Зьдзек – ад зьдзекавацца. Пры дзеяслове зьдзекавацца прыназоўнiк над не ўжываецца, а залежнае слова ставiцца ў форме роднага склону: зьдзекавацца зь людзей, зьдзекавацца зь сьвятынi. Маем цэлую групу дзеясловаў з такiм кiраваньнем: сьмяяцца, насьмiхацца, жартаваць, кпiць, рагатаць, глумiцца, дзiвiцца, цешыцца. У дыялектнай мове некаторыя зь пералiчаных дзеясловаў спалучаюцца, вядома, i зь iншымi прыназоўнiкамi, ня толькi з прыназоўнiкам з. Напрыклад, на ўсходзе Беларусi, а таксама ў цэнтральным i заходнiм Палесьсi дасюль жыве канструкцыя, у якой дзеяслоў сьмяяцца спалучаецца з словам каля: напрыклад, сьмяяцца каля няўмекi, сьмяяцца каля праўды. У ХХ ст. у лiтаратурным ужытку такiя формы здаралiся вельмi рэдка – была й застаецца стабiльная норма: сьмяяцца, жартаваць, кпiць, зьдзекавацца зь некага цi зь нечага.
Такiм чынам, раз зьдзекавацца можна, кажучы па-беларуску, толькi зь некага цi зь нечага, то й зьдзек будзе зь некага цi зь нечага. Скажам: зьдзек з чалавека, зьдзек з асобы, зьдзек зь сьвятынi.