Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыбыў новы кіраўнік дыпляматычнай місіі ЗША


Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд прыбыў у Менск 30 чэрвеня 2014 году.


Скот Роланд зьмясьціў свой першы зварот на Youtube:


«Я вельмі рады прыступіць да выкананьня абавязкаў кіраўніка амбасады ЗША ў Беларусі. Спадзяюся, што мой 20-гадовы досьвед працы на дыпляматычнай службе дапаможа ў пашырэньні адносінаў паміж дзьвюма нашымі краінамі», — кажа спадар Роланд.

«Я ўжо двойчы меў прыемнасьць пабываць у Менску. Спачатку студэнтам, калі правёў тут цэлы месяц у 1983-м, а затым — зімой 1988 году ў якасьці экскурсавода на выставе „Інфарматыка ў жыцьці ЗША“, арганізаванай Інфармацыйным агенцтвам Злучаных Штатаў. Падчас абедзьвюх паездак я з асаблівай цікавасьцю знаёміўся з горадам і яго жыхарамі і зараз зь нецярпеньнем чакаю магчымасьці нарэшце пабачыць астатнюю Беларусь, пазнаёміцца з жыхарамі ўсіх куткоў краіны».

Далей новы кіраўнік дыпляматычнай місіі кажа:

«Будучы заўзятым фатографам, я зрабіў дзясяткі тысячаў здымкаў тых мясьцін, дзе жыў і працаваў. Мне б хацелася папоўніць сваю калекцыю фатаграфіямі людзей і цікавых мясьцін Беларусі, і я спадзяюся атрымаць ад вас каштоўныя парады наконт таго, куды варта накіраваць аб’ектыў».

«Разам з калегамі я буду працаваць над пашырэньнем супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Цэнтрам гэтых намаганьняў будзе амбасада, а таксама беларускі народ і нашы партнэры па ўсёй краіне. (...) Я спадзяюся сустрэцца і пагаварыць з многімі з вас падчас майго знаходжаньня ў Беларусі, як асабіста, так і праз сацыяльныя сеткі», — кажа Скот Роланд.

Даведка Радыё Свабода: Скот Роланд

Раней сп. Роланд працаваў дырэктарам Праграмы дарадцаў па міжнародных справах пры Бюро ваенна-палітычных пытаньняў у Дзярждэпартамэнце ЗША (2012–14), служыў у якасьці аташэ па пытаньнях інфармацыі, адукацыі і культуры ў амбасадах ЗША ў Куала-Лумпуры (2010–12), Кабуле (2008–09), Франкфурце (2005–07) і Кіта (2000–2003); быў генэральным консулам у Екацерынбургу (2003–05), дырэктарам інфармацыйнага цэнтру ў Ісьлямабадзе (1998–2000), адмыслоўцам па праграмах разьвіцьця новых нямецкіх фэдэральных земляў у Бэрліне (1995–98) і памочнікам аташэ па сувязях з грамадзкасьцю ў Баку (1993–94). Ён сябра Вышэйшай дыпляматычнай службы, валодае расейскай, нямецкай і гішпанскай мовамі.

Да прыходу на службу ў Дзярждэпартамэнт Скот Роланд быў правадніком ідэі дыстанцыйнай адукацыі, выкладаў расейскую мову з дапамогай тэлебачаньня для студэнтаў вясковых школ штату Вісконсін з 1990 па 1993 год. У 1992 годзе Нацыянальны гуманітарны фонд ЗША прысвоіў яму званьне «Заслужаны пэдагог». Першы прафэсійны досьвед за мяжой сп. Роланд атрымаў у 1982–84 гг. у Нямеччыне, дзе выкладаў ангельскую мову ў школе Berlitz у Вісбадэне і вучыўся ва ўнівэрсытэце Ёгана Гутэнбэрга ў Майнцы. У 1988 годзе працаваў гідам на выставе «Інфарматыка ў жыцьці ЗША», арганізаванай Інфармацыйным агенцтвам ЗША (USIA) у Менску, Ленінградзе і Магнітагорску.

Скот жанаты, мае дваіх дзяцей — Патрыка і Аляксандру.

Выпускнік школы Big Foot ва Ўолварце, штат Вісконсін. Атрымаў ступень бакаляўра эўрапейскай гісторыі ва ўнівэрсытэце Чыкага ў 1981 годзе і ступень магістра ў галіне расейскай мовы і літаратуры ва ўнівэрсытэце штату Агаё ў 1986 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG