Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 15 КРАСАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“Сьвяшчэнны Сынод 29.ІІІ. с.г. паручыў тымчасовае ўпраўленьне Гродзенскай епархіі епіскапу Камінь-Кашырскаму Антонію. Архіепіскапа Пантэлеймона Рожновскаго, каторага называлі кандыдатам у Горадню, Сынод прызначыў у Жыровіцкі манастыр. Некаторыя польскія газэты падалі, што архіепіскап Пантэлеймон прыхільны сучаснай польскай царкоўнай палітыцы, хоць сам ён мае погляды маскоўскія. Словам, аб прыхільнасьці да патрэбаў беларускай паствы ў царкоўнай палітыцы польскай аўтакефаліі зразуменьня яшчэ няма. Гэнае зразуменьне там мусяць Беларусы зрадзіць з мяйсцоў”.

“Беларуская газэта”, 1944 год:

“Чырвонаармеец 462 стралковага палку Ігнат В., узяты гэтымі днямі у палон на паўночным адрэзку фронту, расказаў, што ў раёне Лугі і Ноўгараду чырвоныя аддзелы, якія ізноў прыйшлі, не спаткалі зусім людзей, калі ня лічыць некалькіх бабулек. У адной з Ноўгарадзкіх вёсак ён спаткаў бабулю, якая прасіла хлеба ў жаўнераў. Старая жанчына расказала, што ейная сям’я складалася з 9 чалавек, а цяпер яна засталася адна, бо двух расстралялі, 3-х загінула на мінных палёх, а трох пагналі ў глыбокі тыл. На пытаньне чырвонаармейца, за што сустрэў такі лёс ейных родных, яна адказала: “А за тое, што мы былі дурнямі і не пайшлі з немцамі”.

“Народная газета”, 1994 год. Група народных дэпутатаў зьвярнулася ў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету са зваротам:

“Заява Старшыні Савету Міністраў сп.Кебіча В.Ф. Расійскаму тэлебачаньню сьведчыць аб тым, што ў парушэньне арт. 8, арт. 83, п.ІІ і арт. 145 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая ўступіла ў дзеяньне 30 сакавіка 1994 году, ім у Маскве падпісаны дагавор аб аб’яднанні грашовых сыстэмаў Рэспублікі Беларусь і Расеі”. Далей дэпутаты патрабуюць даручыць Генэральнаму пракурору Беларусі сп. Шаладонаву В.І. “неадкладна правесьці расьсьледаваньне і пры неабходнасьці завесьці крымінальныя справы на ўдзельнікаў падрыхтоўкі і падпісаньня гэтай Дамовы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG