Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль зь Менску і аглядальнік маскоўскага бюро Радыё Свабода Міхаіл Сакалоў з Масквы.
(Карбалевіч: ) “Пытаньне ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі ператвараецца ў такую ж доўгую і бясконцую палітычную гульню, як і сама беларуска-расейская інтэграцыя. На ўзроўні экспэртаў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў пагадненьне падрыхтаванае. Засталося прыняць палітычнае рашэньне.
У сераду ў Оршы Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся нэгатыўна наконт неабходнасьці пераходзіць на расейскі рубель. Спачатку ён спаслаўся на тое, што насельніцтва неадназначна ўспрымае гэтую ідэю. А потым кіраўнік Беларусі адзначыў, што мы можам апынуцца перад фактам, што ў нас ня будзе грошай. Тады мы апынемся ў залежнасьці ад Цэнтрабанку Расеі, і вымушаныя будзем на каленях поўзаць, прасіць у Масквы грошай на заробкі. І увогуле, “увядзеньне іншай валюты, у дадзеным выпадку, расейскай, — гэта фактычна аб’яднаньне дзяржавы з Расеяй”. Паўстае пытаньне, калі Лукашэнка падпісваў пагадненьне, ён пра гэта ня ведаў? Не разумей што робіць?
І яшчэ адзін цікавы сюжэт. Лукашэнка адзначыў, што я магу падпісаць падрыхтаванае пагадненьне. Але як і калі мы будзем уводзіць расейскі рубель — гэта асобнае пытаньне. У чым сэнс гэтай гульні ў кошкі-мышкі: падпісваць, не выконваць, зноў падпісваць і гэтак далей?”
(Кароль: ) “Лукашэнка заўсёды кіраваўся адной матывацыяй. Гэта ўласная ўлада, неабмежаваная, нікім не кантралюемая. Задачаю захопу ўлады, умацаваньня і пашырэньня тлумачацца ўсе ягоныя супярэчлівыя хады. Калі ён лічыў, што інтэграцыйная карта, аб’яднаньне валютаў будзе ўмацоўваць ягоную ўладу і нават дае шанец на заваёву Крамля, ён рабіў адны ўчынкі. Цяпер сытуацыя зьменілася. І дзеля ўтрыманьня ўлады ён робіць іншыя крокі, кажа іншыя словы.
Гэта ягоная звычайная палітыка. Калі трэба было, ён мог быць асыстэнтам пры ўносе бел-чырвона-белага сьцяга, а потым каньюнктура зьмянілася, і ён гэты сьцяг і ліквідаваў. Ён з Чарнамырдзіным здымаў памежныя слупы, а цяпер пагражае іх устанавіць.
Палітыка самаізаляцыі, якая праводзілася ў адносінах да Захаду, цяпер распаўсюджваецца і на Расею. З стратай незалежнасьці Лукашэнка траціць і ўладу”.
(Сакалоў: ) “Мне падаецца, што Аляксандар Лукашэнка ў сваім рэпэртуары. На 19 верасьня заплянаваны саміт СНД у Ялце. Падчас яго магла б адбыцца сустрэча кіраўнікоў Расеі і Беларусі ды вырашыцца пытаньне ўвядзеньня адзінай валюты. Я б зьвярнуў увагу на тое, што з расейскага боку не было камэнтароў наконт заявы Лукашэнкі. Прэм’ер Расеі Касьянаў сказаў, што ён ня хоча даваць па гэтаму пытаньню нейкіх скорых тлумачэньняў.
Зразумела, чарговая заява Лукашэнкі ставіць пад пагрозу ўвядзеньне адзінай валюты. Мне падаецца, што беларускі кіраўнік хоча зноў нешта выгандляваць. Ёсьць прынцыповае для Беларусі пытаньне цаны на газ. Вядома, што Расея прадае яго Беларусі па ільготнай цане, у два разы таньней, чым Украіне і ў тры разы таньней, чым дзяржавам Балтыі. Але недзе да глыбокай восені Беларусь сваю ільготную квоту на газ вычарпае. І, магчыма, Лукашэнка такімі заявамі спрабуе выгандляваць сабе яшчэ прэфэрэнцыі.
А ў Расеі ўжо ўсе звыкліся з такой гульнёй Лукашэнкі ў інтэграцыю і аб’яднаньне. І ніхто сур’ёзна не ўспрымае спадара Лукашэнку як партнэра, які можа пайсьці па падпісаньне нейкіх глыбокіх інтэграцыйных пагадненьняў. Нават левыя, камуністы расчараваліся. І таму ў сваёй перадвыбарнай рыторыцы яны гэтую тэму практычна не ўжываюць. Дарэчы, характэрна яшчэ й тое, што зь дзясяткі сёньняшніх цэнтральных расейскіх газэтаў толькі дзьве зьвярнулі адносна сур’ёзную ўвагу на выступ Лукашэнкі”.
(Карбалевіч: ) “Лукшэнка чарговым разам акцэнтаваў увагу на каштоўнасьць сувэрэнітэту Беларусі і пагрозу для яго, якая сыходзіць ад Расеі. У былыя часы Лукашэнка зусім не баяўся страціць сувэрэнітэт, прапаноўваў Расеі мадэлі фэдэрацыі, гатоў быў ахвяраваць незалежнасьцю. Цяпер, раптам стаў незалежнікам. Дзяржаўныя СМІ Беларусі вядуць такую непрыхаваную антырасейскую кампанію… У чым сэнс такой мэтамарфозы беларускага кіраўніка?”
(Кароль: ) “Я згодны з сваім маскоўскім суразмоўцам, што Лукашэнка вядзе вялікі гандаль. І стаўка ў гэтым гандлі — ягоная ўлада. У канцы гэтага году ў Расеі мусяць адбыцца парлямэнцкія выбары, а ў сакавіку наступнага году — прэзыдэнцкія. І ў гэты прамежак часу расейскай палітычнай эліце нявыгадна сварыцца з Лукашэнкам. І ён імкнецца скарыстаць гэтую сытуацыю, каб працягнуць свае паўнамоцтвы на трэці тэрмін, а дакладней — пажыцьцёва.
Наконт сувэрэнітэту. Хацеў бы зьвярнуць увагу на той яскравы факт, што адначасова з размовамі пра сувэрэнітэт, ліквідуецца Нацыянальны ліцэй. І гэта сьведчыць пра тое, што тут няма прынцыповай пазыцыі, ёсьць каньюнктура. Гэта палітыка аўтарытарнага кіраўніка, які хоча захаваць уладу, дарэчы, абапіраючыся на пэўныя палітычныя колы Расеі”.
(Сакалоў: ) “Па-першае, я зноў жа пагаджуся, што спадар Лукашэнка хоча скарыстацца перадвыбарчай кампаніяй у Расеі, штосьці на гэтым выйграць, лавіяваць паміж рознымі палітычнымі сіламі. Хоць, як мне падаецца, пры прэзыдэнцтве Ўладзімера Пуціна шмат ямы адгуляць ня ўдасца. Усё ж такі цяпер у Расеі ёсьць адзіны цэнтар улады, моцны прэзыдэнт.
Па-другое, калі ўспомніць ранейшы час, калі Лукашэнка выступаў у Дзярждуме Расеі, зрываў апладысмэнты, тады ён цаніўся на палітычным рынку Расеі даволі высока. Цяпер беларускі лідэр на гэтым рынку абсалютна не каціруецца.
Расея пасьля 11 версьня 2001 году сур’ёзна павярнула ў бок Захаду, ва ўсялякім разе, звонку. А Лукашэнка ад яго, наадварот, адвярнуўся. Інакш кажучы, адбываецца рух у супрацьфазе.
Я думаю, што сапраўды Лукашэнка выкарыстоўвае сувэрэнітэт як разьменную манэту ў сваёй гульні за ўладу. Сапраўды, яму трэба забясьпечыць сабе і трэці прэзыдэнцкі тэрмін, і працяг жыцьця ў палітычнай прасторы. Мне падаецца, што Лукашэнка ня будзе цяпер раздражняць моцна Пуціна. Ён паспрабуе знайсьці нейкае прамежкавае рашэньне па эканамічных пытаньнях, не рэалізуючы яго на практыцы. Мусіць, гэта будзе такая цягучая гульня. Яна будзе працягвацца дастаткова доўга, да выбараў беларускага прэзыдэнта”.
(Карбалевіч: ) “Падчас выступу ў Оршы прагучала яшчэ адна цікавая заява. Лукашэнка сказаў, што патрэбна абараняць нацыянальнага вытворцу ад імпартных тавараў — трэба распрацаваць адпаведную праграму. І ня выключана, што давядзецца ўводзіць мытні на мяжы з Расеяй. Да гэтага часу ліквідацыя мытнай мяжы з Расеяй лічылася адным зь вялікіх дасягненьняў Лукашэнкі. А малюнак, калі беларускі кіраўнік разам з расейскім прэм’ерам Чарнамырдзіным “выкопваюць памежны слуп” стаў адным з сымбаляў інтэграцыі. І вось цяпер інтэграцыя можа вярнуцца да сваёй зыходнай кропкі. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую заяву Лукашэнкі?”
(Кароль: ) “Гэта звыклая для Лукашэнкі заява. Яна зыходзіць з той гульні, якую мы з сваім суразмоўцам паспрабавалі абмаляваць. Гэта спроба ціску на Расею з мэтай нешта атрымаць.
Найлепшы сродак абароны нацыянальнага вытворцы — гэта развіцьцё эканомікі ўласнай краіны, вытворчасьць канкурэнтаздольнай прадукцыі. Само па сабе існаваньне мытні з абодвух бакоў мяжы паміж дзьвюма краінамі з улікам усіх міжнародных стандартаў — справа цалкам нармальная. А ў дадзеным выпадку — гэта палітычная гульня. Яна можа адмоўна адбіцца больш на эканоміцы Беларусі, чым Расеі”.
(Сакалоў: ) “Ад увядзеньня мытні ў поўным аб’ёме і нават часткова страціць, найперш, беларуская эканоміка. Ня маючы заходняга рынку, яна пазбавіцца і рынку расейскага, асабліва рэгіянальнага. Я ня думаю, што гэта рэальная пагроза. Калі Лукашэнка хоча справакаваць да ўласных выбараў яшчэ й эканамічныя праблемы ў краіне, то флаг яму ў рукі… Мабыць, знойдуцца нейкія дарадцы, якія паспрабуюць яму растлумачыць, што гэта, ва ўсялякім разе, несвоечасова.
Сапраўды, у нармальных умовах, калі працуюць мытні з абодвух бакоў, ніякіх праблемаў не паўстае. Але, мне падаецца, беларускія ўлады цяпер ня пойдуць на такое абвастрэньне. Гэта, усё ж такі будзе такая яўная дэманстрацыя неляяльнасьці. А такіх дэманстрацыяў спадар Лукашэнка наладзіў дастаткова шмат.
Таму дадаваць да тых праблемаў, якія ўжо завязаліся, яшчэ й мытны крызыс, мне падаецца, можа зрабіць толькі чалавек, скажам так мякка, які знаходзіцца на мяжы палітычнага самагубства”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, падаецца, што цяпер Лукашэнка зацікаўлены ня толькі ў палітычнай, але й эканамічнай самаізаляцыі Беларусі. Гэта лягічны вынік так званай беларускай мадэлі разьвіцьця”.