Вось прынесла яна дзёньнік. Сёньня — „Беларуская мова“ — 9, „Матэматыка“ — 9, „Руская мова“ — 9, а „Літаратура“ — „10“. Яе кожны дзень выклікаюць», — апавядае пра вучобу дачкі Надзея Салаўёва.

Ялінка Салаўёва са сваёй маці Надзеяй
Ялінка Салаўёва са сваёй маці Надзеяй

Маці вучаніцы дадала, што пра клясу пачалі пісаць дзяржаўныя газэты. «У адной з гарадзкіх газэт нават выйшла інтэрвію са мной», — кажа спадарыня Надзея.

Напярэдадні сёлетняга навучальнага году выйшаў і рэклямны ролік пра адзіную ў горадзе беларускамоўную клясу. Рабілі яго, каб знайсьці вучнёўскую кампанію для Ялінкі.

Кляса зь беларускай мовай навучаньня зьявілася ў Магілёве пасьля дзесяцігадовага перапынку дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Калі надышоў час запісваць у яе дзяцей, гэта зрабіла толькі сям’я Салаўёвых. Непрацяглы час разам зь Ялінкай вучыліся яшчэ двое дзяцей, але з-за праблемаў у сям’і іх перавялі ў іншую школу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG