“Голас Беларуса”, 1924 год:
“Дзікі скандал, зроблены правай паловай польскага Сойму беларускаму паслу Тарашкевічу, зьяўляецца нечым бяспрыкладным нават для польскага парлямэнтарызму. Словы пратэсту проці меркаваньняў польскага імпэрыялізму, сказаныя з соймавае трыбуны прадстаўніком беларускага народу, былі заглушаны дзікімі крыкамі, бруднымі лаянкамі і пагрозамі “кулачнае расправы” з боку эндэкаў, ашалеўшых ад злосьці, што знаходзяцца адважныя людзі, якія не баяцца прад усенькім сьветам сказаць слова праўды”.
“Камунар Магілеўшчыны”, 1934 год. Тэлеграма в. а. начальніка экспэдыцыі чэлюскінцаў Баброва і сакратара калектыву Задорава:
“13 красавіка поўнасцю закончана эвакуацыя чэлюскінцаў з дрэйфуючага ільду. Горача дзякуем Палітбюро ЦК ВКП(б) на чале з тав. Сталіным і урад за асаблівую увагу і энергічную дапамогу. Падобны размах і быстрата выратавання магчымы толькі пры ўрадзе дыктатуры пралетарыята, пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі, ва што глыбока верыў увесь калектыў чэлюскінцаў”.
“Свободные новости”, 1994 год. А.Тамковіч цытуе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з жыхарамі Ашмянаў:
“Я хачу працытаваць некалькі фразаў з дакумэнта, які мне перадалі спэцслужбы. Гэта перахоп гутаркі нямецкага бізнэсоўца са сваімі гаспадарамі. Вось што ён даводзіць: у Беларусі працаваць немагчыма, мафія павязала ўсё, у кожным кабінэце бяруць хабар, і стварыць тут нешта без калясальных сродкаў на спажыву чыноўнікам немагчыма… Аднак гэта не замінае і лідэру парлямэнту, і лідэру ўраду з высокіх трыбунаў заяўляць, што яны з усяе сілы цягнуць у Беларусь замежных інвэстараў. Ніхто нікога не цягне. Толькі ва ўласную кішэню, якая такая вялікая, што нават багаты Захад ня ў стане яе запоўніць”.