Савет Фэдэрацыі Расеі адмяніў дазвол прэзыдэнту Пуціну выкарыстоўваць армію на тэрыторыі Ўкраіны.
Як перадае УНІАН, за такое рашэньне прагаласавалі 153 расейскія сэнатары, супраць быў адзін.
«Савет Фэдэрацыі пастанаўляе адмяніць пастанову Савету Фэдэрацыі ад 1 сакавіка 2014 г. № 48-ФЗ аб выкарыстаньні Ўзброеных сіл РФ на тэрыторыі Ўкраіны. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу з моманту яе прыняцьця», — зачытаў зьмест дакумэнту старшыня камітэту Савету Фэдэрацыі па абароне і бясьпецы Віктар Озераў.
24 чэрвеня Пуцін накіраваў ліст у Савет Фэдэрацыі, прапануючы ў мэтах нармалізацыі абстаноўкі і ўрэгуляваньня сытуацыі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, а таксама ў сувязі з пачаткам трохбаковых перамоваў па гэтым пытаньні адмяніць пастанову Савету Фэдэрацыі ад 1 сакавіка 2014 № 48-ФЗ аб выкарыстаньні Ўзброеных сіл РФ на тэрыторыі Ўкраіны.
Таксама 24 чэрвеня Пуцін патлумачыў, што прасіў Савет Фэдэрацыі даць згоду на прымяненьне арміі ў сувязі з «падзеямі вакол Крыму»:
«Я такі ліст у Савет Фэдэрацыі накіраваў. З чым гэта зьвязана: па-першае, з тым, што атрымана такое рашэньне — мая просьба даць такое рашэньне была накіравана ў той момант, калі разгортваліся падзеі вакол Крыму. Я не выключаў магчымасьці прымяненьня Ўзброеных сіл. Мы выкарыстоўвалі для блякаваньня некаторых узброеных фармаваньняў украінскай арміі з тым, каб яна не замінала працэсу волевыяўленьня».
1 сакавіка Савет Фэдэрацыі Расеі аднагалосна прыняў прапанову Пуціна аб магчымым увядзеньні войскаў ва Ўкраіну.
Самае папулярнае
1