Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне і шлюб з асуджаным


Дазвол на вясельны пацалунак. Шлюбныя пары пасьля рэгістрацыі ў Данецкай калёніі строгага рэжыму ва Ўкраіне
Дазвол на вясельны пацалунак. Шлюбныя пары пасьля рэгістрацыі ў Данецкай калёніі строгага рэжыму ва Ўкраіне

Як сьведчаць супрацоўнікі пошты, 14 лютага або дзень сьвятога Валянціна адзначаецца сапраўдным выбухам карэспандэнцыі з чырвонымі сэрцайкамі на канвэртах.

Большасьць лістоў — з волі ў калёніі і наадварот. Паводле адной з вэрсіяў, раньнехрысьціянскі сьвяты пакутнік Валянцін, у гонар якога названае сьвята каханых, за кратамі закахаўся ў дачку турэмніка і таемна слаў ёй свае прызнаньні ў пачуцьцях, якія і пачалі звацца «валянцінкамі». Згодна зь іншай легендай, аўтарам самай першай валянцінкі — любоўнага пасланьня ў форме сэрцайка — быў герцаг Арлеанскі, які, трапіўшы ў няволю, пачаў складаць рамантычныя вершы для жонкі. Пазьней мода на такія пасланьні разышлася па ўсёй Эўропе.

У любым выпадку, мяркуе намесьніца дырэктара «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч, якая была замужам за асуджаным, а цяпер абараняе правы зьняволеных і іх сем’яў, нашы беларускія ЗК сёньня таксама някепска налаўчыліся складаць рознага кшталту любоўныя пасланьні ды прызнаньні. Нярэдка паштовыя раманы паміж зусім незнаёмымі дагэтуль людзьмі прыводзяць і да больш сур’ёзнага кроку — да шлюбу.

Ці ўзялі б вы шлюб з тым, хто за кратамі?

З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да жыхарак Магілёва непадалёк ад мясцовай турмы.

Меркаваньні ўдзельніц апытаньня падзяліліся. Прыкладна палова выказалася за тое, што з ЗК можна стварыць сям’ю — галоўнае, каб было пачуцьцё. Другая палова скептычна паставілася да пэрспэктывы шлюбу са зьняволеным ці былым асуджаным, бо, на іх погляд, няма веры, што такі чалавек можа зьмяніцца. Некаторыя адзначылі, што за кратамі могуць быць і невінаватыя...

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:14 0:00
Наўпроставы лінк


Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, «калі б у турмах Беларусі, як, напрыклад, у Расеі, ЗК маглі карыстацца мабільнікамі, то шлюбы паміж зусім незнаёмымі вольнымі жанчынамі ды сядзельцамі маглі б ператварыцца ў сапраўдную эпідэмію. У Расеі такая эпідэмія буяе».

Усё пачынаецца з таго, што зьняволены камусьці тэлефануе і быццам бы памыляецца нумарам. Завязваецца размова. Потым новыя званкі... І ўжо жанчына знаходзіць у тым незнаёмцу сваё вялікае каханьне, якое заканчваецца вясельлем за кратамі.

Алена Красоўская-Касьпяровіч
Алена Красоўская-Касьпяровіч
«Як правіла, — кажа праваабаронца, — такія шлюбы нядоўгія. Для саміх ЗК — гэта свайго роду забава. Чым кепска, калі атрымліваеш перадачы, грашовыя пераводы ды яшчэ й маеш магчымасьць сустрэцца з жанчынай у інтымнай абстаноўцы? У Беларусі гэта маштабу эпідэміі не набывае з простай прычыны: у нашых вязьніцах мабільнікі забароненыя, і такой шырокай магчымасьці памыляцца нумарамі ў ЗК няма. А таму нашы зьняволеныя дзеля флірту выкарыстоўваюць ліставаньне, з дапамогай сяброў на волі разьмяшчаюць рэкляму, каб нехта ім напісаў... Я ведаю такія шлюбы „па перапісцы“. Яны распадаюцца вельмі часта».

