Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей пад грукат вайны


Два месяцы засталіся да пачатку чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску. У аўральным рэжыме даводзіцца да ладу інфраструктура, даабсталёўваюцца лядовыя арэны, у тры зьмены будуюцца гатэлі. Тым часам міжнародная супольнасьць аднавіла заклікі да Міжнароднай фэдэрацыі хакею забраць у Беларусі першынства: расейская агрэсія супраць Украіны паказвае, ува што ператвараецца спорт у руках аўтарытарных рэжымаў.

Ад 1 траўня ў Менску пачнуць працаваць так званыя зоны гасьціннасьці, дзе заўзятарам і турыстам будуць прапаноўваць сувэніры і вырабы рамесьнікаў. Да гэтай даты павінны здаць і дзясятак гатэльных даўгабудаў, іначай многіх патэнцыйных гасьцей ня будзе дзе сяліць. Між тым, некаторыя будынкі далёкія ад этапу нават зьнешняй аддзелкі, працягваюцца працы ў «Чыжоўка-Арэне», якую пасьля шматлікіх адтэрміновак нібыта афіцыйна здалі пры канцы мінулага году.

З праяваў інтэрнацыяналізацыі — найперш англамоўнае дубляваньне назваў вуліц ды блізкіх да арэны аб’ектаў. У той жа Чыжоўцы 10-ты шпіталь аздоблены ўдакладненьнем «City Clinic» — мабыць, каб разгарачаныя фанаты ведалі, куды зьвяртацца ў надзвычайных выпадках на глебе заўзеньня. Пасажыраў менскага мэтрапалітэну па-ангельску папярэджваюць, каб былі пільныя і неадкладна дакладалі ахове пра «безгаспадарныя прадметы» (як гучыць у беларускай вэрсіі). А вось рэклямныя шчыты пераважна расейскамоўныя — відавочна, якіх гасьцей чакаюць найперш.

Зрэшты, у аншляг на менскім чэмпіянаце ня вераць нават адмыслоўцы. Пасьля нядаўняга алімпійскага турніру прыезд камандаў-фаварытаў у Беларусь мацнейшымі складамі практычна выключаны, што ніяк не спрыяе ажыятажу. Да таго ж, дадаўся палітычны складнік. З-за расейскай інтэрвэнцыі ў Крым адносіны ЗША, Канады, краінаў Эўразьвязу з Расеяй абвастрыліся, што можа спрычыніцца да байкоту бліжэйшага хаўрусьніка Крамля. Нават тое, што ЗША гуляе ў адной групе з Расеяй, за акіянам успрымаюць крытычна.

Пуцінская агрэсія супраць Украіны на фоне Паралімпіяды ў Сочы ўжо актывізавала ініцыятывы, скіраваныя на забарону буйных спартовых імпрэзаў у аўтарытарных краінах. Праваабаронцы заклікаюць адмяніць футбольны чэмпіянат сьвету-2018 у Расеі, зноў гучаць патрабаваньні перанесьці хакейнае першынства-2014 зь Беларусі. Наколькі рэальна ажыцьцявіць падобныя захады? Спартовы аглядальнік Аляксандар Пуціла кажа, што на шляху ініцыятываў паўстаюць высокапастаўленыя лабісты рэжымаў:
«Наўрад ці гэта спробы Захаду, як сьцьвярджае прапаганда, перасьледаваць нейкія свае інтарэсы, магчымасьць помсьціць і г.д. Арганізатары падобных ініцыятываў выдатна разумеюць: Лукашэнку ўжо не пераменіш, ён ня зломіцца ў сваёй упартай нянавісьці да ўсіх іншадумцаў. Для яго галоўнае — захаваць уладу, гэта адзіная і непаўторная мэта; ён неяк публічна заявіў, што яму пляваць на тое, калі раптам забяруць чэмпіянат, маўляў, усё роўна зборная дрэнна гуляе. Натуральна, сьледам за гэтай агітацыяй за перанос першынства абавязкова пойдуць і іншыя акцыі, хоць, зноў жа, усе добра разумеюць, што рэжым мяняцца ня будзе. Справа ў тым, што тут мала аднаго аўтарытэту прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля, якому гэта ўсё адрасуецца, бо ён ужо ня раз заяўляў, што чэмпіянат пройдзе ў Менску. Але калі ціснуць магутныя ўсясьветныя арганізацыі, Фазэль павінен да іх прыслухоўвацца, як бы цяжка яму гэта ні было».

Жарсьці вакол усясьветнага чэмпіянату-2014 разгортваюцца на тле глыбокага крызісу ў беларускім хакеі: гэты від спорту, нягледзячы на вялізныя дзяржаўныя ўліваньні і асабісты патранат з боку Аляксандра Лукашэнкі, ніяк ня можа выкараскацца са дна. Нацыянальная зборная спачатку праваліла адборачны алімпійскі турнір і ў рангу фаварыта групы нечакана праляцела міма Сочы, а на сёлетніх спарынгах умудрылася прайграваць заштатным аўтсайдэрам кшталту Італіі і Польшчы. Пры тым, што на хатняе першынства задача ставілася амбітная — змагацца за мэдалі.

Ня радуе і менскае «Дынама», якое выступае ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе. Каманда ня толькі ня здолела выканаць задачу-мінімум — трапіць у стадыю плэй-оф, а фінішавала на 26-й пазыцыі з 28. Цяпер менчукі гуляюць у так званым «Кубку надзеі», які яшчэ называюць «кубкам лузэраў». Дарэчы, месячны заробак асобных хакеістаў параўнальны з прыбыткам простых сьмяротных за 10 гадоў (50 тысяч даляраў супраць 500 сярэдніх па краіне).

Як кажа хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла, па-ранейшаму абмежаваны выбар кваліфікаваных трэнэраў, безь якіх ня толькі немагчыма ажывіць шматлікія лядовыя палацы, але і падрыхтаваць пару-тройку канкурэнтаздольных хакеістаў на бліжэйшую будучыню:
У нас палацаў шмат, а спэцыялістаў, якія здольныя хоць некага вырасьціць з наяўнага матэрыялу, вельмі мала
«Натуральна, трэнэраў не хапае і ня можа хапаць, бо ў нас палацаў шмат, а спэцыялістаў, якія здольныя хоць некага вырасьціць з наяўнага матэрыялу, вельмі мала. Тыя ж гульцы, якія пагулялі на добрым узроўні, прынамсі ў КХЛ, наўрад ці пасьля „адстаўкі“ захочуць паехаць у рэгіёны. Найперш, на пэрыфэрыі заробкі — тры капейкі. І не таму, што гэта норма, а таму, што мясцовыя бюджэты ня могуць даць ім больш, бо ўвесь народ заняты пераважна на перапрацоўцы: у нейкіх раёнах больш прамысловасьць разьвітая, у іншых — сельская гаспадарка. Адкуль прыбыткі? Таму я перакананы: ня можа быць так, каб краіна, якая нічога не здабывае, ня мае амаль што ніякіх карысных выкапняў (апроч калійнай солі), раздавала асобным прывілеяваным групам нейкія завоблачныя заробкі. Але завоблачныя і не патрэбныя, неабходна даць проста прыстойныя заробкі, адэкватныя цяперашняму ўзроўню цэнаў».

Чэмпіянат сьвету па хакеі-2014 заплянаваны ў Менску з 9 па 25 траўня, 16 камандаў падзеленыя на дзьве групы. У «Менск-Арэне», якая зьмяшчае 15 тысяч гледачоў, на папярэднім этапе згуляюць Фінляндыя, Расея, ЗША, Швайцарыя, Нямеччына, Латвія, Беларусь, Казахстан. У «Чыжоўка-Арэне», разьлічанай на 10 тысяч месцаў, сыдуцца Швэцыя, Чэхія, Канада, Славаччына, Нарвэгія, Данія, Францыя, Італія. На час чэмпіянату замежнікам абяцаюць бязьвізавы ўезд на падставе квітка — яго трэба будзе паказаць памежнікам, перасякаючы беларускую мяжу.
XS
SM
MD
LG