Дзьмітрыеў: Беларусы напужаныя вайной ва Ўкраіне
Намесьнік кіраўніка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:
«Лукашэнка паспрабуе выцягнуць з гэтага максымум для свайго іміджу праз сваю ідэю стабільнасьці ў Беларусі. Але мы лічым, што сёньня гэта той момант і тая тэма, дзе сапраўды жыцьці людзей, якія зараз гінуць ва Ўкраіне, значна больш важныя, чым пэўныя палітычныя аспэкты гэтай справы. Таму, калі ўдасца дасягнуць міру ва Ўкраіне, гэта будзе значна большы вынік, чым засяроджваньне на палітычных праблемах і вузкіх палітычных момантах.
Таксама гэта важна і ў нас у Беларусі. Я патлумачу гэта наступным чынам. Зьбіраючы подпісы за „Народны рэфэрэндум“, мы бачым, як людзі напужаныя вайной ва Ўкраіне. І праз гэта яны часта гатовыя адмовіцца ад любых пераменаў.
Як толькі ва Ўкраіне будзе мір і будзе бачна, што краіна пачала нармальна разьвівацца, гэта пашырыць нашы магчымасьці, каб тут у Беларусі прасоўваць ідэю мірных пераменаў. Таму ў міры ва Ўкраіне сёньня зацікаўленыя ўсе. Як гэта ні дзіўна, але ў гэтым зацікаўленыя і афіцыйны Менск, і дэмакратычныя сілы».
Чавусаў: Лукашэнка ня будзе пасярэднікам, Менск выконвае тэхнічную функцыю
Палітоляг Юры Чавусаў: «Ніхто не прапаноўваў Аляксандру Лукашэнку ці афіцыйнаму Менску быць пасярэднікам на гэтых перамовах. Функцыю пасярэдніка прапанавалі АБСЭ. Міжнароднае права вельмі дакладна разьмяжоўвае паняцьці «пасярэдніцтва» і «аказваньне добрых паслугаў». У дадзеным выпадку мае месца прапанова на адрас Менску — выступіць тэрыторыяй, дзе сустракаюцца бакі перамоваў і пасярэднікі. Гаворка ідзе менавіта пра «аказваньне добрых паслугаў», функцыю, якую некалькі месяцаў выконвала Жэнэва. Менск у дадзеным выпадку не выконвае палітычнай, а толькі тэхнічную функцыю. Адпаведна, замежнапалітычныя ці іміджавыя выгады ад такой ролі для Беларусі мінімальныя.
Аднак у сытуацыі, калі Беларусь знаходзіцца ў замежнапалітычнай ізаляцыі, нават такая функцыя ў пэўнай ступені таксама выгадная. Аднак, вядома, яе памер будзе залежаць ад пасьпяховасьці перамоваў.
Таксама трэба ўважліва глядзець на прадмет перамоваў — гэта вызваленьне закладнікаў і допуск экспэртаў на тэрыторыю падзеньня малайзійскага „Боінга“. Вельмі кароткатэрміновыя канкрэтныя рэчы. У якасьці бакоў перамоваў заяўленыя Расея і Ўкраіна. Пасярэднікам будзе АБСЭ. Шмат што будзе залежаць ад таго, ці здолеюць бакі знайсьці агульную мову адносна стасункаў паміж расейскім афіцыйным бокам і сэпаратыстамі, бо тэрыторыя, дзе ўпаў Боінг, і захопленыя закладнікі знаходзяцца пад кантролем менавіта іх. Адпаведна, Расеі давядзецца прызнаць, што яна прынамсі нейкі ўплыў на сэпаратыстаў мае.
Таму атрымліваецца, што і расейскі бок падчас перамоваў можа заявіць, што яны ня бок канфлікту, а таксама пасярэднік, які будзе размаўляць з ДНР і ЛНР. Гэта можа быць вырашана, бо гаворка вядзецца не пра прызнаньне рэспублік ці нейкія сутнасныя рэчы, а пра рэчы вельмі канкрэтныя — самалёт і закладнікаў. Але гэта будзе залежаць ад шчырасьці бакоў падчас перамоваў. Хутчэй за ўсё, перамовы і пачнуцца з пытаньня, ці ў стане Расея кантраляваць тыя суб’екты, якія Ўкраіна заклікае называць «тэрарыстамі». Аднак у адпаведнасьці зь міжнародным правам прадстаўнікі ДНР ці ЛНР суб’ектамі перамоваў быць ня могуць».
Янукевіч: Ёсьць вялікія сумневы, што на такія перамовы пагодзіцца Расея
Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ: «Прапанова ўкраінскага прэзыдэнта, на мой погляд, выглядае цалкам натуральнай. У сёньняшняй сытуацыі, калі з боку Расеі ідзе эскаляцыя гэтага канфлікту, для Ўкраіны вельмі важна нарошчваць дыялёг, як мінімум зь Беларусьсю, каб упэўніць нэўтральнасьць Беларусі ў гэтым канфлікце.
І ў гэтым кірунку, я думаю, такі крок можа быць пасьпяховым. Таму што пасярэднік, калі ён на гэта пагаджаецца, ён ужо апрыёры ня можа займаць чыйсьці адзін бок. Што тычыцца беларускіх уладаў, то для Аляксандра Лукашэнкі гэтая прапанова таксама выгодная. Бо ён пацьвердзіць сваю пазыцыю, якую ён раней неаднаразова выказваў. Маўляў, гэты канфлікт недарэчны, яго трэба як мага хутчэй залагоджваць, славянам трэба сябраваць.
Лукашэнка можа чарговым разам стаць ініцыятарам славянскага аб’яднаньня, альбо як мінімум замірэньня паміж дзьвюма суседнімі краінамі. Таму, я думаю, і з украінскага, і зь беларускага боку тут усё выглядае лягічна. Ёсьць, праўда, вялікія сумневы, што на такі варыянт пагодзіцца Расея. Я думаю, ёй бы хацелася пазьбегнуць вырашэньня канфлікту праз дыпляматычныя каналы. Расейцы б хацелі, каб гэты канфлікт не спыняўся, а працягваўся. Таму яны будуць ухіляцца ад перамоваў па сутнасьці справы, якія могуць наблізіць заканчэньне канфлікту».
Якаўлеўскі: Паседжаньне кантактнай групы — гэта не перамовы
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што ў Беларусі плянуюцца не перамовы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу, а паседжаньне кантактнай групы, у якую ўваходзяць расейскі пасол, прадстаўнікі АБСЭ і Кіева:
«Паседжаньне кантактнай групы — гэта не перамовы, перамовамі такую сустрэчу нельга назваць. Дык вось у беларускіх афіцыйных паведамленьнях кажуць пра ўсе зацікаўленыя бакі. А ва ўкраінскіх — кантактная група. Менавіта такі фармат.
Ці будуць там сэпаратысты, ці не — пакуль незразумела, хаця, на мой погляд, павінны быць. На гэтым настойвае, у прыватнасьці, Масква. І супраць — Кіеў, які кажа, што з бандытамі і тэрарыстамі нельга весьці перамовы. Вось у гэтым інтрыга.
Там, хутчэй за ўсё, ня будзе прадстаўніка афіцыйнага Менску. Мы толькі пляцоўку ўзычаем. Хаця, трэба прызнаць, што гэта вельмі вялікі плюс для Лукашэнкі, што ён выйшаў на ўкраінскую арбіту, што Парашэнка патэлефанаваў менавіта яму. І гэта, я лічу, на карысьць Лукашэнку як палітычнаму дзеячу. Так што нельга казаць, што гэта перамовы.
І апошняе: пакуль што мы ніякай афіцыйнай рэакцыі Крамля ня чулі, наколькі мне вядома».
Портнікаў: Менск — адзінае месца на зямлі, дзе могуць сустрэцца і тэрарысты, і прадстаўнік Украіны
Віталь Портнікаў, украінскі палітоляг. «Тут гаворка не вядзецца пра перамовы прадстаўнікоў Ўкраіны з прадстаўнікамі Расеі. Гэта сустрэча кантактных груп для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе, у якой будуць браць удзел прадстаўнікі ДНР і ЛНР.
Справа ў тым, што з прадстаўнікамі Расеі Ўкраіна можа праводзіць перамовы і ў любым месцы. А вось з прадстаўнікамі самаабвешчаных тэрарыстычных фармаваньняў ДНР і ЛНР ёсьць пытаньне. Найперш, пытаньне бясьпекі нашых прадстаўнікоў. Менск у якасьці месца для такіх сустрэчаў быў прапанаваны яшчэ некалькі тыдняў таму. Тут няма ніякай навіны.
Тое, што Парашэнка ўчора прапанаваў Лукашэнку правесьці сустрэчы ў Менску, і ваш прэзыдэнт пагадзіўся, значыць толькі тое, што Менск як месца сустрэчы ўзгоднены. Таму гэта ўвогуле не пытаньне даверу Ўкраіны да прэзыдэнта Беларусі. Гэта выключна выбар Менску як нэўтральнага месца, якое гарантуе бясьпеку ўдзельнікам перамоваў.
З украінскага боку ў гэтых перамовах бярэ ўдзел другі прэзыдэнт Леанід Кучма, і я перакананы, што Лукашэнка гарантуе яму бясьпеку. А Леанід Кучма ня хоча ехаць у Маскву для такіх перамоваў, бо ён, мякка кажучы, заклапочаны тым, што Расея зрабіла ў дачыненьні да Ўкраіны. Ехаць на тэрыторыю, якую кантралююць бандыты, ён таксама ня хоча. У выніку застаецца ня так шмат месцаў, куды б маглі прыехаць і прэзыдэнт Кучма, і пасол Зурабаў, і прадстаўнікі АБСЭ, і прадстаўнікі тэрарыстаў.
Як бы гэта ні дзіўна гучала, але Менск — гэта такое месца, куды могуць прыехаць і Кучма, і тэрарысты з аднолькавым перакананьнем, што зь імі нічога ня здарыцца. Зразумела, што Лукашэнка будзе гарантаваць бясьпеку і прадстаўнікам тэрарыстаў, бо ён зьвязаны пэўнымі адносінамі з Расеяй. Менск — ідэальнае месца для такіх перамоваў і, баюся, адзінае на зямлі. Хіба што ячшэ Алма-Ата, але туды даволі далёка ехаць».
Самасейка: Парашэнка папрасіў параіцца
Мікалай Самасейка, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах: «Кіраўнік нашай дзяржавы неаднаразова заяўляў, што для яго пасярэдніцтва непрымальнае. І ў дадзеным выпадку я не сказаў бы, што размова ідзе пра пасярэдніцтва ў яго чыстым выглядзе. Парашэнка папрасіў правесьці перамовы па вырашэньні ўкраінскага крызісу. То бок ён папрасіў, як я разумею гэта, параіцца.
А тое, што Аляксандар Рыгоравіч пагадзіўся, то гэта, як я думаю, азначае, што ён зыходзіць з таго, што для ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу добрыя ўсё мэтады, якія не дапускаюць разьвіцьця сілавога варыянту».
Мусіенка: Да меркаваньня Лукашэнкі прыслухоўваецца Крэмль
Сяргей Мусіенка, кіраўнік аналітычнага цэнтру EcooM: «Ад пачатку канфлікту ва Ўкраіне меркаваньне Беларусі што да гэтых падзеяў адрозьнівалася ад меркаваньня Расеі. Нашае меркаваньне было дакладна артыкулявана, з чаго расейскаму боку было зразумела, што мы не ідзём усьляпую ў фарватары гэтага руху. Таксама нашая пазыцыя была зразумелая Ўкраіне і Эўразьвязу.
Таму выбар нас як пасярэдніка абумоўлены для Ўкраіны тым, што мы ўзважана ставімся да сытуацыі і спрабуем у ёй разабрацца, пра што сьведчыць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Аляксандрам Турчынавым.
Я перакананы, што наш прэзыдэнт, пагадзіўшыся даць пляцоўку для перамоваў, ня думаў пра нейкую выгаду. Гэта наш боль — глядзець па расейскіх тэлеканалах, як славяне рэжуць адзін аднаго. Менск абраны яшчэ і таму, што мы сталіца СНД, а таксама нэўтральны бок у гэтым канфлікце, бо мы ня ўдзельнічаем у вайне. Зразумела, што ЗША ня могуць быць такім бокам-перамоўшчыкам. У Брусэлі ці Жэнэве таксама не атрымалася, не адбылося пералому ў вайне.
Таму Пятру Парашэнку зразумела, што ў Менску магчыма дасягнуць нейкага прагрэсу падчас перамоваў. Вядома, гэта складаны працэс, справа не аднаго дня, можа, і не аднаго тыдня. Але справа ў тым, што Аляксандар Лукашэнка — вельмі дасьведчаны чалавек, узважаны і аўтарытэтны палітык, да яго меркаваньня прыслухоўваецца Крэмль, і гэта разумее Парашэнка.
На працягу 20 гадоў палітыка Лукашэнкі паказвала практычную карысьць узважаных падыходаў — ацэнка сытуацыі і ўменьне знаходзіць кампрамісы. І цяпер гэта спрацавала. Абраньне нас у якасьці пляцоўкі — гэта вялізны плюс для Беларусі. Калі нам удасца спыніць вайну ва Ўкраіне, — гэта вялікая добрая справа».
Лагвінец: Ня думаю, што імідж Лукашэнкі на міжнароднай арэне моцна памяняецца
Палітоляг Алесь Лагвінец зьвяртае ўвагу, што Лукашэнка першым прапанаваў пляцоўку для перамоваў, а гэта азначае, што сустрэчы будуць адбывацца ў Беларусі:
«А так ці інакш гэта будзе ўзгадваньнем Беларусі і будзе надаваць пэўны міжнародны аўтарытэт Лукашэнку асабіста.
Мы сёньня глядзім на сытуацыю ва ўсходняй Украіне і бачым, што там дэ-факта ідзе вайна. Але любая вайна раней ці пазьней скончыцца. І калі мірнае пагадненьне ці прынамсі перамір’е будзе дасягнута на тэрыторыі Беларусі, гэта будзе атаясамлівацца з нашай краінай, ну і, зразумела, зь цяперашнім кіраўніком краіны. Відавочна, ён набярэ пэўныя міжнародныя балы ўнутры Беларусі. Я ня думаю, што моцна памяняецца яго імідж на міжнароднай арэне. Але ўнутры Беларусі ён зможа падмацаваць сваю рыторыку вось такім нібыта дасягненьнем».