Зразумела, у жыцьці здараюцца самыя розныя выпадкі. Некаторыя сьведчаць пра глыбокія намеры абодвух бакоў. Як правіла, тут людзі былі раней знаёмыя ці нават жылі ў так званым грамадзянскім шлюбе. Менавіта турма зь яе савецкай сыстэмай дазволу на спатканьні падштурхоўвае зарэгістраваць шлюб афіцыйна. «Нават калі б размова ішла толькі пра адно кароткае спатканьне ў год, мы б усё роўна пайшлі на гэты крок», — кажуць удзельніцы нашай сёньняшняй праграмы — праваабаронца «Плятформы», удава былога асуджанага за крымінальныя злачынствы Алёна Красоўская-Касьпяровіч, жонка маскоўскага палітвязьня, фігуранта справы Балотнай плошчы Тацяна Паліховіч, жонка менскага палітвязьня, фігуранта справы анархістаў Лера Хоціна. Ува ўсіх трох параў вясельле праходзіла за кратамі.

10-хвіліннае вясельле на Бутырцы


Адмысловых паштовак з сэрцайкамі з нагоды 14 лютага ані Таня, ані яе муж адно аднаму ня шлюць. Гэтае «сьвята» — чарговы спосаб зарабіць на спажыўцах, лічаць абое. А каханьне — яно або ёсьць штодня, або яго няма ўвогуле.

...Наша сустрэча з Тацянай Паліховіч адбываецца ў Менску ў студзені ў кавярні непадалёк ад чыгуначнага вакзалу. Да яе цягніка ў Маскву — пара гадзін. Да пачатку судовага працэсу над мужам — арыштантам Бутыркі ды фігурантам справы Балотнай плошчы — пара тыдняў. 23-гадовы Аляксей Паліховіч абвінавачваецца ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» ды «ўжываньні гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады». Віна Аляксея не даказаная. Калі мы размаўляем, Таня спадзяецца на мінімальны тэрмін.

Тацяна Паліховіч
Тацяна Паліховіч
«Сам артыкул прадугледжвае ў сукупнасьці пакараньне да 13 гадоў. — кажа дзяўчына. — Аднак у Расеі адрозна ад Беларусі, з улікам таго, што чалавек раней ніколі ня быў асуджаны, звычайна даюць па мінімуму. Мы разьлічваем гады на тры. Зразумела, ніякага гонару за «лібэральнасьць» Расеі ў гэтым сэнсе няма. Гэта адносная Беларусі «лібэральнасьць» — справа часу, прычым вельмі кароткага, калі мы ня будзем ніяк супрацьстаяць сытуацыі».

У Менск Тацяна прыехала на запрашэньне Валянціны Аліневіч — маці беларускага палітвязьня Ігара Аліневіча. Зь ім дзяўчына лістуецца зь верасьня 2012 году, калі на адным з сайтаў прачытала пра ягоную справу, палічыла яе сапраўдным вар’яцтвам і вырашыла неяк падтрымаць беларуса...

Таня: «Завязалася ліставаньне, а потым летась у Маскве на прэзэнтацыі кнігі „Еду ў Магадан“ я пазнаёмілася зь яго маці і зразумела, якая гэта цудоўная жанчына. Гэта так важна, калі бацькі падобна Ігаравым разумеюць сваіх дзяцей, прымаюць іх пазыцыі, хай пры гэтым і не падзяляюць іх. Асабліва калі гэта тычыцца такіх няпростых поглядаў, як анархізм. З маімі бацькамі было складаней. Мы зь Лёшам паводле сьветапоглядаў — лібэртарыі. Гэта блізка да сьветапоглядаў Ігара і ёсьць сацыяльнай філязофіяй, а не палітыкай. Мне прыйшлося правесьці вялікую працу зь сям’ёй, перш чым яны прынялі мае погляды. Падтрымка бацькоў дарагога вартая».

Зь Лёшам Таня знаёмая ўжо шосты год. Да пасадкі ён вучыўся ў Расейскім сацыяльным унівэрсытэце, яшчэ раней служыў мараком на Паўночным флёце. У СІЗА на Бутырцы, дзе яны ўзялі шлюб, яго трымаюць вось ужо паўтара года.

Звонку іхняе вясельле ў чэрвені мінулага году можа камусьці падацца сюрам. Само яно пасьля пяці месяцаў фармальнасьцяў да здабываньня розных дазволаў працягвалася 10 хвілінаў. На працэдуры рэгістрацыі маладых дазволілі прысутнічаць толькі бацькам, якія пра гэта рашэньне дзяцей даведаліся, як часта бывае, апошнімі. Іншыя блізкія, у тым ліку тыя, каму належала быць сьведкамі, засталіся на вуліцы. Там жа, на вуліцы, чакалі нечага аўтазакі.




«Што ёсьць наш саюз?»


