Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Аляксандар Лукашэнка сустракаўся зь сямю дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў?


Віталь Цыганкоў, Менск

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Якую ролю прэзыдэнт Беларусі надае парлямэнтарам у плянах працягу сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд і палітоляг Аляксей Кароль.

(Віталь Цыганкоў: ) “У аўторак адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі зь сямю дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, якіх прэзыдэнт Беларусі назваў сваімі прадстаўнікамі ў парлямэнце. Сустрэча гэта адбылася літаральна празь некалькі дзён пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ў праграме НТВ заявіў, што найбліжэйшым часам палітычных баталіяў у Беларусі ня будзе. Пасьля гэтай заявы і сустрэчы з дэпутатамі аналітыкі пачалі разважаць, якую ролю Аляксандар Лукашэнка адводзіць Палаце прадстаўнікоў у сваіх плянах наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Уладзімер, якое ў вас уражаньне ад гэтай стустрэчы вашых калегаў з кіраўніком дзяржавы?”

(Уладзімер Навасяд: ) “Калі я па телевізіі ўбачыў рэпартаж пра гэтую сустрэчу, першае, што мне прыйшло ў галаву — нарэшце збылася мара некаторых дэпутатаў увайсьці ва ўрад і нарэшце заняцца практычнымі пытаньнямі…”

(Цыганкоў: ) “Вы думалі, што Лукашэнка пачне раздаваць пасады гэтым дэпутатам?”

(Навасяд: ) “Так. Менавіта такое ўражаньне адразу склалася”.

(Цыганкоў: ) “Нашто Лукашэнку спатрэбілася гэтая публічная сустрэча? Ці ёсьць у ёй нейкі патаемны сэнс ці гэта проста ў рамках агульнай прапагандысцкай кампаніі апошніх месяцаў, калі Лукашэнка сустракаецца са студэнтамі, інтэлігенцыяй, прадпрымальнікамі, вось і на дэпутатаў не забыўся…”

(Навасяд: ) “Наколькі я ведаю, падобныя сустрэчы з дэпутатамі дастаткова часта адбываюцца. Проста адрозна ад гэтай, яны былі неафіцыйнымі, дзе дэпутаты абгаварвалі нейкія працэсы, што адбываліся ў парлямэнце і ў палітыцы. Аднак тое, што адбылося ў аўторак, было публічным, прайшло праз тэлеканалы. Мяркую, рэч у тым, што Лукашэнка вельмі актыўна пачаў рыхтавацца да парлямэнцкіх выбараў 2004 году”.

(Цыганкоў: ) “Аднак цяпер аналітыкі найперш заклапочаныя іншай палітычнай кампаніяй — магчымым рэфэрэндумам аб працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі. Якая роля тут надаецца Палаце прадстаўнікоў?”

(Аляксей Кароль: ) “Гэтая сустрэча з дэпутатамі працягвае лінію, якая і раней была ў дачыненьні да Палаты. Няма сапраўдных правоў, няма сапраўднага парлямэнту, ёсьць залежнасьць дэпутатаў ад прэзыдэнцкай улады, і ёсьць мэтады, якімі гэтая залежнасьць падтрымліваецца. Па-першае, пернікі, па-другое, калі спатрэбіцца — пуга. Тое, што ён наабяцаў, павялічвае гэтую залежнасьць. Гэта ж сьведчыць, што парлямэнцкія выбары будуць праводзіцца на тую самую схему, што і раней, можа нават больш жорстка. Фармаваньне “свайго” дэпутацкага корпусу Лукашэнка пачынае ўжо зараз”.

(Цыганкоў: ) “Некаторыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (асабліва з групы “Рэспубліка”) зрабілі ўжо сабе гучны імідж, аднак большасьць галасаваньняў паказвае, што супраць палітыкі выканаўчай улады выступае часам толькі 5–10 дэпутатаў. Калі пытаньне стане рубам, калі ў Палаце трэба будзе зацьвярджаць, напрыклад, вынікі рэфэрэндуму — ці будуць у Лукашэнкі праблемы з Палатай?”

(Навасяд: ) “Тут мне вельмі складана адказаць. Я ўвогуле ня ведаю, што прэзыдэнт будзе прапаноўваць увосень дэпутатам — мяркую, ён і сам яшчэ ня ведае, што ён будзе рабіць восеньню. Але на сёньня відавочная мэтанакіраванасьць дзеяньняў прэзыдэнта і ягонай каманды”.

(Кароль: ) “Я б хацеў папярэдзіць дэпутатаў, якім паабяцаныя пасады і дабрабыт, што ў практыцы аўтарытарных кіраўнікоў (а ў Лукашэнкі гэта асабліва бачна) абяцаньні не зыходзяцца зь іхным выкананьнем. Тыя, каго Лукашэнка калісьці прызначаў, а потым звальняў, нават не атрымлівалі прыстойных прапановаў надалей. Па-другое, усе дзеяньні Лукашэнкі цяпер (у тым ліку да дэпутатаў Палаты) сьведчаць аб няўпэўненасьці прэзыдэнта, якая ўсё ўзрастае.

На сёньняшні дзень дэпутаты Палаты прагаласуюць за любую прапанову, якую падасьць туды Лукашэнка. Але на заўтрашні дзень гэта пад вялікім пытаньнем. Я маю на ўвазе, калі яны зразумеюць, што сытуацыя зьмянілася, і справа ідзе пра недавер Лукашэнку з боку расейскіх колаў, і магчыма самаізаляцыя, а значыць і зьмена ўлады, то яны тады проста адмовяцца ад Лукашэнкі і пяройдуць на любы другі бок, дзе ёсьць ўлада”.

(Цыганкоў: ) “Уладзімер, на вашую думку, колькі ў Палаце “цьвёрдых” прыхільнікаў Лукашэнкі, а колькі гатовыя ў свой час перакінуцца на бок пераможцы?”

(Навасяд: ) “Ведаеце, нават дэпутацкая група “Рэспубліка”, якая вельмі актыўна займаецца палітыкай, гэта ня фракцыя, а дэпутацкая група. Напрыклад, на ўнутраным парлямэнцкім сайце было расьпісана, у якіх групах запісаныя дэпутаты. Дык вось, напрыклад, кіраўнік “Рэспублікі” Скрабец — сябра групы “Зубр”, “Еднасьць” і нават “Сябры Баўгарыі”. Гэта ўсё сьведчыць, што няма таго ідэалягічнага стрыжня, які б нанізваў кожнага дэпутата групы, каб прагназаваць ягонае рашэньне па тых ці іншых пытаньнях. Пра іншыя дэпутатацкія групы ўвогуе гаварыць няма пра што.

Так што я ня ведаю, як яны будуць галасаваць. Кожны зь іх, калі хоча абрацца на наступны тэрмін, павінен для сабе вырашыць, як гэта зрабіць. Ён павінен, па-першае, стаць у чаргу ў “Чырвоны дом”, і па-другое, працаваць у сваёй акрузе такім чынам, каб мець тую падтрымку выбарцаў, якую ён атрымаў на апошніх выбарах. Зыходзячы з гэтага, яны і будуць галасавць”.

(Цыганкоў: ) “У адным са сваіх апошніх выступаў Лукашэнка сказаў, што асаблівая неабходнасьць застацца ва ўладзе будзе тады, калі ў краіне ўзьнікне нестабільнасьць. Гэтае выказваньне нарадзіла такія экзатычныя, я бы сказаў, вэрсіі, што гэтую нестабільнасьць можна будзе стварыць у тым ліку праз Палату прадстаўнікоў. І што, маўляў, пэўная апазыцыйнасьць парлямэнту выгадная Аляксандру Лукашэнку. Як вы ставіцеся да гэтай вэрсіі?”

(Навасяд: ) “Цяпер такая сытуацыя ў Палаце, што на гэтым базысе можна будаваць любы сцэнар у Беларусі. Увогуле ж у вэртыкалі ёсьць шмат рычагоў, якія могуць стымуляваць любое галасаваньне — у тым ліку і раздача пасадаў. Таму палітычныя партыі, якія байкатавалі парлямэнцкія выбары, сёньня абавязкова павінны ўваходзіць у кантакт з дэпутатамі, якія да гэтага гатовыя, каб нейкім чынам прагназаваць і ўплываць на сытуацыю”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Кароль, які парлямэнт сёньня патрэбны Лукашэнку — цалкам згаворлівы і дысцыплінаваны ці, можа, зь нейкім элемэнтам фронды?”

(Кароль: ) “Яму сёньня патрэбны парлямэнт той, які ёсьць — абсалютна дысцыплінаваны і прадказальны. Утрыманьне ўлады праз стварэньне нестабільнасьці — гэта па-сутнасьці клясычны варыянт сілавога ўтрыманьня ўлады і працягненьня свайго тэрміну, хутчэй пажыцьцёва, чым на нейкі абмежаваны тэрмін. Я ня думаю, што гэты варыянт даспадобы Лукашэнку, і адтуль супярэчлівае выказваньне, што баталіяў ня будзе.

Ён хацеў бы, відаць, згандлявацца з пэўнымі палітычнымі коламі Расеі, праігнараваць Захад, і спакойна пад умоўнай шырмай нейкіх квазыдэмакратычных інстытуцыяў трымаць за сабой уладу. Тое, што сказаў спадар Навасяд — кантанкт з дэпутатамі ад палітычных партыяў і сілаў, гэта вельмі важна і патрэбна. І гэта ўжо зразумелі і партыі, і частка дэпутатаў Палаты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG