Паводле Портнікава, у выніку перавароту месца Аляксандра Лукашэнкі можа заняць новы прэзыдэнт, пры якім адбудзецца дэмантаж беларускай дзяржаўнасьці на карысьць Расеі.
Радыё Свабода папрасіла Віталя Портнікава пракамэнтаваць факт удзелу расейскай вайсковай тэхнікі і расейскіх вайскоўцаў у парадзе 3 ліпеня ў Менску.
Для ўдзелу ў менскім парадзе Расея накіравала ў Беларусь «Іскандэры», С-400, бронеаўтамабілі «Тыгр», верталёты «Ка-52» і самалёты «Су-34». Напярэдадні 3 ліпеня ў Менск прыбудзе расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Афіцыйна ягоны візыт тлумачаць удзелам у цырымонія адкрыцьця новага музэю Вялікай Айчыннай вайны.
Як ставіцца да прысутнасьці расейскіх войскаў у Менску на фоне ўкраінска-расейскага вайсковага крызісу? Камэнтар Віталя Портнікава:
«Расеі важна закамуфляваць іміджавы правал ад той найцяжэйшай паразы, якую яна пацярпела сёньня. Што б мы ні казалі, як бы Расея далей ні дэстабілізавала сытуацыю на паўднёвым усходзе Ўкраіны, падпісаньне Ўкраінай, Грузіяй і Малдовай пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам – гэта самая сур’ёзная геапалітычная параза Расеі. Гэта крах ілюзіяў адносна магчымасьцяў адраджэньня Расейскай імпэрыі.
І цяпер для Ўладзімера Пуціна вельмі важна давесьці, што гэтая імпэрыя ўзнаўляецца. Мяркуючы па ўсім, у ёмістай формуле «Крымнаш» доказнасьці ўжо недастаткова. Па-першае, у Расеі няма магчымасьцяў, каб прадэманстраваць Крым як пасьпяховую тэрыторыю, бо там шмат праблемаў. А па-другое, калі «Крымнаш», то трэба ісьці далей на заваяваньне іншых украінскіх земляў, а ў Расеі цяпер няма для гэтага рэсурсаў.
Таму Расея пачынае новыя дэманстрацыі – напрыклад, дэманстрацыю непарушнага сяброўства з Рэспублікай Беларусь. Для мяне гэта ня дзіўна яшчэ з адной прычыны: расейская палітыка не пакідае выбару. Калі эўрапейская мадэль суседзтва была задуманая як магчымасьць знайсьці сваё месца ў стасунках з Эўразьвязам, пры гэтым не парываючы гістарычных і эканамічных сувязяў з Расеяй, – то для Расеі любыя такія дзеяньні накіраваныя на дэмантаж яе ўяўленьняў пра будучыню. А яе ўяўленьні пра будучыню – гэта зьнікненьне нашых з вамі краінаў з мапы сьвету і замена іх адной-адзінай – Расейскай Фэдэрацыяй. Яна можа называцца па-іншаму, як гэта ня раз было, – Савецкі Саюз ці Эўразійскі саюз. Але сутнасьць ад гэтага не мяняецца.
Выбар вельмі просты: альбо гэта выбар, які зрабілі ўкраінскія грамадзяне, абараніўшы свой шлях у Эўропу на Майдане. Гэта шлях незалежнай дэмакратычнай дзяржавы, якая сама вырашае сваю будучыню.
Альбо гэта выбар, які робяць сёньня жыхары Беларусі – выбар на карысьць дэмантажу ўласнай дзяржаўнасьці. Цалкам магчыма, што гэты дэмантаж, калі яму зараз у сілу ўжо сваіх асабістых інтарэсаў супрацьстаіць Аляксандар Лукашэнка, адбудзецца пры наступным кіраўніку беларускай дзяржавы, які будзе пасаджаны на трон намаганьнямі тых жа расейскіх вайскоўцаў, якія сёньня разьяжджаюць на парадзе, а заўтра будуць удзельнікамі вайсковага перавароту ў Менску».