Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Русские никогда не говорят правду»


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

З пачутага: «Русские никогда не говорят правду». Выглядае, што і прапаганда, і ідэалёгія і нават сама грамадзкая думка патрэбныя на тое, каб толькі не казаць праўды. У краіне, якая адчувае брак цывілізацыі, свабоды выбару і вяршэнства права. Нешта не чуваць пра прапаганду ў сучаснай Нямеччыне ці ідэалёгію ў Англіі, ці грамадзкую думку ў Нарвэгіі? Няма такіх фактараў палітыкі...

Адсюль усе гэтыя «ветлівыя войскі», пад дуламі якіх праводзіцца псэўдарэфэрэндум, і – «крымнаш». Хоць насамрэч паўвостраў захоплены на тое, каб захаваць Чарнаморскі флёт на выпадак, калі Ўкраіне ўдасца вырвацца са сфэры ўплыву Расеі. І менавіта гэта апошняе спараджае вайну ў Данбасе, а не «защита русскоязычного населения». А Крым, дарэчы, ніколі ня быў этнічнай Расеяй, таму ніякі ён і ня «наш».

Сфэра ўплыву – вось што тут галоўнае. Але як ты патлумачыш простаму чалавеку гэтую сфэру, у якую «можно только верить»? Вось і пяюць прапагандысты пра абарону рускамоўнага насельніцтва – матывацыю, зь якой можна пасылаць «ветлівыя войскі» хоць у Нямеччыну, хоць у ЗША, ды бадай у кожную краіну сьвету.

Расея – агрэсар, гэта прызналі ўсе міжнародныя арганізацыі. Але сама расейская прапаганда на гэта называе агрэсарамі ЗША і НАТО. Бо «русские никогда не говорят правду». Ані ЗША, ані НАТО не захопліваюць кавалкі Ўкраіны, каб распаўсюдзіць на іх «рускі мір». І ўсё, што яны могуць прынесьці ва Ўкраіну – цывілізацыю. Тыя ўмоўныя «цёплыя клязэты», якіх, паводле статыстыкі, няма ў кватэрах паловы расіян. Можна казаць пра безвыніковыя дзеяньні ЗША і НАТО ў розных краінах сьвету, але мэта іхнага ўдзелу ад гэтага не мяняецца: прынесьці цывілізацыю, свабоду выбару і вяршэнства права. А зусім не хаос, вайну і русіфікацыю, як гэта Расея робіць ва Ўкраіне. І ня толькі там. Расея нясе нам «рускі мір», а дзеці расейскага чынавенства выбіраюць для жыцьця ЗША і краіны НАТО. Так выглядае сярмяжная праўда. Але «русские никогда не говорят правду».

Гэта добра зразумеў Лукашэнка, які абраў для сябе адзіна магчымую лінію паводзінаў – дэманстрацыю ўсімі спосабамі ляяльнасьці Маскве. Пакуль Масква моцная. Так паводзілі сябе амаль усе кіраўнікі савецкіх рэспублік і краінаў сацыялістычнага лягеру. Калі нехта «брыкаўся», Масква ўводзіла танкі. Таму сядзелі ціха і гучна ўслаўлялі расейскі камунізм. Чакалі таго моманту, калі Расея аслабне. І як толькі гэта адбылося, хуценька абвясьцілі незалежнасьць і паўступалі ў НАТО, а пасьля і ў Эўразьвяз – туды, дзе цяпер набываюць вілы дзеці расейскага чынавенства. Туды, дзе дастаткова цывілізацыі, свабоды выбару і вяршэнства права.

Ну, а хто не пасьпеў, тыя засталіся ў сфэры ўплыву Расеі, якая зноў стала моцнай. А хто хоча з гэтага ўплыву вырвацца сёньня, атрымліваюць тое, што атрымала Ўкраіна – вайну ў Данбасе і праклёны бандэраўскім фашыстам. Хоць калі каму з вас даводзілася бываць у Львове, Івана-Франкоўску ці нават Кіеве, той толькі перасмыкне плячыма. Якія фашысты? Але «русские никогда не говорят правду».

Фашысты спатрэбіліся расейскай прапагандзе, каб расчляніць Украіну на «нашых» і «ворагаў». А Лукашэнку такі моцны акцэнт на гадавіне вызваленьня Менску спатрэбіўся, каб паказаць Маскве: мы – нашы. Трэба думаць, што ніякае рэабілітацыі ніякіх сілаў, што дзейнічалі ў часе вайны ў Беларусі не на баку Крамля і Лубянкі, бліжэйшым часам мы не дачакаемся. Менавіта таму, каб Масква не разгледзела ў Беларусі «беларускіх бандэраўцаў».

Апыніся сёньня на месцы Лукашэнкі чалавек, не настолькі закаханы ва ўладу, Беларусь, цалкам верагодна, ужо стала б часткаю Расеі або атрымала б на сваёй тэрыторыі вайну. Гэта пры ўсіх «заслугах» Лукашэнкі перад беларускай мовай і нацыянальнай культурай. За дваццаць гадоў на пасадзе Лукашэнка аформіўся ў такога сабе Герэка, кіраўніка «краіны сацыялістычнага лягеру» – краіны, якой даводзіцца чакаць паслабленьня Расеі, усімі сіламі разьвіваць сваю самабытнасьць і праслаўляць Маскву, пры тым ня верачы ніводнаму слову Крамля. Бо «русские никогда не говорят правду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG