Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 парады, як дапамагчы суіцыдальным асобам


Па колькасьці самагубстваў на 100 тысяч насельніцтва Беларусь займае 6-ае месца ў сьвеце. Самагубства — адна з асноўных праблемаў аховы здароўя і ў Злучаных Штатах, якія ў гэтай статыстыцы займаюць 33-е месца.

Прапануем вам пазнаёміцца з парадамі, якія Mayo Clinic — адзін зь вядучых амэрыканскіх шпіталёў — дае тым, хто хацеў бы нейкім чынам дапамагчы сваім блізкім і знаёмым з суіцыдальнымі схільнасьцямі, але ня ведае, як у такіх выпадках паводзіць сябе.

1. Стаўце пытаньні вашым блізкім, далікатна, але наўпрост: адчуваеш, што не даеш рады? хочаш зрабіць сабе шкоду? думаеш пра самагубства? ты ўжо ведаеш, як гэта зрабіць? і калі? ці маеш сродкі, каб скончыць жыцьцё самагубствам? Такія пытаньні, паводле экспэртаў з Mayo Clinic, не паглыбляюць суіцыдальных думак і намераў блізкай вам асобы, а насамрэч могуць схіліць яе да глыбейшых роздумаў і дапамагчы адумацца.

2. Зьвяртайце ўвагу на папераджальныя знакі. Вось некаторыя агульныя прыкметы суіцыдальных намераў, якія можна заўважыць: выказваньні тыпу «я заб’ю сябе» або «я хачу памерці»; набыцьцё сродкаў учыненьня самагубства, такіх як пігулкі або агнястрэльная зброя; жаданьне заставацца ў адзіноце; перапады настрою; частыя думкі пра сьмерць, паміраньне, гвалт; адчуваньне пасткі або безнадзейнасьці; зьмена рутыны штодзённага жыцьця; прыкметы таксыкаманіі; неасьцярожная язда аўтамашынай або іншыя рызыкоўныя паводзіны; заўважальныя зьмены ў характары.

3. Дзейнічайце. Калі думаеце, што блізкая вам асоба вырашыла пакончыць жыцьцё самагубствам, пазваніце па неадкладную мэдычную дапамогу або, калі магчыма гэта зрабіць бясьпечна, дастаўце гэтую асобу ў найбліжэйшы шпіталь. Ні ў якім выпадку не пакідайце такую асобу адну; раскажыце пра вашы падазрэньні і пра тое, што адбываецца, сям’і і сваякам.

4. Заўсёды лепш папрасіць дапамогі ў кваліфікаванага спэцыяліста, калі адчуваеце, што ня можаце справіцца з сытуацыяй самастойна. Магчыма, што блізкаму вам чалавеку патрэбная шпіталізацыя, пакуль крызіс ня пройдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG