Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарцы ў Кіеве: «Сэрца парэзанае на шматкі»


У чэргах на выбарчыя ўчасткі ў сталіцы Ўкраіны пастаяла кіеўская журналістка беларускага паходжаньня Алена Літвінава, якая напісала свой рэпартаж для сайту Свабоды.

Cёньня ў Кіеве, як, дарэчы, і па ўсіх рэгіёнах Украіны, незвычайна для нядзелі шматлюдна. Інтэнсіўныя людзкія патокі, як на аўтамабільных дарогах у час пік, па ўсіх правілах дарожнага руху кіруюцца да школ і дзіцячых садкоў, у якіх пераважна разьмяшчаюцца выбарчыя ўчасткі. Па гэтых патоках участак можна знайсьці беспамылкова.

— Я, як і казала, буду галасаваць за Рабіновіча. Ты мяне не пераконвай, — патрабуе жанчына ад свайго мужа на падыходзе да ўчастку.

— Тады я буду за Дарта Вэйдэра, — адказвае ёй муж.

— А я... А я... А я яшчэ ня вырашыла, — намагаецца падтрымаць размову сваіх бацькоў маленькая дачка, якой чакаць права на выбар яшчэ гадоў 12. Дарэчы, кандыдат у прэзыдэнты Вадзім Рабіновіч вёў неардынарную выбарчую кампанію, якая часам нагадвала бэнэфісы расейскага сатырыка, выхадца з Украіны Міхаіла Жванецкага.

«Дайце нам тры месяцы, і мы за год зробім парадак у краіне», — заяўляў ён у сваіх тэлевізійных рэклямных роліках.

Але ўсё ж такі пераважная частка выбарцаў падышла да свайго выбару сьвядома, з адказнасьцю. Ня час сьмяяцца, калі ў краіне фактычна ваеннае становішча.

Невялікі выбарчы ўчастак у адным са спальных раёнаў Кіева. Чарга прыкладна на тры гадзіны. Большасьць выбарцаў чакаюць, іншыя сыходзяць, каб прагаласаваць пазьней, калі ажыятаж спадзе.

— Я буду стаяць за перамогу, за нашу перамогу, — кажа мне пэнсіянэр Уладзімер. — Я зрабіў свой выбар даўно, 23 гады таму. Але, зразумела, Майдан часткова паўплываў на мой выбар. Эўрамайдан, не Антымайдан. Я чакаю ад гэтых выбараў стабільнасьці і парадку, каб мы жылі па-хрысьціянску, не забівалі і не стралялі адзін у аднаго. Паглядзіце, сэрцы выразаюць, жываты распорваюць. Вось што страшна! І гэтая чума прыйшла да нас з Масквы.

Адпаведна заканадаўству ў памяшканьні выбарчага ўчастку на інфармацыйных стэндах прадстаўленыя праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты, у мэры сталіцы, а таксама партыяў, якія балятуюцца ў Кіеўскую гарадзкую раду. Але ніхто з выбарцаў іх не вывучае. Усе прыйшлі, цьвёрда ведаючы сваіх кандыдатаў на прэзыдэнта, мэра і дэпутата.

— Мы расейкі, але даўно жывем ва Ўкраіне. Я лічу, што Майдан быў правільным адказам на дзеяньні ўлады, і мы прагаласавалі за тых палітыкаў, якія выступілі за народ, за справядлівасьць, — распавядаюць мне дзьве пажылыя жанчыны, але адмаўляюцца падзяліцца сваім выбарам. Маладзейшыя выбарцы сваіх сымпатыяў не прыхоўваюць:

— Я галасавала за Пятра Парашэнку, — паведаміла мне студэнтка аднаго з кіеўскіх унівэрсытэтаў Сьвятлана. Яна другі раз у сваім жыцьці прыйшла на выбары. — Мы з аднакурсьнікамі абмяркоўвалі, за каго галасаваць. Але кожны робіць свой выбар. Мяне намагаліся пераканаць, што Парашэнка — ня лепшы, што ён хлусіць, што яму няма веры... Але я лічу, што Парашэнка можа нешта зьмяніць у нашай краіне.
Каля выбарчых участкаў людна
Каля выбарчых участкаў людна

Наступная мая суразмоўніца Аліна на папярэдніх выбарах у 2010 годзе галасавала спачатку за Сяргея Цігіпку, а ў другім туры — за Віктара Януковіча:

— З тых кандыдатаў, якія зарэгістраваныя, Парашэнка — адзіны, хто ў мяне выклікае давер. Ва ўсякім выпадку, у мяне ёсьць такая надзея на яго. Я не магу сказаць, што падзеі на Майдане ў Кіеве наўпрост паўплывалі на мой выбар. Хутчэй за ўсё, вырасла ўнутранае пачуцьцё самасьвядомасьці як украінкі. Сэрца парэзанае на шматкі.

Яшчэ адна мая суразмоўніца Галіна яшчэ не галасавала — чакае, калі спадзе ажыятаж і можна будзе зрабіць свой выбар без чаргі. У яе сям’і на гэты раз поўнае паразуменьне — маладое і сталае пакаленьні робяць аднолькавы выбар, кажа яна:

— Калі раней у нас перад выбарамі былі сваркі, хто за каго і чаму будзе галасаваць, хто за Януковіча, хто за Цімашэнку... Ой, чаго толькі не было... А зараз усе аднастайныя ў сваім выбары. Вельмі хочацца, каб хутчэй у нас быў абраны легітымны прэзыдэнт. Я ня думаю, што зьмены адбудуцца вельмі хутка. Разьлічваю, што праз год ужо можна будзе гаварыць пра нейкія пэўныя зьмены. Але я ня думаю, што Крым калі-небудзь вернецца да Ўкраіны. Але раптам? Хто мог паверыць у тое, што Ўкраіну пачнуць разрываць на часткі? У нас так усё хутка мяняецца...

Дарэчы, у пазачарговых выбарах прэзыдэнта Ўкраіны бяруць удзел больш за 6 тысяч крымчанаў. Гэта вельмі мала, калі ўлічваць, што ў сьпісах выбарцаў Крыму да яго анэксіі Расеяй было больш за 1 мільён грамадзян. Яшчэ больш украінскіх грамадзян ня змогуць рэалізаваць сваё выбарчае права на ўсходзе краіны — з 22 акругаў у Данбасе сёньня з раніцы ўчасткі адкрыліся толькі ў 8. Але гэта, як сьцьвярджаюць у Цэнтральнай выбарчай камісіі, ня будзе ўплываць на факт вызначэньня, што выбары ва Ўкраіне адбыліся. Ва ўсіх рэгіёнах Украіны выбарцы дэманструюць ня толькі надзвычайную для апошніх выбараў актыўнасьць, але і надзвычайны ўзровень чаканьняў. Галоўнае, каб гэта чарговым разам не завяршылася вялікімі расчараваньнямі. І гэта ўжо будзе залежаць толькі ад новай легітымнай улады.
XS
SM
MD
LG