Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі


19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу “Пагоня” статус дзяржаўных сымбаляў. Пра тое, як гэта адбылося – разьдзел з кнігі Сяргея Навумчыка “Дзевяноста першы”, якая летась выйшла ў Бібліятэцы Свабоды.

18 верасьня 1991 году старшынём Вярхоўнага Савету быў абраны Станіслаў Шушкевіч (вылучаліся чатыры кандыдаты — Уладзімер Заблоцкі (Апазыцыя БНФ), Генадзь Карпенка, Вячаслаў Кебіч і Станіслаў Шушкевіч. У другі тур выйшлі Шушкевіч і Кебіч, перад галасаваньнем Кебіч зьняў сваю кандыдатуру. «Вячаслаў Францавіч — сумленны чалавек», — пракамэнтаваў гэты ўчынак Станіслаў Станіслававіч.

На другі дзень пасьля выбараў старшыні, 19 верасьня, быў заплянаваны разгляд пытаньняў пра назоў краіны, дзяржаўныя герб і сьцяг. У той самы дзень разам са старшынём камісіі па міжнацыянальных зносінах Міхаілам Сьлямнёвым мы меліся ляцець на запрашэньне парлямэнту Малдовы ў Кішынёў.

Раніцай 19 верасьня, перад пачаткам сэсіі, я прыйшоў у прыёмную Шушкевіча — ён яшчэ не перайшоў у «дземянцееўскі» кабінэт і быў у сваім «старым», «намесьнікаўскім», у левым крыле, якраз пад пакоем апазыцыі. Звычайна прыёмная Шушкевіча была пустая, цяпер жа яна поўнілася супрацоўнікамі сакратарыяту і нейкімі незнаёмымі мне асобамі — выглядала, што большасьці зь іх хацелася патрапіць на вочы новаму найвышэйшаму кіраўніку. У прыёмнай быў і Сьлямнёў. Дыялёг у нас атрымаўся кароткі: «Паляціш?» — запытаўся ў мяне Сьлемнёў. — «Не». —«Я таксама».

Шушкевіч прыняў нас адразу, па-за чаргой, і мы паведамілі, што ў сытуацыі, калі чакаецца такое важнае галасаваньне, пакідаць сэсію ня можам і ў Малдову не паляцім. Шушкевіч сказаў, што гэта слушнае рашэньне і што малдаване зразумеюць і не пакрыўдзяцца.

Цяпер колькі словаў пра нашу тактыку.

На папярэдняй, жнівеньскай сэсіі, калі галоўнымі мэтамі былі абвяшчэньне незалежнасьці і спыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС, мы выкарыстоўвалі тактыку, якую я б назваў тактыкай «кантрастнага душу». Адна група дэпутатаў выходзіла да мікрафонаў і (ня будзем ужываць слова «пагражала») з выкарыстаньнем экспрэсіўнай (але ў межах парлямэнтарызму) лексыкі папярэджвала дэпутацкую большасьць пра верагодныя для яе вельмі кепскія наступствы ў выпадку, калі тая не прымае нашых умоў. Камуністам нагадвалі пра тысячы людзей перад Домам ураду, казалі пра фармаваньне на плошчы «нацыянальнай гвардыі», паказвалі стосы тэлеграмаў ад выбаршчыкаў, якія патрабавалі «забараніць злачынную КПБ-КПСС». Асабліва вызначыліся мы з Яўгенам Глушкевічам, выступаючы часам «дуплетам» (зазначу, што асабістыя стасункі ў мяне з былым загадчыкам аддзелу абкаму КПБ, які ў 1988 годзе зьняў з паласы «Віцебскага рабочага» мой артыкул пра Віцебскую АЭС, былі няпростыя — але тут ужо забыліся старыя крыўды, справа была агульная і стаяла вышэй за ўсё).

І на гэтым фоне — грунтоўныя выступы Зянона Пазьняка і Валянціна Голубева з палітычнымі абгрунтаваньнямі неабходнасьці незалежнасьці. Яны нібыта паказвалі: мы не заганяем вас, камуністаў, у кут, вось яно, выйсьце — галасуйце за незалежнасьць.

Такая тактыка патрапіла, як кажуць, у «дзясятку» — незалежнасьць была абвешчаная, дзейнасьць кампартыі спыненая.

Але, дамогшыся незалежнасьці, мы ня мелі сілаў замяніць намэнклятуру: увесь гэты вялізны апарат чынавенства так і застаўся на сваіх месцах.

