У большасьці сваіх лістоў у гэтыя пераднавагоднія дні слухачы Свабоды азіраюцца на год мінулы: спрабуюць асэнсаваць найбольш значныя падзеі, падсумаваць вынікі, паразважаць над памылкамі й няўдачамі, каб не паўтараць іх у будучыні. Пачну зь ліста ад Мікалая Чыбісава зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Слухач піша:
“На маю думку, галоўная нэгатыўная падзея 2003 году — хаўрус дэмакратаў з камуністамі: стварэньне так званай “Пяцёркі+”. Гэта тыя самыя людзі, якія ў мінулую прэзыдэнцкую кампанію называліся КРДС — Каардынацыйнай радай дэмакратычных сілаў. Як маглі дэмакраты забыць тое? Колькі злачынстваў, гора, галечы, усясьветнай ганьбы прынесьлі камуністы беларускаму народу! Вакол нас суседнія народы карыстаюцца вынікамі дэмакратычных перамогаў, а нашы кіраўнікі-дэмакраты рыхтуюцца да чарговай паразы. Ня трэба мець вялікай адукацыі, каб бачыць: рэальныя ворагі беларускай дэмакратыі — гэта якраз кіраўнікі дэмакратычных партыяў”.
Ня думаю, спадар Чыбісаў, што колькі-небудзь значная частка беларускага грамадзтва падзяляе вашае абурэньне з нагоды стварэньня кааліцыі “Пяцёрка+” ды альянсу дэмакратаў з камуністамі. Партыя камуністаў сёньня пастаўленая ў тыя ж умовы, што і іншыя палітычныя партыі. Пазбаўленыя магчымасьці ўдзелу ў рэальнай палітыцы і ўсьведамляючы абмежаванасьць уласных рэсурсаў, партыйныя лідэры натуральным чынам ствараюць альянсы дзеля дасягненьня агульных палітычных мэтаў. Адна з такіх мэтаў на наступны год — дамагчыся, каб у Палату прадстаўнікоў трапілі ня толькі прызначэнцы Аляксандра Лукашэнкі, але і прадстаўнікі палітычных партыяў. Гэта зусім не азначае, што дэмакратычныя лідэры адмаўляюцца ад сваёй ідэалёгіі і гатовыя апраўдаць ці дараваць злачынствы камуністычнага рэжыму.
Ліст ад Алы Бялецкай зь Менску. Слухачка таксама разважае пра вынікі мінулага году. У год наступны Ала Бялецкая глядзіць без аптымізму:
“Мінулы год быў бляклы, нічым не адметны. Такім жа будзе і год 2004-ы. На зьмены спадзявацца не выпадае. Пры ўладзе ўжо дзясяты год застаецца адна і тая ж асоба, ад якой чакаць нейкіх зьменаў да лепшага проста сьмешна. У наступным годзе адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Але што сабой уяўляе гэты так званы “парлямэнт”? Сотня паслухмяных дэпутатаў, якія гатовыя дружна прагаласаваць за што заўгодна — абы каманда з адміністрацыі прэзыдэнта. Беларусь страціла апошняе дзесяцігодзьдзе. Краіна па сутнасьці тапталася на месцы. Нейкія бясконцыя бязглуздыя абдымкі з Расеяй, якія ўсім даўно абрыдлі. Сваркі ды лаянкі з прыстойнымі краінамі, у выніку чаго прэзэдэнт Лукашэнка па сутнасьці пазбаўлены магчымасьці бываць на Захадзе. І ўсё гэта — на тле народнай галечы”.
Вельмі можа здарыцца, спадарыня Бялецкая, што вашыя невясёлыя прагнозы спраўдзяцца, і ніякіх значных зьменаў ў Беларусі не адбудзецца і на адзінаццатым годзе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. І ўсё ж вы, верагодна, і сама адчуваеце: грамадзкія настроі не застаюцца ранейшымі. Усё больш людзей спадзяецца на зьмены, чакае іх, а галоўнае — гатовае дзеля гэтых зьменаў прыкласьці хоць бы невялікія ўласныя намаганьні. А гэта і дае надзею на тое, што зьмены ўсё ж адбудуцца. Прынамсі, перад Новым годам у гэта хочацца верыць.
Ліст ад Анатоля Новікава са Слуцкага раёну. Слухач піша:
“30 сьнежня — дзень нараджэньня СССР. У савецкі час гэтага сьвята чамусьці не заўважалі. А я вось цяпер кожны год, калі ў адрыўным календары застаецца ўсяго адзін аркуш, зь цеплынёй згадваю гэты дзень. Жылі людзі адзінай дружнай сям’ёй. Ва ўсіх былі праца і кавалак хлеба, нікому не дазвалялася нажывацца на чужых бедах. Не было ні Хадаркоўскіх, ні Чубайсаў, ні Абрамовічаў, якія шалеюць ад сваіх мільярдаў. Я ўпэўнены, што большасьць беларусаў хацелі б вярнуць СССР. І Лукашэнка гэта нам абяцаў. Але цяпер пачаў паводзіць сябе дзіўна. Ну, чаму ён адмаўляецца ад прапановы Пуціна? Чаму нельга, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі, як, напрыклад, Татарстан? Усё роўна ні Літвой, ні Польшчай Беларусь ня стане. Па-беларуску ня ўмее гаварыць ніводзін чыноўнік, уключна з Лукашэнкам. Беларуская нацыя па сутнасьці асымілявалася. Дык навошта агарод гарадзіць? А ў Расеі сёньня жывецца ўсё ж лягчэй, чым у Беларусі. І хлеб там таньнейшы, і бэнзын”.