Як кажа Таня, тыя 10 хвілін не падаліся ёй чымсьці кароткім. Самае галоўнае, што яна нарэшце змагла дакрануцца да Аляксея. Бо да вясельля кантакты на працягу году абмяжоўваліся ліставаньнем ды адным кароткім спатканьнем праз шкло. «Той кароткі тактыльны кантакт быў неперадавальны, — прызналася дзяўчына, — напярэдадні я хвалявалася, што развучылася абдымаць чалавека, цалаваць... Але, аказваецца, дарма».

Паводле Тацяны Паліховіч, за ўвесь час Лёшавай адседкі ў іх было 5 кароткіх (ад 45 да 90 хвілін) спатканьняў.

«Аднак, — працягвае дзяўчына, — для мяне кожная з гэтых сустрэчаў неацэнная. Некаторыя ў нашым выпадку абыходзяцца і бяз шлюбу, аднак мне без такіх сустрэчаў было б вельмі цяжка. Хоць калі б Лёша ня трапіў за краты, ніякага вясельля дзеля штампу ў пашпарце не рабілася б. Проста б жылі разам, як і дагэтуль. Інстытут шлюбу ў цяперашнім яго выглядзе — гэта нешта вельмі ўмоўнае ды непатрэбнае. Матрыманіяльная праграма падганяецца пад усіх. У выніку вялікая колькасьць разводаў, няшчасных дзяцей-закладнікаў. Яшчэ горш, калі людзі, нягледзячы на ўсю немагчымасьць сумеснага існаваньня, застаюцца ў шлюбе з-за нейкіх забабонаў».
Аляксей Паліховіч і яго жонка Тацяна чытаюць віншаваньне ад Саюзу ваенных маракоў. Фота зроблена фатографам Бутыркі адразу пасьля рэгістрацыі шлюбу
Аляксей Паліховіч і яго жонка Тацяна чытаюць віншаваньне ад Саюзу ваенных маракоў. Фота зроблена фатографам Бутыркі адразу пасьля рэгістрацыі шлюбу





«Сям’я — гэта вельмі дзіўнае і пакуль незразумелае для мяне паняцьце, — адзначае Таня. — Што ёсьць тады наш саюз? Мы апора адно аднаму. Нашы стасункі — гэта сумесь каханьня, дружбы, павагі, сумленьня, пастаяннай працы над сабой і разьвіцьцём нас абаіх як паасобку, так і разам. Імкнёмся, каб было ў адпаведнасьці з Эрыхам Фромам („Мастацтва кахаць“). Мне вельмі і вельмі не хапае цяпер Лёшы, і мне вельмі і вельмі б хацелася, каб гэта ўсё як мага хутчэй скончылася. Але ўсё адбылося як адбылося... І тое, што наша жыцьцё складаецца ня толькі з добрых, але і цяжкіх момантаў, — гэта досьвед, які нам дапамагае».

...Прысуд Аляксею Паліховічу ды іншым фігурантам Балотнай справы будзе агучаны 21 лютага. Пракуратура просіць для абвінавачаных у масавых беспарадках ад 5,5 да 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Апошняе слова Аляксея на працэсе можна прачытаць тут

«Сама па сабе рэгістрацыя адказнасьці ў стасунках не гарантуе...»


...Да дня сьвятога Валянціна Лера Хоціна ставіцца прыкладна гэтак. як і Таня Паліховіч. Кажа, што ніколі з мужам не сьвяткавалі яго на волі, ня пішуць аніякіх «валянцінак» адно аднаму і цяпер. Асуджаны на 4.5 гады 25-гадовы менскі анархіст Мікола Дзядок знаходзіцца за кратамі ад верасьня 2010. Зь Лерай пазнаёміўся за тры гады да арышту, апошні год яны жылі ў грамадзянскім шлюбе.

Лера Хоціна
Лера Хоціна
«Мы расьпісаліся 14 верасьня 2011 году, — кажа Лера. — Выходзіць, што ў шлюбе вось ужо больш як два гады. Сапраўднымі спатканьнямі я лічу тыя, якія былі без кайданкаў, то бок працяглыя. Іх было тры. Першы раз на росьпіс нам далі трое сутак. Два астатнія спатканьні былі працягласьцю двое сутак. Апошняе зь іх адбылося 22 лютага 2012 году, калі ён яшчэ быў у ПК-15. Далей яго перавялі ў Шклоў, дзе пазбавілі ўсіх спатканьняў. Потым, ужо ў Магілёўскай „крытай“ турме, дазволілі па два кароткія спатканьні ў год (на адно езджу я, а на другое — бацькі). На гэтых кароткіх я бачыла Міколу двойчы. Але калі б нават давялося бачыць яго праз шкло толькі адзін раз, гэта вельмі дорага для мяне... Саму рэгістрацыю мы разглядалі выключна як фармальнае права на турэмнае спатканьне. Калі Мікола быў на волі, мы ніколі не абдумвалі такую опцыю, як законны шлюб у сэнсе нейкай гарантыі адказнасьці ў стасунках. Тым больш што цяперашняе жыцьцё вельмі часта дэманструе адваротнае. За выключэньнем магчымасьці бачыцца матрыманіяльны акт нічога не зьмяніў у нашым выпадку».

Іншая справа, — працягвае Лера, — што сама турма навучыла нас большай чульлівасьці й далікатнасьці.

Лера: «Мы, напрыклад, імкнёмся ніколі не абмяркоўваць (цяпер ужо ў лістах ды тэлефанаваньнях) тыя рэчы, якія б унесьлі нейкі разлад у нашы стасункі. Гэтага правіла мы трымаліся і калі жылі разам на волі. За ўвесь час мы ніколі не пакрыўдзілі і не абвінавацілі адно аднаго. Што зьмянілася ў стасунках пасьля арышту Міколы? Я імкнуся больш падтрымліваць яго ў ягонай упэўненасьці ўва мне. Я добра разумею, якія думкі могуць лезьці за кратамі чалавеку наконт партнэра па шлюбе, які застаўся на волі. Нейкую рэўнасьць выключыць немагчыма. Няўпэўненасьці ў трываласьці зьвязу таксама. Апошнім часам мы, аднак, прыйшлі да высновы, што ня трэба так часта дэманстраваць нейкія пацьверджаньні вернасьці, бо мы давяраем адно аднаму».

Яшчэ са сьледчага ізалятару Мікола даслаў Леры плян-схему іхняй будучай сядзібы. Гэта вялікі пляц з хатай, куратнікам, казьлятнікам, градамі і г.д. Там можна жыць аўтаномна, весьці натуральную гаспадарку, вырабляць уласную электрычнасьць. Ці зьвязана гэта з марамі пра вялікую сям’ю?

Паводле Леры, Міколаў малюнак зроблены, хутчэй, пад уплывам анархісцкіх мараў пра камуну. Пра нейкую вялікую сям’ю зь дзецьмі гаварыць зарана. Дзіця — гэта агульная адказнасьць абаіх. Яго павінны гадаваць ды выхоўваць і тата, і мама. Самае галоўнае для Леры ды Міколы цяпер — гэта захаваць стасункі ў сваім маленькім зьвязе.


«Да такога павароту лёсу гатовая не была»


...Апошнюю «валянцінку» ад мужа Алёна Красоўская-Касьпяровіч атрымала два гады таму. Яна кажа, што гэта сьвята ў іх было адно з самых улюбёных. Аднойчы на 14 лютага ім нават выпала спатканьне. Муж дамовіўся, каб яго раней завялі ў пакойчык турэмнага гатэля, і ўпрыгожыў усё памяшканьне сэрцайкамі...

Адрозна ад Тані і Леры, якім цяпер крыху больш за 20, Алёна Красоўская-Касьпяровіч выйшла за зьняволенага ў 30-гадовым узросьце. За плячыма ў абодвух ужо былі шлюбы. Больш за тое, на час свайго знаёмства з асуджаным Андрэем Касьпяровічам Алёна была замужам. І, як здавалася ёй самой ды астатнім, гэта была добрая сям’я. Сустрэча з будучым абраньнікам адбылася ў папраўчай калёніі № 1, якая да 2011 году месьцілася ў Менску на Кальварыйскай. Там жа быў і галоўны турэмны шпіталь, дзе Алёна Красоўская працавала мэдычнай сястрой. Андрэй сядзеў па вельмі сур’ёзным артыкуле, заставалася яму яшчэ гадоў 15. Праз год абое вырашылі афіцыйна аформіць свае стасункі. Для нявесты гэты крок азначаў звальненьне з працы.

Андрэй Касьпяровіч на час знаёмства з будучай жонкай, Менск, ПК № 1, 2006 год
Андрэй Касьпяровіч на час знаёмства з будучай жонкай, Менск, ПК № 1, 2006 год
Красоўская-Касьпяровіч: «Але альтэрнатывы ў нас не было. Па-першае, таму што толькі праз шлюб мы мелі права на спатканьні. Па-другое, мы абое былі за традыцыйны шлюб, за традыцыйную сям’ю з сумеснымі дзецьмі, а таму мы б пажаніліся ў любым выпадку, нават калі б Андрэй быў на волі. Не магу сказаць, што я ад самога пачатку была гатовая да такога павароту ў маім лёсе. Наадварот. Хоць да асуджаных я ставілася з разуменьнем, бо для мяне гэта былі найперш пацыенты, а потым ужо злачынцы... Калі я прыйшла працаваць у шпіталь, там здарыўся вялікі скандал з мэдсястрой з майго ж аддзяленьня. Яна выходзіла замуж за асуджанага, і я чула, як гэта ўсё абмяркоўвалася, асуджалася... Мне ня надта падабаліся розныя тыя зьдзеклівыя размовы. Я шкадавала тую дзяўчыну».

«Дзякуй, што гэта было»


Алёна кажа, што адразу выдзеліла Андрэя сярод іншых ЗК. Па-першае, яна не магла нават уявіць сабе, што гэта вязень — думала, што нехта з турэмнай адміністрацыі. Кідалася ў вочы ягонае мужнае аблічча, акуратнасьць, і сярод іншага — абутак. Чаравікі былі заўсёды ў ідэальным стане.

Фрагмэнт апошняга ліста Андрэя Касьпяровіча
Фрагмэнт апошняга ліста Андрэя Касьпяровіча
Красоўская-Касьпяровіч: «Узьнікла цікавасьць да чалавека: хто ён, як ён апынуўся там. Падчас размоваў, якія здараюцца з пацыентамі, я зьвярнула ўвагу на тое, што Андрэй, адрозна ад іншых, не імкнуўся зрабіць зь сябе нейкага агнца, несправядліва асуджанай ахвяры. Наадварот, ён казаў, што атрымаў вельмі малы прысуд за зьдзейсьненае злачынства... Калі здарылася каханьне, я не захацела хлусіць свайму мужу і падала на развод. Дадам, што любыя стасункі са зьняволенымі, якія выходзяць за рамкі працоўных, яны заўсёды заканчваюцца звальненьнем. Мы вельмі паважалі адно аднаго, не хацелі нікога падстаўляць, а таму я сама напісала заяву на звальненьне. Пасьля гэтага мы змаглі ўзяць шлюб. Хоць перашкодаў было нямала».

Згодна з рэжымам утрыманьня Андрэй меў права на два працяглыя спатканьні ў год. Аднак паводле ўнутранага распараджэньня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў асуджаны, які дэманструе «шлях на выпраўленьне» — актыўна ўдзельнічае ў спартовых мерапрыемствах, грамадзкім жыцьці, можа мець як заахвочваньне дадатковыя, да дзесяці ў год, спатканьні. Дзеля атрыманьня гэтых бонусаў Андрэй удзельнічаў ва ўсіх спартовых спаборніцтвах і выйграваў у іх. У выніку дзесяць спатканьняў, асабліва ў апошнія гады шлюбу, сужонцы мелі. Пад уплывам жонкі Андрэй вучыўся, асвойваў самыя розныя спэцыяльнасьці. Усё была нацэлена на жыцьцё пасьля турмы.


Ці ўплываў на Алёну Андрэй?


Красоўская-Касьпяровіч: «Звычайна ўплываць на мяне цяжка, бо я па натуры вельмі моцны чалавек. Але і Андрэй быў псыхалягічна вельмі моцны. Ён умеў рабіць так, каб я магла быць жанчынай, адчуваць сябе слабой. Адначасна ён дапамог мне стаць яшчэ мацнейшай. У нашым сумесным жыцьці былі самыя розныя сытуацыі, прычым ня надта добрыя. Да гэтага я нават і не ўяўляла сабе, як можна адстойваць інтарэсы мужа, які знаходзіцца за кратамі. Я гэтаму вельмі хутка навучылася. Не лічу гэты досьвед кепскім. Наадварот, удзячная лёсу, што ён быў. Гэта дапамагло мне заняцца праваабарончай дзейнасьцю. Дзякуй майму мужу, на жаль, ужо нябожчыку».

Жыцьцё Андрэя Касьпяровіча спынілася ў 34 гады. Гэта адбылося ў камэры ШЫЗА ў ПК у Навасадах у красавіку 2012. Абставіны сьмерці нявысьветленыя. Шлюб Андрэя і Алёны праіснаваў каля 7 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG