Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімаў: «Амністуюць, а потым саджаюць зноў»


Андрэй Клімаў
Андрэй Клімаў

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін унёс у расейскі парлямэнт праект закону аб эканамічнай амністыі, пад якую падпадуць асобы, упершыню прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за злачынствы ў сфэры прадпрымальніцкай дзейнасьці. Ці магчымая такая амністыя ў Беларусі? Ці спрыяюць беларускія законы сумленнай прадпрымальніцкай дзейнасьці?

На гэтыя пытаньні адказвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету, прадпрымальнік Андрэй Клімаў.

Цыганкоў: Ці магчымая ў Беларусі эканамічная амністыя?

Клімаў: Гэта ўжо шмат разоў рабілася. Колькі ўжо было амністыяў, выпускалі. Часам гэта бывала з умовай кампэнсаваць шкоду. І калі ў Расеі гэта ўпершыню, магчыма, то ў нас амністыі пэрыядычна бываюць. Іншая справа, што потым іх зноў садзяць — але гэта ўжо іншае пытаньне.

Цыганкоў: Існуе меркаваньне, што ў Беларусі садзяць за такія эканамічныя дзеяньні, якія ў іншых краінах лічацца звычайнай дзейнасьцю альбо дробным парушэньнем.

Клімаў: Так, вядома. Але — што рабіць, калі ў нас жабрацкая краіна? У нас 500 даляраў — гэта ўжо «асабліва буйны памер». Да 15 гадоў пазбаўленьня волі, калі гэта «крадзеж з абцяжваючымі абставінамі». Тое, што ў Эўропе — мільярд.

Хаця, зь іншага боку, — навошта красьці? Мне вось казалі некаторыя прадпрымальнікі — навошта ты лезеш у палітыку? Ціхенька сабе крадзь, недаплачвай падаткі, давай хабар. Потым усе яны селі ў турму. Некаторыя прасілі напісаць хадайніцтва ў нямецкі суд, каб іх не выдавалі ў Беларусь.

Цыганкоў: Ці можна было б пашырыць за эканамічныя правапарушэньні такія пакараньні, як выплата штрафу альбо выплата нанесенай шкоды, і не канечне кожны раз саджаць за краты?

Клімаў: У нас вельмі супярэчлівае заканадаўства. Існуе наступнае — інструкцыя Нацбанку, інструкцыя Мінфіну, закон, указ прэзыдэнта, іншыя акты міністэрстваў і ведамстваў, якія супярэчаць адзін аднаму. Тут самі законьнікі не заўсёды могуць разабрацца, што тут казаць пра прадпрымальнікаў?

Вядома, было б разумным, калі б прадпрымальнікаў судзілі, толькі калі іх дзеяньне падпадае пад артыкулы Крымінальнага кодэксу, а не Грамадзянскага. У нас жа адначасова і грамадзянскі пазоў, і крымінальная справа. У нас у заканадаўстве дагэтуль не праведзеная дакладная рыса, дзе заканчваецца грамадзянская адказнасьць і пачынаецца крымінальная. Я б пачынаў з гэтага, а не з амністыі — бо ніякія амністыі не дапамогуць, яны патрэбныя кожны год у такім разе.

Бо існуе міліцыя, кантрольна-рэвізійная ўправа Саўміну, падатковыя інспэкцыі, якія не арыентаваныя на амністыю. Яны папросту рыхтуюць абвінаваўчыя заключэньні, і людзей пачкамі саджаюць у турму. І так тут поўны бардак, поўная неадпаведнасьць падзаконных актаў законам і ўказам прэзыдэнта.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG