Кепскі той салдат, што з першага дню службы ў арміі пра дэмбель ня думае,
бо ў бацькоў-камандзіраў адная задача -- каб служба раем не здалася.
Дэмбель -- гэта на салдацкім слэнгу дэмабілізацыя, дзень, калі падпісваюць
загад аб сканчэньні службы ў войску, і салдат едзе да дому. Тыя, хто падлягаюць
дэмбелю, адлічваюць кожны дзень, і паўсюль, дзе можна і нажамі выразана,
а цяпер і фламастарамі напісана -- колькі засталося да дэмбеля.
Дэмбелянты -- гэта "старыя", а маладое папаўненьне -- "салагі". Дэмбелянт
загадзя рыхтуецца да чаканага дню, мяняе ўсё на новае -- ад рамяня да чаравікаў.
"Салагі" паслугоўваюць "старым". Любяць дэмбелянты розныя фантазыі --
ляжыць, прыкладам, на койцы, а "салагі" марудна нясуць койку й ціха пагойдваюць,
махаюць галінамі -- гэта дэмбелянт плыве ў дэмбель.
Дэмбелянтаў звычайна ня дужа загружаюць працаю. Праўда, калі патрапіць
у няласку, начальства можа дэмбель падпісаць 31 сьнежня ўвечары або 1 студзеня.
Сьвяткуй тады навагоднюю ёлку зь мядзьведзем, калі ён яшчэ дзе ацалеў.
Слова дэмбель грэе салдата сподзевам.
Рыгор Барадулін
Самае папулярнае
1