Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пакрыўдзіўся, што яго «ня так» запрасілі ў Кіеў


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Чым выклікана і як тлумачыцца заява Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць рэфармаваньня праваслаўнай царквы? Ці можна зьвязваць гэтыя словы кіраўніка дзяржавы зь ягоным паведамленьнем пра выкрыцьцё супрацоўніка беларускіх спэцслужбаў, які праз прадстаўнікоў каталіцкага касьцёла быў зьвязаны з замежнымі дзяржавамі?

На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Пра што сьведчаць разважаньні Аляксандра Лукашэнкі, што неабходна рэфармаваць праваслаўную царкву? Па-першае, ці мае сьвецкі чалавек такое права — даваць парады царкве? І з палітычнага пункту гледжаньня — чаму Лукашэнку спатрэбілася рэфармаваць праваслаўную царкву?

Мацкевіч: Па-першае, сьвецкі ці ня сьвецкі — тут ня мае значэньня. Царква — гэта ня толькі нешта сакральнае, але яшчэ і сацыяльны інстытут. Таму любы чалавек можа выказваць сваё меркаваньне наконт рэфармаваньня гэтага інстытуту.

Тут ёсьць такі аспэкт. Перш за ўсё, пэўная крыўда Лукашэнкі на тое, што яго «неяк ня так» запрасілі ў Кіеў на сьвяткаваньне гадавіны хрышчэньня Русі. Думаю, што гэтая крыўда і стала нагодай для такіх развагаў.

Па-другое, Лукашэнка мусіць ведаць пра тое, што сярод пэўнай часткі сьвятароў Беларускай праваслаўнай царквы даўно існуюць думкі і меркаваньні наконт рэфармаваньня царквы, а таксама наконт большай аўтаноміі беларускай царквы ад расейскай. У дадзеным выпадку гэтая крыўда Лукашэнкі паслужыла таму, што ён агучыў тое, пра што даўно гавораць унутры праваслаўнай царквы.

Цыганкоў: Ці можна словы кіраўніка дзяржавы пра рэфармаваньне праваслаўнай царквы неяк зьвязваць зь ягоным паведамленьнем пра выкрыцьцё супрацоўніка беларускіх спэцслужбаў, які «праз прадстаўнікоў каталіцкага касьцёла быў зьвязаны з замежнымі дзяржавамі»?

Мацкевіч: Я ня схільны любыя падзеі зьвязваць паміж сабой толькі таму, што яны адбыліся адначасова. Адносіны Лукашэнкі да дзьвюх асноўных канфэсіяў досыць складаныя. Таму, можа, гэта проста да слова прыйшлося. Калі ён загаварыў пра праваслаўную царкву, то вырашыў «дзеля раўнавагі» і выдаць інфармацыю, якую да пэўнага часу не публікавалі. Хоць выкрыцьцё шпіёнаў і падвойных агентаў — гэта зусім ня тычыцца рэлігійнай канфэсіі як такой.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG