Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засталося Менску ад хакейнага чэмпіянату


Ацаніць «неспартовыя вынікі» для Менску чэмпіянату сьвету па хакеі, які днямі завяршыўся, Свабода папрасіла афіцыйнага і незалежнага экспэртаў.

Паводле старшыні Фэдэрацыі хакея Беларусі, кіраўніка Дырэкцыі па правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году Яўгена Ворсіна, на правядзеньне чэмпіянату сьвету патрацілі да 10 мільёнаў эўра. Але нядрэнна і зарабілі — толькі на квітках больш за 11 мільёнаў эўра.

У Менску пабудавалі 14 новых гатэляў, «Чыжоўка-арэну», аквапарк «Лябяжы», рэканструявалі Нацыянальны аэрапорт, праклалі новыя дарогі, зрабілі транспартныя разьвязкі.

Зона гасьціннасьці зь летнімі кавярнямі, гандлёвымі шэрагамі каля Палацу спорту так спадабалася ня толькі гасьцям сталіцы, але і менчукам, што яе вырашылі пакінуць.

Застанецца і ангельская мова ў мэтро.

Рабухін: «Гэта магутны рывок ва ўсім: у абслугоўваньні, транспарце, разьвіцьці інфраструктуры»

Мэнэджэр па прасоўваньні Дырэкцыі па правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі Пётар Рабухін пералічвае, што набыў Менск у сувязі з чэмпіянатам, пачынаючы зь літары «А»:
Замежныя турысты, што наведалі Беларусь, пераканаліся, што ў нас па вуліцах ня ходзяць мядзьведзі, і мы ня ходзім у шапках-вушанках
«У першую чаргу, аэрапорт — рэканструявалі Нацыянальны аэрапорт. Потым — арэны. „Менск-арэна“ — шматфункцыянальны спартовы комплекс. „Чыжоўка-арэна“ — яшчэ круцей: шматфункцыянальны спартова-забаўляльны культурны цэнтар. То бок там коўзанкі, боўлінгі, більярд, рэстараны, бары — чаго там толькі няма! І гэта застанецца для жыхароў мікрараёну Чыжоўка. Аўтамабільныя разьвязкі, дарогі. 14 новых гатэляў. А самае галоўнае — гэта замежныя турысты, што наведалі Беларусь, пераканаліся, што ў нас па вуліцах ня ходзяць мядзьведзі, і мы ня ходзім у шапках-вушанках. Так што зь нецярплівасьцю чакаем гэтых турыстаў на іншыя спаборніцтвы. Дый наагул, спадзяемся на наплыў турыстаў. Тым больш, столькі гатэляў новых набудавалі!

Дарэчы, сёньня мы даведаліся, што ў красавіку 2015 году ў Менску пройдзе чэмпіянат сьвету па футзалу. Практычна любыя спаборніцтвы ўсясьветнага ўзроўню мы можам правесьці, маючы досьвед.

Яшчэ чэмпіянат навучыў сфэру абслугоўваньня ветлівасьці, кантактнасьці, гасьціннасьці. Гэта магутны рывок ва ўсім: у абслугоўваньні, транспарце, разьвіцьці інфраструктуры. А самае галоўнае — гэта зносіны, кантакты паміж людзьмі, добразычлівасьць».

Пётар Рабухін спадзяецца, што пасьля чэмпіянату сьвету павялічыцца колькасьць замежных турыстаў, і новыя гатэлі будуць запаўняцца.

Харэўскі: «Менск стаў выглядаць больш салідна і па-эўрапейску»

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі пагаджаецца, што да чэмпіянату было сапраўды зроблена шмат карыснага:

«Шмат зрабілі па добраўпарадкаваньні гораду, па завяршэньні даўгабудаў, шмат пабудавалі, адрамантавалі. Безумоўна, усё гэта застанецца.

Відавочны цывілізацыйны прарыў у тым, што ў мэтро пачалі абвяшчаць па-ангельску. У горадзе, дзе стагодзьдзі не гучала іншая мова, нарэшце яна прарвалася. Людзі, што займаліся абслугоўваньнем гасьцей, пачынаючы ад тых, хто працаваў на касах, і заканчваючы міліцыянтамі, атрымалі досьвед, як працаваць ва ўмовах, калі прыяжджае шмат людзей з розных краінаў.

Горад стаў прыгажэйшы, гарадзкія службы прайшлі важны экзамэн, Менск стаў выглядаць больш салідна і па-эўрапейску.

Што датычыцца ўсёй гэтай сымболікі, нейкіх ідэйных, палітычных дывідэндаў, думаю, яны невялікія. Таму што мы жывем ня ў вакуўме; падзеі, якія адбываюцца сёньня ва Ўкраіне, крызісы вакол нас робяць гэты прарыў зьнешнепалітычны мала актуальным і не такім відавочным.

Натуральна, што застанецца ў памяці — гэта грандыёзныя выставачныя праекты. Найперш, гэта праект у Нацыянальным мастацкім музэі „10 стагодзьдзяў беларускага мастацтва“, выстава ў музэі сучаснага мастацтва „100 гадоў беларускаму авангарду“ і велізарная мастацкая выстава ў Выставачным комплексе. Гэта эпахальныя рэчы, унікальныя праекты, прымеркаваныя да чэмпіянату, і ад гэтых выставаў мы цяпер будзем адмяраць наступны этап гісторыі беларускага мастацтва. Для калямастацкай публікі, мастакоў — гэта фантастычная, грандыёзная зьява.

У цэлым я б ацаніў гэтую дзейнасьць вакол чэмпіянату вельмі станоўчай. Былі дробныя нязручнасьці, але перабольшваць нэгатыўныя наступствы не выпадае. Ну, пацярпелі два тыдні нязручнасьці, але станоўчых эмоцый значна больш».
XS
SM
MD
LG