Цяпер, у сярэдзіне верасьня, страх у намэнклятурных дэпутатаў сышоў. На іх ужо нельга было ціснуць — трэба было пераконваць. І — прасіць. Нават угаворваць. Бо прымаць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг трэба было іхнімі галасамі, галасамі апанэнтаў. Нашых галасоў дзеля гэтага не ставала. Прасіць, пераконваць, але рабіць гэта максымальна лагодна, каб набраць належную колькасьць галасоў. Мы разумелі: вырашаць не аргумэнты, не гістарычныя факты, не палітычная лёгіка, а псыхалягічны настрой.

У такой сытуацыі трэба было выключыць усё, што магло раздражніць дэпутацкую большасьць. Асабліва гэта датычылася дэпутатаў-вэтэранаў; гэтыя трыццаць чалавек маглі вырашыць вынік галасаваньня.

Мне было зразумела, што пасьля маіх надзвычай рэзкіх выступаў на мінулай сэсіі ў жніўні выходзіць на трыбуну цяпер — значыць, настроіць залю супраць, незалежна ад таго, якая аргумэнтацыя гучала б з маіх вуснаў. Не запісваліся для выступаў і некаторыя іншыя дэпутаты апазыцыі. Пазьняк падрыхтаваў вельмі спакойны выступ, тое самае зрабілі Голубеў і Трусаў.

Хаця тактыку карэктавалі ў дні сэсіі, але рыхтаваліся да пытаньня пра сымболіку за некалькі тыдняў. Пазьняк папрасіў мастакоў — Яўгена Куліка, Міколу Купаву, Аляксея Марачкіна, Уладзімера Крукоўскага, Лявона Бартлава ды іншых распрацаваць эталён герба і сьцяга.

Мастакі-фронтаўцы разам з нашымі гісторыкамі зрабілі выставу, прысьвечаную гісторыі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга. І калі дэпутаты прыехалі на сэсію, у фае перад Авальнай заляй яны ўбачылі стэнды, на якіх была адлюстраваная гісторыя нацыянальных сымбаляў пачынаючы ад Грунвальдзкай бітвы. Стэнды разьмясьцілі па пэрымэтры вакол калёнаў, і дэпутаты гэтак шчыльна іх атачылі, што ў першыя хвіліны я ня мог прабіцца скрозь сьцяну цікаўных.

Але яшчэ перад тым, як прыйсьці ў Дом ураду, дэпутаты ўбачылі бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Менскага гарсавету: ужо дзейнічала ягоная пастанова, што нацыянальны сьцяг у сталіцы выкарыстоўваецца нароўні зь дзяржаўным сьцягам БССР, усталёўваецца ў залі пасяджэньняў і на будынку гарсавету.

Усім дэпутатам былі раздадзеныя заключэньні навуковай рады Інстытуту гісторыі і прэзыдыюму Акадэміі навук БССР з рэкамэндацыямі прыняць нацыянальныя сымбалі ў якасьці дзяржаўных (тут пастараліся Зянон Пазьняк і Валянцін Голубеў, якія працавалі ў згаданым інстытуце).

Напярэдадні сэсіі Шушкевіч параіў Пазьняку зьвярнуцца да Георгія Таразевіча, які ў той час быў членам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, да гэтага — старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР, а яшчэ раней — мэрам Менску, і меў вялікі аўтарытэт у намэнклятурных дэпутатаў. Гэтая парада Шушкевіча была вельмі карыснай — выступ Таразевіча адыграў важную ролю.

Магчыма, ні да воднага пытаньня (апроч, зразумела, незалежнасьці) не рыхтаваліся мы так грунтоўна, ніколі так дакладна не вывяралі расклад у Авальнай залі, як цяпер, калі прымалі сымболіку.

Небясьпека чакала адтуль, дзе мы менш за ўсё маглі яе прадбачыць.

З асноўным дакладам па гэтым пытаньні выступаў старшыня камісіі па пытаньнях адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч. Ён успрымаўся намэнклятурай як «свой»: ніколі не сказаў на сэсіі ні слова супроць партыйнага кіраўніцтва, на пасяджэньнях Прэзыдыюму звычайна выказваўся супраць прапаноў Апазыцыі, у час страйкаў быў на баку ўладаў, а ягоная пазыцыя ў дні путчу прымусіла нас патрабаваць ягонай адстаўкі ў шэрагу іншых членаў Прэзыдыюму ВС, якія ня выступілі ў абарону дэмакратыі і сувэрэнітэту.

У прынцыпе, да Ніла Гілевіча дэпутацкая большасьць павінна была паставіцца прыхільна, ніякага сюрпрызу мы тут не чакалі.

Але ён здарыўся.

Гілевіч у сваёй прамове пачаў рэзка выказвацца на адрас дэпутатаў-камуністаў, узгадаў пэрсанальна Дземянцея — ды так, што ў стэнаграме пазначана: «Шум у зале». Шум сапраўды быў, і немалы.

Выступ Ніла Сымонавіча сваёй палемічнасьцю мог упрыгожыць том публіцыстыкі ягонага поўнага збору твораў — але тут, у Авальнай залі, у гэты канкрэтны момант ён цалкам нішчыў нашую тактыку.

Далей працытую ўспамін Пазьняка:

«Мы аслупянелі ад нечаканасьці. Я бачу, што ўся гэтая камуністычная публіка проста разьятрылася: вочы гараць, злосныя, крычаць. Пачалі яго зганяць з трыбуны. Стала зразумела, што ўсё, канец, катастрофа. Мы іх тыдзень супакойвалі, рыхтавалі, а гэты непрадбачаны «трыбун» перакрэсьліў нам усё адным махам. Гэта было жахліва. У мяне, памятаю, аж далоні сталі вільготнымі.

Першае, што я зрабіў, — напісаў запіску Станіславу Шушкевічу ў Прэзыдыюм, што здымаю сваё выступленьне. Бо зразумеў, што ў гэтай сытуацыі мне ня варта выступаць. (Артадоксам трэба было адразу сарваць злосьць, а тут — іхны галоўны апанэнт.) Патрэбныя былі выступы на нашу карысьць, але больш нэўтральных людзей, і пажадана — зь іхнага асяродзьдзя, каб яны супакоіліся. Потым я абышоў (тут жа, у залі, бо трэба было дзейнічаць імгненна) усіх сяброў, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, і сказаў, каб тэрмінова карэктавалі выступы і тэматыку, бо неабходна псыхалягічна выправіць і згладзіць канфліктную сытуацыю ў залі».

Пазьняк папрасіў першым выступіць Трусава: Алег валодаў здольнасьцю казаць людзям тое, што яны хочуць чуць, што ў шмат якіх парлямэнцкіх калізіях было якасьцю проста неацэннай. Заля крыху супакоілася. Але напружанасьць у часе дыскусіі адчувалася.

Вельмі важным быў выступ народнага дэпутата Георгія Таразевіча.

Пра значэньне гэтага выступу шмат пісалася, але, наколькі мне вядома, ён ніколі не публікаваўся — таму зьмяшчаю яго тут цалкам (у перакладзе з расейскай):

«Паважаны Вярхоўны Савет! Прыйшоў час, калі на самым высокім заканадаўчым узроўні разглядаюцца пытаньні зацьвярджэньня гістарычна-нацыянальных сымбаляў беларускага народу — бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» у якасьці дзяржаўных сымбаляў беларускай дзяржавы.

Пытаньні, як тут ужо казалася, вельмі важныя, складаныя і заблытаныя як палітыкамі, гэтак і навукоўцамі. Склалася так, што мы цяжка і доўга ішлі да ўсьведамленьня неабходнасьці зрабіць менавіта гэта. Ня буду называць прычыны, зь якіх тое не было зроблена раней. Можна толькі сказаць, што ў мінулым была і нерашучасьць у доказах з боку навукоўцаў, зьвязаная, відаць, з палітыканствам, непрыманьнем некаторымі коламі рэальных гістарычных і нацыянальных асаблівасьцяў нашага народу.

Я ў свой час даволі падрабязна вывучаў гэтую праблему. Уважліва пазнаёміўся з высновамі і прапановамі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук БССР, прэзыдыюму Беларускай Акадэміі навук, вядомага навукоўцы, прафэсара Анатоля Грыцкевіча. Яны, на мой погляд, дастаткова пераканаўчыя і даказваюць неабходнасьць зацьвярджэньня ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларусі бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».

Праўда, ёсьць і матэрыялы (пра гэта казалася з гэтай трыбуны), якія гавораць, што нацыянальная сымболіка выкарыстоўвалася ў свой час праціўнікамі народу, захопнікамі ў гады Вялікай айчыннай вайны. Некаторыя таварышы ставяць пытаньне: а ці можам мы пасьля гэтага выкарыстоўваць названыя сымбалі ў якасьці дзяржаўных? Народны дэпутат Трусаў ужо адказваў на гэтае пытаньне. Я хачу толькі дадаць, што фашыстоўскія прапагандысцкія службы дзейнічалі вельмі спрытна і хітра. Тыя дзеячы выкарыстоўвалі гістарычную нацыянальную сымболіку ня толькі ў нас у Беларусі, але і практычна ва ўсіх акупаваных краінах. Гэта тычыцца і Францыі, і Польшчы, і Украіны, і нават Расеі.

Рабілася гэта дзеля таго, каб у чыста прапагандысцкіх мэтах заваяваць грамадзкую думку, давер, каб прыцягнуць насельніцтва на свой бок і паказаць сябе зь лепшага боку перад усясьветнай супольнасьцю. На нашай зямлі гэта было тым болей зручна і выйгрышна, паколькі тут у свой час настойліва адмаўлялася старая гістарычная сымболіка і паўсюль уводзілася новая.

Апроч сказанага, гэтыя прыклады паказваюць толькі тое, на мой погляд, што гэтая сымболіка рэальная і ў свой час гістарычна была агульнапрызнаная. Нейкіх іншых нацыянальна-гістарычных сымбаляў (больш папулярных, больш распаўсюджаных), Беларусь ня мела. І самае галоўнае: тое, што здаўна належыць народу, нікому ніколі нельга ні запляміць, ні забраць, ні зьмяніць.

Несумненна, што аднаўленьне нацыянальнай дзяржавы, умацаваньне яе сувэрэнітэту, немагчыма без нацыянальна-гістарычнай сымболікі. Станоўчае рашэньне гэтага пытаньня Вярхоўным Саветам Беларусі, на мой погляд, асабліва важна цяпер для рэспублікі, паколькі гэта засьведчыць, што ў Беларусі існуе нацыянальная згода, кансалідацыя ўсіх сілаў у вырашэньні самых складаных задач, якія стаяць перад грамадзтвам. Пакажа, што наша рэспубліка цьвёрда пайшла новым, дэмакратычным шляхам разьвіцьця і не зьбіраецца з гэтага шляху адступаць (Воплескі)».

Цяпер можна сказаць, што матэрыялы і асноўныя тэзісы Таразевічу падрыхтавалі Зянон Пазьняк і Алег Трусаў — аднак пісаў свой выступ ён сам.

У прамове Таразевіча было некалькі важных сэнсавых і псыхалягічных момантаў. Па-першае, крытыка ў бок «нерашучых» навукоўцаў — прыхільнікаў гістарычнай сымболікі. Насамрэч, паспрабавалі б тыя самыя навукоўцы выявіць большую рашучасьць у адстойваньні нацыянальных сымбаляў у 1970-я гады, калі разьвівалася партыйная кар'ера Таразевіча і большасьці прысутных у залі дэпутатаў! Аднак гэты папрок як бы здымаў з камуністаў значную частку віны — ну, таварышы, пры чым тут мы, калі навукоўцы ў званы ня білі! Па-другое, тут прысутнічаў элемэнт недаверу і да навукоўцаў увогуле, што, як ні парадаксальна гэта прагучыць, у той момант было няблага, бо кідала цень на тых вучоных, якія выступалі супраць нацыянальнай сымболікі. (Хутка сытуацыя ўсталюецца на карысьць прыхільнікаў «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцягу дзякуючы выступам Валянціна Голубева, а затым і Уладзімера Платонава, прэзыдэнта акадэміі навук.)

Нарэшце, аргумэнтацыю «гэты сьцяг выкарыстоўвалі фашысты» Таразевіч разьбіў звыклай для камуністаў лексыкай: што такое «прапагандысцкая машына», яны ведалі добра.

Ну і, безумоўна, Таразевіч успрымаўся парлямэнцкай большасьцю як свой, «плоць ад плоці» намэнклятурна-партыйнага апарату, які прайшоў усе яго прыступкі і дасягнуў самага верху — другой (пасьля 1-га сакратара ЦК КПБ) пасады ў рэспубліцы. А пераехаўшы ў Маскву на запрашэньне Гарбачова, не апынуўся ў шэрагах «здраднікаў партыі» Якаўлева ды Шэварднадзэ.

Што да пазыцыі навукоўцаў, дык яснасьць унёс Валянцін Голубеў:

«Ня трэба спасылацца на тое, што сярод гісторыкаў, навукоўцаў няма агульнай думкі. Яна існуе, існуе даўно. Усе гісторыкі — і тыя, якія былі ў ХVIII-ХIХ стагодзьдзях, і нашы сучасьнікі ў ХХ стагодзьдзі, сумленныя гісторыкі, якія пішуць праўду, — гавораць толькі адно: у нашага народу былі нацыянальна-дзяржаўнымі сымбалямі бел-чырвона-белыя колеры і дзяржаўны герб «Пагоня», якія пазначаныя на першай Канстытуцыі фэадальнага грамадзтва ўвогуле ў Эўропе, Статуце Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Гэты герб замацаваны на Статуце, на гэтай Канстытуцыі, якая была перакладзеная амаль на ўсе тагачасныя мовы Эўропы, якой карысталася ўся Эўропа. І там быў замацаваны ў якасьці дзяржаўнага герб «Пагоня». Тое, што ў гісторыкаў ёсьць агульная думка, сьведчаць дакумэнты, якія вам раздадзеныя. Тут ёсьць заключэньне Інстытуту гісторыі АН БССР, пытаньне разглядалася на вучоным савеце, яго рашэньне ляжыць у кожнага з вас на стале. Потым гэтае пытаньне абмяркоўвалася ў аддзяленьні грамадзкіх навук Акадэміі навук, дзе прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх грамадазнаўчых інстытутаў. Рашэньне прынята таксама адназначна. І далей Прэзыдыюм Акадэміі навук Беларускай ССР вырашыў аднагалосна рэкамэндаваць Вярхоўнаму Савету прыняць зараз гэтыя сымбалі як сымбалі дзяржаўныя...

Зараз я хачу сказаць некалькі слоў пра Беларускую Народную Рэспубліку, створаную ў сакавіку 1918 году. Яна была створаная ў той час, калі Беларусь, па сутнасьці, па Берасьцейскай дамове, аддалі не фашысцкай Германіі, а кайзэраўскай Германіі аддалі. І вы ведаеце, хто і зь якога боку падпісваў гэтую дамову. І вось тыя людзі, выбраныя народам на Усебеларускі зьезд, які адбыўся ў 1917 годзе, у сьнежні, і які быў потым разагнаны, як і «Учредительное собрание» ў Расеі было разагнанае... Вось тыя людзі выступілі ва ўмовах акупацыі супраць таго, каб дзялілі нашу Беларусь бяз нашай згоды. Ні немцы, ні расейцы, ні хто іншы. Заявілі пра тое, што Рэспубліка Беларусь мае права на існаваньне. І яны ўзьнялі менавіта гэтыя нацыянальныя сымбалі. І я скажу паважанаму народнаму дэпутату вэтэрану, які гаварыў, што ў 1918 годзе фашысты былі на Беларусі і што багата пра гісторыю гаварыў: калі ласка, ня трэба. Не было яшчэ фашыстаў у 1918 годзе, і ня трэба ўсё так блытаць.

Я проста прашу сваіх калегаў. Тут усё зразумела. Мы можам займацца палітыканствам, можам гаварыць усё, што ўздумаецца, і нават крыўдзіць адзін аднаго. Давайце падумаем пра сучасны момант. Што адбываецца вакол нас? Усе суседзі — Расея, Украіна, Прыбалтыйскія дзяржавы — усе прынялі нацыянальную сымболіку ў якасьці дзяржаўнай. Вы бачыце, як гэта ўплывае на міжнародным узроўні ў адносінах іншых дзяржаваў да гэтых краін. І мы, пакуль ня прымем нашу нацыянальную сымболіку, мы ня станем у вачах міжнароднай супольнасьці сапраўды самастойнай незалежнай дзяржавай... Гэта справа вельмі і вельмі сур'ёзная. Вы можаце сказаць, што цяпер і так за мяжой, калі нешта друкуецца пра Беларусь, пакуль няма афіцыйнага сьцяга, скрозь ідзе бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта яшчэ адно пацьверджаньне, што міжнародная супольнасьць ва ўсіх краінах гэта ўжо ведае і чакае ад нас, калі ж мы зробім правільны крок».

Вельмі важным быў выступ фармальнага лідэра вэтэранаў — Мікалая Жукоўскага:

«Я вельмі ўважліва выслухаў усхваляваны выступ па гэтым пытаньні старшыні камісіі паважанага Ніла Сымонавіча Гілевіча, аргумэнтаваныя выступы многіх народных дэпутатаў, і таварыша Трусава, таварыша Голубева і як грамадзянін сваёй рэспублікі не магу не ганарыцца тымі, хто быў пад Грунвальдам у 1410 годзе, тымі беларускімі харугвамі, якія разам з рускімі, літоўскімі прыпынілі рух на ўсход і захавалі нашыя землі... Мы можам, вядома, вельмі шмат спрачацца, але мы ведаем, што на харугвах нашых быў герб «Пагоня» пад Грунвальдам, быў ён і ў іншыя моманты гісторыі нашай рэспублікі. Але мы не павінны забываць і іншае — прыйдзе час, і з вышыні гэтага часу самай паказальнай падзеяй у гісторыі нашай рэспублікі, відавочна, будзе ўсё ж подзьвіг, зьдзейсьнены разам з цывілізаванымі народамі ў 1941-1945 гадах... Я, Георгій Станіслававіч, з усімі Вашымі аргумэнтамі пагаджаюся, але не магу пагадзіцца толькі з адным. Так, да народных сымбаляў ніякі бруд не павінен прыліпнуць. Яны вышэйшыя за гэта. Але мы не павінны ўсё ж забываць, што два мільёны дзьвесьце тысяч нашых суайчыньнікаў на нашай роднай беларускай зямлі загінулі ў гады вайны. Засталіся іх дзеці, засталіся іх унукі, засталіся іх праўнукі. І ў іх сьвядомасьці, відавочна, яшчэ на доўгія гады застанецца, што іх блізкія — дзед, бацька, маці, бабуля — загінулі і ад тых, хто здрадзіў свайму народу, хто вывешваў вось гэтыя нашы народныя сымбалі разам з фашысцкай свастыкай. Думаю. што нам таксама гэта ў нейкай ступені трэба ўлічваць».

Выступ Жукоўскага, які займаў пасаду старшыні парлямэнцкай камісіі па справах вэтэранаў, у пэўнай ступені ўскладніў сытуацыю (бо ізноў было прыгадана, што «сымбалі выкарыстоўвалі фашысты»), але важна тое, што ён не адмаўляў гістарычнасьці нацыянальных сымбаляў. І менавіта гэта потым скарыстаў Пазьняк.

Аднак з вуснаў тых, хто быў нязгодны з прыняцьцем нацыянальных сымбаляў у якасьці дзяржаўных, пачалі больш выразна гучаць не «лабавыя» аргумэнты наконт выкарыстаньня іх акупантамі, а прапановы наконт «давайце прыдумаем нешта новае» або «адкладзем на наступную сэсію», «давайце параімся з народам». Выявілася гэта ў выступах Пятра Пракаповіча, Міхаіла Марыніча ды Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка: «Паколькі гэта сур’ёзнае пытаньне — давайце яго ня будзем вырашаць наскокам, не адразу, не на пазачарговай сэсіі. Давайце яго вырашаць прадумана, узважана і пісьменна».

Міхаіл Марыніч: «Лічу, што Вярхоўны Савет рэспублікі павінен абвясьціць конкурс на дзяржаўную сымболіку, паколькі ўпершыню ў нашай гісторыі Беларусь атрымоўвае незалежнасьць… І конкурс, я веру, улічыць усе этапы гісторыі Беларусі, яе зямлі і людзей, нацыянальныя традыцыі беларусаў».

Пятро Пракаповіч: «Упершыню з гэтай трыбуны я выступаю не па вытворчых і эканамічных пытаньнях, а па іншых. І гэта не выпадкова. Справа ў тым, што пытаньні дзяржаўнай сымболікі — гэта пытаньні важныя, складаныя. Я за тое, каб нашая дзяржаўная сымболіка была новай, каб мы прынялі новую сымболіку. Але мне незразумела як дэпутату і як грамадзяніну нашай рэспублікі, чаму гэтае надзвычай важнае пытаньне мы абмяркоўваем так пасьпешліва, непадрыхтаваным. Пытаньне вынесенае намі на пазачарговую сэсію, хоць мы чакалі, што яно будзе абмяркоўвацца на чарговай сэсіі. Мы хацелі яшчэ ў кастрычніку сустрэцца з выбаршчыкамі, параіцца зь імі, абмеркаваць усё. Думаю, што і шырокага абмеркаваньня гэтага пытаньня не было ні ў друку, ні па тэлебачаньні... Ёсьць варыянты, ёсьць прапановы. Мы павінны іх абмеркаваць і вынесьці на рэфэрэндум... Вось тут навукоўцы кажуць што, маўляў, наш народ не сасьпеў для гэтага. Я ня веру ў гэта, гэта абраза нашага народу».

Усё тое азначала: адкласьці справу на няпэўны тэрмін, завалтузіць яе, а ў выніку — пакінуць краіну без нацыянальнай сымболікі (так, між іншым, і адбылося з гімнам, па якім абвясьцілі конкурс — замест таго, каб выбраць паміж «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Магутны Божа»). Гэтыя і падобныя аргумэнты давялося аспрэчваць. Выступалі ня толькі дэпутаты БНФ, але і Дэмклюбу.

Уладзімер Грыбанаў: «Не хацелася б, вядома, прыгадваць тут прозьвішча Лукашэнкі, але ён застаўся верны сам сабе. Нават у такім бясспрэчным пытаньні ён знайшоў магчымасьць самавыявіцца і заявіць пра свой пункт гледжаньня. Ён не арыгінальны. Ён кажа пра тое, што няма часу абмяркоўваць гэтае пытаньне».

Анатоль Лябедзька: «Выбачайце, але сьвядома ці несьвядома вы, шаноўныя калегі, выступаеце супраць саміх сябе. Што значыць сёньня ставіць пытаньне пра рэфэрэндум? Калі мы кажам пра грошы, то хто ацэніць, у колькі гэта абыдзецца? ... Калі мы здымем гэтае пытаньне з парадку дня, то тады мы павінны сказаць, ці давяраем мы сваёй Акадэміі навук, Інстытуту гісторыі. Не асобным гісторыкам, якія маюць права на асабісты погляд, а гэтым органам».

Яўген Цумараў: «Тут нашы паважаныя народныя дэпутаты выказвалі думку, што пытаньне непадрыхтаванае. Ну, калі лічыць, што тысячагадовая гісторыя Беларусі і гісторыя станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці за апошнія 70 гадоў не падрыхтавалі гэтага пытаньня, то, безумоўна, яно непадрыхтаванае... Якраз гісторыя нам яго падаравала і падрыхтавала. Вельмі здарыцца трагічная, недарэчная памылка, калі мы апынемся непадрыхтаванымі ўспрыняць і працягваць сваю гісторыю. Выказвалася думка, што гэтае пытаньне трэба вынесьці на рэфэрэндум. Але давайце ўспомнім, што ў нашым законе аб рэфэрэндуме нельга выносіць пытаньні гістарычнай спадчыны, культуры, маралі і духоўнасьці».

Дзьмітры Булахаў: «Мне сорамна за маё веданьне гісторыі. І толькі ў апошнія паўгода, калі я для сябе спрабаваў гэтае пытаньне вывучыць, я зразумеў, што Беларусь пачыналася не з 1917 году, хаця мяне гэтаму ў школе вучылі. Мне балюча за гэта. Яна пачыналася значна раней, і пачыналася менавіта з гэтых сымбаляў... А што тычыцца парадаў з народам, дык пры тым веданьні гісторыі наўрад ці можна пытацца ў народа адказ на пытаньне, якое патрабуе перш за ўсё спэцыяльных ведаў. Гэта не шырока даступныя веды. І гэтыя спэцыяльныя веды ёсьць — перад вамі аднадушнае заключэньне Акадэміі навук, якая просіць нас з вамі падтрымаць гэтыя сымбалі».

Анатоль Вярцінскі: «27 ліпеня мінулага году мы прынялі Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР. 25 жніўня гэтага году мы надалі ёй статус канстытуцыйнага закону. Дык вось, артыкулам 9 гэтай Дэклярацыі мы сьведчым, што Беларуская ССР забясьпечвае функцыянаваньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця і захаваньне нацыянальных традыцый гістарычнай сымболікі. Давайце будзем трымацца лёгікі Дэклярацыі, лёгікі нашых пастановаў, нашых законаў».

Міхаіл Сьлямнёў: «Калі б мы зараз правялі рэфэрэндум, то хутчэй за ўсё атрымалі б адмоўныя вынікі. Мне здаецца, што на гэта і разьлічваюць тыя, хто ўносіць такія прапановы. У сувязі з гэтым я хацеў бы нагадаць выраз францускага філёзафа Дэкарта, які сказаў, што ісьціна ніколі не дасягаецца простым галасаваньнем. Яе носьбітамі спачатку зьяўляецца меншасьць людзей. І толькі зь цягам часу да яе далучаецца большасьць. І нам ня трэба сёньня падстаўляць беларускі народ, навязваць яму рэфэрэндум па тых пытаньнях, якімі ён не па сваёй віне (аб чым тут добра гаварыў народны дэпутат Булахаў) як сьлед не валодае. Гэта было б вялікім ашуканствам і абразай. Нам, народным дэпутатам, Вярхоўнаму Савету, трэба браць адказнасьць на сябе. Тыя, хто нас выбіраў, лічылі, што мы разумныя людзі, здольныя глядзець крыху ўперад. І калі мы сёньня ня прымем пастановы аб нашай новай дзяржаўна-нацыянальнай сымболіцы, палітычны імідж парлямэнту, дарэчы вельмі невысокі, упадзе да нуля. Многія ж дзяржавы проста ня сядуць з намі за стол перамоваў са сваёй сымболікай. Вельмі прашу вас, не зрабіце грубую палітычную памылку. Нам будзе потым вельмі сорамна. Як сорамна сёньня за тую ўпартасьць, зь якой дэпутацкая большасьць адмаўляла тыя парлямэнцкія прапановы апазыцыі, якія сёньня прыняты».

У залі зьяўляецца прэзыдэнт Акадэміі навук БССР, народны дэпутат СССР Уладзімер Платонаў. (Пазьняк патэлефанаваў яму і папрасіў тэрмінова прыехаць.)

Ён пераконвае дэпутатаў прыняць нацыянальныя сымбалі ў якасьці дзяржаўных і разьбівае аргумэнты нязгодных: «Калі мы паспрабуем цяпер зрабіць конкурс і стварыць новы сьцяг і новы герб, дык мы адмовімся ад сваёй гісторыі і тым самым нібыта пагодзімся з тымі нашымі апанэнтамі, якія кажуць: «А вы ведаеце, у вас жа і гісторыі няма, і таму ня можа быць такога народу рэальнага, і такой дзяржавы Беларусь і няма і не было ніколі». Было б памылкай, шаноўныя народныя дэпутаты, калі б мы сказалі: давайце праводзіць рэфэрэндум. Вось тады б мы ўцягнулі наш народ у незразумелыя выпрабаваньні і развагі. Ну як вы будзеце даносіць усе дэталі да людзей?»

Нарэшце, галасаваньне. І — адмоўны вынік. За сьцяг галасуе 201 дэпутат — а трэба 231.

Выйсьце з сытуацыі прапанавала намесьнік міністра юстыцыі Валянціна Падгруша: «Шаноўныя народныя дэпутаты, мне падаецца, ёсьць дастойнае выйсьце са становішча, якое склалася. У дзейнай Канстытуцыі ёсьць апісаньне афіцыйнага нашага дзяржаўнага сьцяга (артыкул 168). Калі мы выключым з Канстытуцыі артыкул 168, дык можна будзе прыняць закон пра сьцяг і герб простым галасаваньнем» (гэта значыць — не канстытуцыйнай большасьцю ў 231 голас, а простай — 173).

Гэта было лягічна і абсалютна прымальна: канстытуцыі шмат якіх дзяржаў ня ўтрымліваюць апісаньня дзяржаўных сымбаляў.

З такой прапановай пагадзілася і камісія па заканадаўстве — выключыць з Канстытуцыі артыкулы 168 і 169, у якіх даецца апісаньне сьцяга і герба, а ўключыць тэкст з праекту новай Канстытуцыі, над якой ужо больш як год працавала адмысловая камісія. Пры такім варыянце для прыняцьця рашэньня дастаткова было папярэдняга галасаваньня.

З гэтым не пагадзіўся дэпутат Лукашэнка:

«Скажыце, калі ласка, вось дзеля чаго нам зараз ісьці на зьмены артыкулаў Канстытуцыі, дзеля чаго мы гэта робім? Дзеля таго, каб з другога боку зайсьці і прыняць тое рашэньне, якое намі не прынята, так я зразумеў?»

(Паводле пратаколу аб пайменным галасаваньні па пытаньнях прыняцьця бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, Лукашэнка ўстрымаўся. Гэтак сама ён галасаваў і па назьве краіны.)

Шушкевіч ставіць на галасаваньне прапанову пра ўнясеньне паправак у Канстытуцыю: «за» 221 дэпутат, да патрэбнай лічбы 231 не хапае 10 галасоў.

Шушкевіч ізноў прапануе галасаваць.

Перад гэтым Пазьняк зьвярнуўся да дэпутата-вэтэрана Міхаіла Жукоўскага, таго самага, які казаў пра загіблых у часе вайны. Вось як тагачасны кіраўнік Апазыцыі БНФ прыгадвае свае словы:

«Кажу: «Міхаіл Дзьмітрыевіч, нацыянальная дзяржава вышэйшая за ўсялякую партыйную ідэалёгію. Калі мы ня будзем яе мець, ня будзем мець яе нацыянальных сымбаляў, то мы ня будзем мець нічога. Мы станем нічым. Я вельмі Вас прашу... Адзін раз у жыцьці... Прагаласуйце за сьцяг, дзеля нашай будучыні. Мы ж — беларусы!». Ён быў ашаломлены. Але гэта быў прыстойны чалавек, і ён сказаў: «Добра. Я прагаласую». І прагаласаваў».

Жукоўскі галасуе «за». Галасуюць «за» і дзевяць іншых дэпутатаў, якія да гэтага моманту сумняваліся.

Вынік — 231 голас. Роўна столькі, колькі трэба для станоўчага рашэньня.

«Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг робяцца дзяржаўнымі сымбалямі.

У гэты самы дзень была зьмененая назва краіны — замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі яна ператварылася ў Рэспубліку Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG