Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінец: Прайшлі тыя часы, калі ва ўнівэрсытэтаў быў адзін фундатар


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

Эўрапейская камісія, асноўны фундатар ЭГУ, скароціць фінансаваньне гэтага ўнівэрсытэту на 50%, пачынаючы з наступнага году. Ці можна казаць пра нейкую тэндэнцыю скарачэньня беларускіх праграмаў з боку эўрапейскіх фундацыяў? Ці варта пагадзіцца зь меркаваньнем рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава, які заявіў, што прыярытэты эўрапейцаў цяпер ляжаць у іншых рэгіёнах? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Паведамленьне пра тое, што Эўракамісія з наступнага году скароціць фінансаваньне ЭГУ на 50 працэнтаў, для многіх стала непрыемнай сэнсацыяй. Здаецца, ці ня першы раз за апошнія гады чуем зьвесткі пра скарачэньне пэўных праграмаў, зьвязаных зь Беларусьсю. Ці вы пагодзіцеся, што назіраецца такая тэндэнцыя? І калі так, то чым яе патлумачыць?

Лагвінец: Ва ўсім сьвеце цяпер, у тым ліку і ў Эўразьвязе, існуе тэндэнцыя да ашчаджэньня, эканоміі, перагляду і скарачэньня пэўных выдаткаў. Бо гэта бюджэтныя грошы, а ў сьвеце пануе крызіс.

Што да Беларусі, то я б не казаў пра тэндэнцыю зьмяншэньня зацікаўленасьці нашай краінай. Скарачэньне фінансаваньня ЭГУ — гэта толькі адзінкавае рашэньне. Ёсьць іншыя працэсы, якія тычацца адукацыйных магчымасьцяў для маладых беларусаў. Ва ўсіх дакумэнтах Эўразьвязу па-ранейшаму гаворыцца пра пашырэньне супрацоўніцтва ў адукацыйнай сфэры зь Беларусьсю.

Я думаю, што да вялікага скарачэньня выдаткаў у гэтай сфэры наўрад ці дойдзе. Больш за тое, ідуць размовы пра тое, каб такая праграма, як Erasmus, была пашыраная для беларусаў. Проста трэба ўсьвядоміць, што Эўракамісія фінансуе пэўныя праекты, але гэта ня сталае бюджэтнае фінансаваньне. Мне падаецца, што ў ЭГУ ёсьць магчымасьці пошуку сродкаў у іншых краінах, зважаючы на тое, што адукацыйныя магчымасьці для беларусаў не сканцэнтраваныя ў нейкім адным месцы. Наколькі я ведаю, ЭГУ карыстаецца падтрымкай шматлікіх донараў.

Цыганкоў: Іншымі словамі, вы ня згодныя з ацэнкай, якую даў рэктар ЭГУ Міхайлаў, заявіўшы, што ўкладаньне грошай у праекты, зьвязаныя зь Беларусьсю, рэзка зьнізілася, прыярытэты цяпер ляжаць у іншых рэгіёнах?

Лагвінец: Я да канца не пагаджуся з спадаром Міхайлавым. Зацікаўленасьць Беларусьсю, прынамсі ў суседніх краінаў, ёсьць, адукацыйныя магчымасьці для маладых беларусаў існуюць у розных краінах Эўразьвязу — Польшчы, Літве, Нямеччыне, Швэцыі.

Аднак у сёньняшнім сьвеце ўсё ідзе да прынцыпу суфінансаваньня. Найхутчэй, прайшлі тыя часы, калі быў адзін фундатар, які пакрываў усе выдаткі на адукацыю. Цяпер унівэрсытэты мусяць шукаць розныя магчымасьці, каб знайсьці дадатковыя крыніцы фінансаваньня. Гэта нармальная зьява, калі адукацыйныя ўстановы спрабуюць розныя сродкі і крыніцы, каб забясьпечыць сваю жыцьцядзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG