Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах зачынілася апошняя беларускамоўная кляса


Адзіная беларускамоўная кляса ў Баранавічах, дзе вучыліся ўсяго тры дзяўчынкі — Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык і Вераніка Міхальчук, — зачыненая.

У сувязі з заканчэньнем пачатковай школы ў СШ № 14 і са зьменай месца жыхарства бацькі дзяцей спрабавалі працягнуць навучаньне па-беларуску ў 5-й клясе гімназіі № 4, але безвынікова.

У гімназіі спачатку спаслаліся на тое, што ня маюць фінансавых магчымасьцяў для адкрыцьця беларускамоўнай клясы. Потым сказалі, што патрабуецца пісьмовая згода ня менш як 24 бацькоў вучняў клясы.

«Мы зьвярталіся да кіраўніцтва гораду, каб захаваць адзіную беларускамоўную клясу. Нядаўна, знаходзячыся ў сярэдняй школе № 40 Магілёва, намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік зьвярнуў увагу на неабходнасьць папулярызацыі і шырэйшага выкарыстаньня беларускай мовы ва ўстановах адукацыі. Аднак гарадзкія ўлады нашу ідэю не падтрымалі», — сказала «Вясьне» маці вучаніцы Ясі Тацяна Малашчанка.

Прадстаўніца гарадзкога аддзелу адукацыі Баранавічаў Сьвятлана Сідаровіч патлумачыла карэспандэнту Свабоды:

«Кляса спыніла сваё існаваньне па выбары бацькоў. Ніхто яго не спыняў. Бацькі самі захацелі пайсьці ў іншыя гімназіі, і такім чынам кляса расфармавалася. Былі тры дзяўчынкі, дзьве зь іх пайшлі ў гімназію № 4, а адна пайшла ў № 1».

Карэспандэнт: «А што, у гімназіі ўжо немагчымае такое навучаньне ў беларускамоўнай клясе?»

«Такое навучаньне немагчымае. Бо мы і гэтую клясу адчынялі зь вялікай цяжкасьцю. У гэты час аптымізацыі адчыніць клясу, дзе настаўнікаў будзе больш, чым вучняў, у разы, немагчыма. Кожны ж цяпер лічыць капейчыну».

Паводле Тацяны Малашчанкі, Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык цяпер будуць вучыцца ў расейскамоўнай клясе, і толькі матэматыка, сусьветная гісторыя, а таксама прадмет «Чалавек і сьвет» будуць выкладацца для дзяўчатак на беларускай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG