“Віцебскі пролетарый”, 1934 год:
“Злучной кампаніі неабходна надаць такое ж значэньне, як і веснавой сяўбе з тым, каб ніводная карова, нецель і падцёлка не засталіся непакрытымі. У 1934 годзе правядзеньне злучной кампаніі і захаваньне маладняка буйной рагатай жывёлы мае выключна важнае, першачарговае значэньне… За несвоечасовае пакрыцьцё кароў (пропуск цечак) вінаватыя будуць штрафавацца, а пры наяўнасьці ялавых кароў, у асобных злосных выпадках, вінаватых (старшыню калгаса, загадчыка фэрмы і пастуха) будуць прыцягваць да судовай адказнасьці, як за зрыў васпраізводства стада”.
“Сталинская молодежь”, 1954 год. Пастанова Савету Міністраў СССР і ЦК КПСС “Аб новым зьніжэньні дзяржаўных розьнічных цэнаў на харчовыя і прамысловыя тавары”:
“Кошт жытняга хлеба зьніжаны на 8%, гарбаты чорнай байхавай і солі нямолатай — на 10%, панчох з валакна капрон у сярэднім на 25%, ювэлірных вырабаў у сярэднім на 10%, мыла туалетнага ў сярэднім на 20%, фотаапаратаў ў сярэднім на 10%, вілаў, косаў, сярпоў і запалак — на 20%, бэнзыну аўтамабільнага і змазачных алеяў — на 44,5%”. Адначасова Пастанова ўказвае “зьнізіць адпаведна цэны ў рэстаранах, сталоўках і іншых прадпрыемствах грамадзкага харчаваньня”.
“Ніва”, 1984 год. Алесь Барскі:
“Ня толькі памылкай, але і глупствам было б сьцьвярджаць, што ўсе настаўнікі, усе чыноўнікі, усе духоўныя — гэта людзі, якія абыякава або варожа адносяцца да беларускай мовы і культуры. Калі б так было, дык крананьне нацыянальнай тэматыкі ня мело б ужо найменшага сэнсу. На шчасьце, ёсьць яшчэ жывыя сілы, балючыя сэрцы, дапытлівыя розумы, якія не баяцца ні сябе, ні чужых. Тых чужых, якія ахвотна засьпявалі б беларускую песьню, ды толькі тады, калі беларускасьць знойдзецца ў труне”.