Ня ўсё, спадар Новікаў, вымяраецца коштам хлеба і бэнзыну. Вы ня маеце рацыі, калі сьцьвярджаеце, што большасьць беларусаў хацелі б вяртаньня СССР. Усе сацыялягічныя апытаньні апошняга часу сьведчаць: колькасьць прыхільнікаў савецкай мадэлі з году ў год скарачаецца, і ўжо сёньня бальшыня беларусаў выступае за незалежную беларускую дзяржаву, супраць расейскай анэксіі.
Што да абяцаньняў Аляксандра Лукашэнкі й вынікаў будаўніцтва так званай “саюзнай дзяржавы”. Апошнія дзесяць год паказалі, што цяперашні прэзыдэнт менш за ўсё заклапочаны праблемамі зьберажэньня нацыянальнай мовы і культуры беларусаў: пры ім русіфікацыя ўсяго грамадзкага жыцьця дасягнула значна большых маштабаў, чым пры СССР. Зусім іншая рэч — асабістая ўлада. Якую пасаду атрымае Лукашэнка, калі пагодзіцца на расейскую анэксію? Пакуль Крэмль не дае яму надзейных гарантыяў палітычнай будучыні, ні пра якое далучэньне Беларусі, думаю, размова ісьці ня можа.
Ліст ад Сьцяпана Сякача з украінскага Севераданецку Луганскай вобласьці:
“Паслухаў, як ты, Валянцін, чытаў па Свабодзе мой ліст — і не пазнаў яго. Тэкст цалкам зьменены і скарочаны на 90 адсоткаў. Можна падумаць, што ў маіх лістах адна нецэнзуршчына ды заклік да гвалту. Ты, Валянцін, выступаеш у ролі міратворца, як савецкія праваслаўныя сьвятары, патураючы ўсім злачынствам камуністаў, кажучы, што так угодна Богу. Ты кажаш, што я лаю ні ў чым не вінаваты расейскі народ, і што ня будзеш чытаць лістоў, у якіх пішацца падобнае. Але на Ўкраінскай ды Расейскай Свабодзе і не такое пачуеш. Чаму ж на Беларускай Свабодзе пра расейцаў праўды казаць нельга? Ці ты, Валянцін, насамрэч нічога не разумееш у жыцьці, жывеш савецкім мысьленьнем, паводле якога ўсе народы добрыя, ці — усё хаваеш сьвядома.
Пра гэта ж усе ведаюць, што нарабіў гэты так званы “нявінны” народ. Хто ўчыніў галадамор ва Ўкраіне? Хто расстраляў тысячы людзей у Карпатах, у Курапатах? Хто саслаў мільёны ні ў чым не вінаватых людзей у Сібір? Адкуль прыйшлі п’янства, распуста, рабаўніцтвы, забойствы, наркаманія? Ты скажаш, што гэта рабіў Сталін ды кампартыя? А хто стварыў гэту партыю, хто ўваходзіў у яе і прывёў да ўлады Сталіна?”
Заканчвае свой ліст Сьцяпан Сякач зь Севераданецку Луганскай вобласьці наступнай пагрозай:
“Пісаць больш ня буду. Ведучы перадачы па-савецку, Свабода губляе сваіх слухачоў. Каму ты ўвогуле служыш, Свабода? На каго працуеш?Копіі ўсіх сваіх лістоў, якія ты, Валянцін, не прачытаў па Свабодзе, я перадам куды трэба, у тым ліку ў Амэрыку. Няхай паднімуць пытаньне пра замену правакатараў на Свабодзе”.
Ваш ліст, спадар Сякач, я зноў, нягледзячы на вашыя пратэсты, мусіў скараціць: ён запоўнены шавіністычнымі сьцьвярджэньнямі і развагамі, зьневажальнымі для расейскай нацыі. Радыё Свабода ня можа выступаць трыбунай для носьбітаў падобных ідэяў. Гэта датычыць і беларускай рэдакцыі радыё, і ўкраінскай, і расейскай. Павага да правоў кожнага чалавека, непрымальнасьць выказваньняў, здольных зьняважыць прадстаўнікоў любых этнічных ці рэлігійных групаў — адзін з галоўных прынцыпаў у дзейнасьці Радыё Свабода.
Памылковасьць і абмежаванасьць вашых, спадар Сякач, сьцьвярджэньняў відавочная для кожнага, хто хоць бы павярхоўна знаёмы з гісторыяй апошняга стагодзьдзя. Расейскі народ ня менш, чым украінскі і беларускі, пацярпеў і ад сталінскіх рэпрэсіяў, і ад калектывізацыі, і ад грамадзянскай вайны. Аналізуючы ж нацыянальны склад кіраўніцтва бальшавіцкай партыі, толькі пры багатай фантазіі можна западозрыць яго ў расейскім нацыяналізьме. Пазнаёмцеся зь біяграфіямі Сталіна, Троцкага, Дзяржынскага, Каменева, Кагановіча, Арджанікідзэ, Берыі (сьпіс можна прадаўжаць) — усе яны ў Расейскай імпэрыі самі лічыліся так званымі “іншародцамі” ды цярпелі ад нацыянальнага ўціску. І ўсе наступныя злачынствы гэтыя правадыры бальшавіцкай партыі потым учынялі выключна пад лёзунгамі так званага “пралетарскага інтэрнацыяналізму”.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Вольга Сушчэня зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.