Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Свабоды выгналі з Расеі так, як выдаляюць шпіёнаў


Дэвід Сатар
Дэвід Сатар

Міністэрства замежных спраў Расеі растлумачыла сваё бачаньне прычын, паводле якіх карэспандэнту-кансультанту Радыё Свабода Дэвіду Сатэру было адмоўлена ў выдачы расейскай візы.

Зьнешнепалітычнае ведамства спасылаецца на «грубае парушэньне расейскага міграцыйнага заканадаўства, бо з 22 па 26 лістапада 2013 года Сатэр знаходзіўся на тэрыторыі Расеі незаконна».

Аднак сам журналіст ня згодны з такой вэрсіяй падзей.

Сатэр прыбыў у Маскву ў дзень заканчэньня сваёй гадавой візы ў чацьвер 21 лістапада 2013 года, спадзеючыся паводле дамоўленасьці з МЗС Расеі, хутка аформіць дазвол на знаходжаньне ў краіне. Зь ведама МЗС ён хадзіў у міграцыйную службу Расеі. Але 29 лістапада 2013 года Таганскі раённы суд Масквы прызнаў Сатэра вінаватым у адміністрацыйным правапарушэньні. Журналіст заплаціў штраф і, згодна з рашэньнем суда, пакінуў Расею ды накіраваўся ў Кіеў, дзе, паводле новай дамоўленасьці з МЗС Расеі, паўторна зьвярнуўся з запытам аб новай візе, у якой яму ў рэшце рэшт яму было адмоўлена. Зараз Сатэр знаходзіцца ў Лёндане.

«Паколькі я плянаваў працаваць у Расеі не менш за год, то разьлічваў атрымаць візу, якая дае мне права жыць у краіне на пастаяннай аснове. У Маскву я прыехаў з Чэхіі. Міністэрства замежных спраў Расеі настойвала на тым, каб у Празе я атрымаў дадатковую аднаразовую кароткачасовую ўязную візу, каб у Расеі потым абмяняць яе на пастаянную. Я затрымаўся ў Празе з-за памылкі, якая — можа быць, выпадкова, а можа быць, наўмысна — была зьдзейсьненая візавым офісам, які працуе для амбасады Расеі ў Празе. Мы тэлефанавалі туды, тэлефанавалі ў МЗС і пыталіся: „Што мы павінны рабіць?“ Яны раілі мне прыехаць у Расею 21-га чысла і раніцай 22-га атрымаць ліст ад МЗС, потым пайсьці ва ўправу міграцыйнай службы і атрымаць візу. Я, строга кіруючыся іх інструкцыямі, прыляцеў у Маскву 21 лістапада. Раніцай 22-га мне патлумачылі, што дакумэнты не гатовыя, але гэта нічога не значыць, усё ў парадку, пачакайце. Мы чакалі, яшчэ і паколькі былі выходныя, субота і нядзеля.

У панядзелак дакумэнт таксама ня быў гатовы. У аўторак 26 лістапада я паехаў у АВІР з гэтым запрашэньнем ад МЗС, і яны сказалі мне, што не могуць даць мне візу з-за таго, што старая віза мінула 21 чысла. Далейшай рэкамэндацыяй МЗС было ехаць у Кіеў ці ў нейкай іншай горад па-за межамі Расеі, і пачаць зноў працэс, што я і зрабіў.

Я размаўляў у Кіеве з расейскім дыпляматам і спытаўся ў яго: » Быў у вашым досведзе выпадак, калі вы атрымалі нумар, але не атрымалі потым візы?" Ён сказаў, што такога ніколі не было. Упершыню ў маім шматгадовым досьведзе працы ў Расеі ўжытая фармулёўка, якую звычайна выкарыстоўваюць у выпадках шпіянажу«.

Паводле спадара Сатэра, першы сакратар амбасады Расеі ва Ўкраіне Аляксей Грубы прачытаў яму афіцыйны дакумэнт: «Кампэтэнтныя органы Расеі вырашылі, што ваша прысутнасьць на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі непажаданая. Ва ўезьдзе ў Расею вам адмоўлена».

Забарона дзейнічае на працягу 5 гадоў.

У аўторак вечарам з заявай па гэтым пытаньні выступіла прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША Мэры Хэрф:

«Мы расчараваныя рашэньнем расейскіх уладаў адмовіць у візе дарадцы Радыё Свабодная Эўропа Дэвіду Сатэру. Амбасада Злучаных Штатаў у Маскве выказала расейскім уладам нашую занепакоенасьць як па гэтай справе, так і адносна абыходжаньня з журналістамі і сродкамі інфармацыі ў цэлым. Як мы неаднаразова заяўлялі ў мінулым, стварэньне перашкод на шляху свабоднага патоку інфармацыі падрывае атмасфэру свабодных дэбатаў і дыскусіі, якія спрыяюць разьвіцьцю і дынамізму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG