Напрыканцы 2002 году прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя” падрыхтавала праект ахоўных зонаў Курапатаў, паводле якога яны складалі 300 мэтраў. Плянавалася, што на тэрыторыі ахоўных зонаў у будучыні можа быць пабудаваны музэй гісторыі палітычных рэпрэсіяў. Як паведамляе Ігар Чарняўскі, у пастанове часткова зьменены межы, прапанаваныя спэцыялістамі “Праектрэстаўрацыі”, і ў схему уведзеная зона рэгулюемага будаўніцтва.
Год таму прадпрыемства “ВІГЭЎРАБУД” зьбіралася пабудаваць побач з Курапатамі катэджны пасёлак “Сонечны”, і адной з прычынаў, чаму прадпрыемству было ў гэтым адмоўлена, было як раз тое, што ня быў зацьверджаны праект ахоўных зонаў Курапатаў, які бы вызначаў, на якой аддаленасьці ад Курапатаў можна пачынаць будаўніцтва.
Як паведаміла Радыё Свабода навуковая кіраўніца гісторыка-культурнай каштоўнасьці Курапаты Мая Кляшторная, ахоўныя межы, зацьверджаныя Міністэрствам культуры, меншыя за прапанаваныя “Праэктрэстаўрацыяй” 300 мэтраў, і гэта дазваляе распачаць будаўнічыя работы ў непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў.
(Кляшторная: ) “Па-першае, гэта не зацьвярджэньне, а прынятая пастанова Міністэрства культуры Беларусі аб зонах аховы матэрыяльна нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасьці Курапаты. І гэтая пастанова прынятая не паводле праекту. Праект цалкам адхілены. Паводле схемы, якую некалі падпісаў Паўлаў, схема, блізкая да таго, што было паказана ў рашэньнях Генэральнага пляну Менску, але ніхто не прапрацоўваў гэты матэрыял. Але паводле гэтай схемы прынятая пастанова”.
(Карэспандэнтка: ) “І ўсё ж калі казаць пра памер ахоўных зонаў, які ён цяпер? Гаворыцца, што ўводзіцца зона рэгулюемага будаўніцтва. Што гэта значыць?”
(Кляшторная: ) “Рэгулюемае будаўніцтва наўпрост знаходзіцца на тым полі, гэта лінія рэгулюемага будаўніцтва. Што там будзе, і калі будзе, пакуль што невядома. І магчыма і катэджы, таму што ўмовы такія пастаўленыя, што забудова павінна быць ня больш за тры паверхі”.
(Карэспандэнтка: ) “Грамадзкасьць актыўна дамагалася таго, каб праект ахоўных зонаў Курапатаў быў зацьверджаны. Нарэшце гэта адбылося. Ці задаволеныя Вы? Вядома, што Вы шмат намаганьняў прыклалі, каб гэты праект быў распрацаваны”.
(Кляшторная: ) “Праектам ніхто не займаўся. Зацьверджаны не праект, а схема, якая не адпавядае праектным рашэньням. Зоны, канечне, скрадзеныя”.
Паведаміла навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная.