Значную частку агляду пошты я адвёў для лістоў тых нашых слухачоў, якія палічылі неабходным выказаць свае заўвагі і прэтэнзіі на адрас Беларускай Свабоды, а таксама прапановы наконт дзейнасьці нашага радыё. Вось якой уяўляе аўдыторыю Беларускай Свабоды Сяржук Буравы з расейскага гораду Старадубу Бранскай вобласьці. Ён піша:
“Вас ня слухаюць людзі, якія прывыклі думаць самастойна, асэнсоўваць факты ўласнай галавой. Бо ў вашых перадачах факты практычна адустнічаюць. Затое ёсьць агітацыя, ёсьць самабытная мова, ёсьць свая тэрміналёгія, зразумелая ў вузкіх, ідэалягічна падрыхтаваных для гэтага колах.
Ня слухаюць вас і людзі, ідэалягічна інакш арыентаваныя. Іхную ўвагу можа прыцягнуць толькі новая фактычная інфармацыя Любыя аналітычныя камэнтары (нават на 100% справядлівыя) іх адштурхоўваюць.
Не складаецца вашая аўдыторыя і зь людзей, што жывуць у вёсцы. Там гавораць на іншай мове — ня вашай. Сапраўдных беларусаў-калгасьнікаў у Беларусі ўлада не прыцясьняе. Сапраўдныя беларусы — падмурак рэжыму Лукашэнкі. Менавіта ён — сапраўдны беларус, ураджэнец вёскі, дзе размаўляюць на сапраўднай, дзейнай, жывой вялікабеларускай мове — трасянцы. Сапраўдны беларус, носьбіт гэтай мовы, далёкі ад ідэалаў дэмакратыі: ня будзе ён слухаць вашае радыё”.
Не пагаджуся з вамі, Сяржук. Якраз зь перадачаў Беларускай Свабоды вельмі многія ў Беларусі атрымліваюць інфармацыю, якую немагчыма знайсьці ў афіцыйных мэдыях. І менавіта інфармацыі мы надаем найбольшую ўвагу, ведаючы, як неаб’ектыўна і няпоўна асьвятляюцца ў Беларусі многія падзеі ўнутранага жыцьця, асабліва тыя, што зьвязаныя з праваабарончай тэматыкай, дзейнасьцю палітычнай апазыцыі, праявамі іншадумства ў асяродзьдзі творчай інтэлігенцыі.
Ня думаю, што вы маеце рацыю і тады, калі пішаце пра нашую аўдыторыю. Якраз ад вясковых жыхароў і ад нашых апанэнтаў, якія не падзяляюць пазыцыю Свабоды, мы атрымліваем значную частку лістоў.
Рэцэпты, якія прапануе Сяржук Буравы Беларускай Свабодзе, наступныя:
“Вам неабходна скінуць ідэалягічныя путы, запрашаць на радыё людзей розных поглядаў, даваць ім час у эфіры. Запрашайце і прыхільнікаў Лукашэнкі — іх жа ад 25 да 60% насельніцтва.
Вам трэба ўлічваць інтарэсы той часткі насельніцтва, якая размаўляе па-расейску. А значыць, неабходныя расейскамоўныя перадачы. Гэта павялічыць аўдыторыю ў некалькі разоў. Людзей можна пераканаць толькі на іх мове, выкарыстоўваючы іхныя паняцьці ды штампы. Стварэньне ж уласных ідэалягічных паняцьцяў і штампаў вядзе да абасобленасьці і абмежаванасьці”, — напісаў Сяржук Буравы з расейскага гораду Старадубу Бранскай вобласьці.
Цалкам пагаджаемся з вамі, Сяржук, у тым, што неабходна падаваць разнастайныя, у тым ліку і процілеглыя пункты гледжаньня на тыя ці іншыя праблемы. Ёсьць, аднак, істотны момант, які замінае нам поўна і аб’ектыўна асьвятляць пазыцыю прыхільнікаў улады: большасьць чыноўнікаў (у тым ліку высокапастаўленых) катэгарычна адмаўляюцца ад камэнтароў і інтэрвію, баючыся, што гэта будзе мець для іх нэгатыўныя наступствы.
Што да мовы перадачаў, то пераход на расейскую мову мы лічым нямэтазгодным. У Беларусі і без таго засталося вельмі мала беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі. А слухаць і разумець перадачы на беларускай мове для расейскамоўных жыхароў Беларусі ня ёсьць істотнай праблемай.
Мікола Жмых з Кіева, з Украіны піша:
“Нядаўна быў у Менску. Многія слухачы Свабоды табой, Валянцін Жданко, незадаволеныя. Людзі крыўдзяцца, што чытаеш ня ўсе лісты, а толькі тыя, што ня надта моцна б’юць па Крамлю і па Лукашэнку. Ну, што гэта за падборкі лістоў: некага звольнілі, камусьці зламалі руку... Затое ўсе лісты, дзе абліваюць брудам Пазьняка, чытаеш цалкам. Ты заклікаеш народ цярпець, баяцца, пакутаваць ды чакаць. Толькі незразумела чаго: добраахвотнай адстаўкі Лукашэнкі ці здачы Беларусі Расейскай імпэрыі?
Незразумела, чаго ты баісься: як бы чаго ні выйшла, ці, як многія пагаворваюць, у цябе былі сустрэчы з расейскімі спэцслужбамі ды беларускім КГБ, на якія ты працуеш. Мы патэлефануем наконт гэтага на Свабоду і паведамім Пазьняку”.
Прыемна, спадар Жмых, што вас так пільна цікавяць беларускія справы. Мушу прызнаць: сапраўды, ня ўсе лісты трапляюць у эфір. Такі лёс, да прыкладу, напаткаў і некалькі вашых папярэдніх допісаў, у якіх вы, спадар Жмых, заклікалі да ўзброенага паўстаньня, не выбіралі словаў пры ацэнцы палітычных асобаў, якія вам не падабаюцца, а таксама галаслоўна, не абцяжарваючы сябе пошукам важкіх доказаў, абвінавачвалі людзей у сур’ёзных злачынствах.
Я мог бы праігнараваць і гэты ваш ліст, напісаны ў такой жа непаважлівай, зьдзеклівай манеры, бяз такту і без аргумэнтаў, з наіўнымі пагрозамі, але ўсё ж урэшце вырашыў выкарыстаць яго — дзеля таго, каб даць слухачам узор таго, якія лісты ня будуць гучаць у нашай праграме.
Ліст ад Зьмітра Скібы з Лунінца. Слухач піша:
“Калі Беларусь адмовіцца ад сваёй грашовай адзінкі на карысьць расейскага рубля, гэта немінуча выкліча канчатковы крах беларускай эканомікі. Расейскія алігархі тут жа за бесцань скупяць усе самыя буйныя і прыбытковыя беларускія прадпрыемствы — і гэта канчаткова прывяжа нашу эканоміку да расейскай. Ці зьбіраецца беларуская апазыцыя хоць зараз нешта рабіць у зьвязку з гэтым? Альбо зноў будзе моўчкі сядзець, склаўшы рукі, і чакаць дармавога сыру? А бясплатны сыр вядома дзе бывае”.
Вам, Зьміцер, напэўна ўжо вядома, што Аляксандар Лукашэнка фактычна спыніў працэс пераходу Беларусі на расейскі рубель — у многім зважаючы якраз на тую небясьпеку, пра якую згадалі вы, але яшчэ ў большай ступені з тае прычыны, што гэта здольна значна аслабіць ягоную асабістую ўладу, пазбавіць важнага эканамічнага рычага, з дапамогай якога магчыма рэгуляваць найважнейшыя палітычныя кампаніі — выбары і рэфэрэндумы.
У гэтым сэнсе Аляксандар Лукашэнка сваімі апошнімі рашэньнямі робіць якраз тыя захады дзеля абароны незалежнасьці, на якіх настойвала апазыцыя.
Ліст ад Ігара Касьянава з украінскага Севераданецку Луганскай вобласьці:
“Ва ўсім, што адбываецца ў Беларусі, вінаваты сам народ. Выбралі сабе такога прэзыдэнта, ад якога немагчыма пазбавіцца без дапамогі іншых дзяржаваў. Многія яшчэ доўга будуць шкадаваць, што калісьці бяздумна прагаласавалі за Лукашэнку. Не выпадае спадзявацца, што Лукашэнка ня здасьць Беларусь Расеі і добраахвотна сыдзе ў адстаўку. Крэмль заўсёды і ва ўсім падтрымлівае свайго стаўленіка.
Лукашэнка вынішчае ўсё беларускае, але народ немагчыма вынішчыць, калі толькі ён сам сябе добраахвотна ня зьнішчыць. Паглядзіце, як цыганы, татары, габрэі, расейцы захоўваюць сваю мову і адстойваюць культуру ў Беларусі. А беларусы на сваёй роднай зямлі ня ў стане захаваць тое, што дадзена ім Богам. Паслухмяна падпарадкоўваюцца ды прымаюць усё тое, што ім навязваюць. За гады савецкай улады беларусы навучыліся толькі пакутаваць, выконваць загады ды ўсяго баяцца”.
Ёсьць шмат прычынаў гэтай сумнай зьявы, пра якую вы, спадар Касьянаў, напісалі. Украінская мова за камуністамі таксама перажывала глыбокі заняпад, і русіфікацыя ва Ўкраіне набыла тады амаль такія ж маштабы, як і ў Беларусі. Але апошняе дзесяцігодзьдзе паказала, як шмат у гэтай галіне залежыць ад палітыкі дзяржавы. Беларусам у гэтым сэнсе, на жаль, не пашанцавала. Высновы вашыя, спадар Касьянаў, магчыма, залішне катэгарычныя, крыўдныя, рэзкія, але ў многім, даводзіцца прызнаць, справядлівыя.
Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну піша:
“Хачу распавесьці, як на берасьцейскіх заводах рыхтаваліся да прыезду Лукашэнкі. Работнікі панчошнага камбінату зарабляюць 120 тысяч за месяц. А майстры хадзілі па цэхах і папярэджвалі: спытае Лукашэнка, колькі плацяць, дык адказвайце: 170 тысяч мінімум. А хто будзе шмат балбатаць — няхай шукае сабе іншую працу. Самі разумееце становішча рабочых. Што ім заставалася рабіць у такой сытуацыі? Імёнаў я не называю (прычыны зразумелыя). Але за кожнае слова гатовы адказаць у любым судзе”.
Вы, спадар Сац, распавялі толькі пра адну з праяваў зьявы, што набывае ў Беларусі ўсё большыя маштабы, і карані якой у самой сыстэме ўлады, што ўсталяваная ў Беларусі. Звычайнай завядзёнкай стала тое, што ў калгасах прыпісваюць ураджаі і надоі, што на заводах хаваюць сапраўдныя маштабы беспрацоўя, што Лукашэнку возяць з інспэкцыйнымі паездкамі толькі на лепшыя прадпрыемствы... Магчыма, гэтым і можна ўвесьці ў зман высокае начальства, але падмануць людзей немагчыма.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.