Усе людзі ад прыроды гульцы. Ды й жыцьцё падобнае на вялікую заўзятую
гульню. Ці хто каго, ці хто з кім.
Чалавеку малому й сталаму трэба цацка, якую ён будзе даглядаць, якою
ён будзе выхваляцца. А дзе й сваю недасканаласьць цацкаю прыкрые -- ці
то аўтамабілем, ці то шыкоўнай кватэраю, ці футрам. Маўляў, вось маю, дасягнуў,
ня горшы за ўсіх вас.
Але бываюць гэткія часы й гэткія краіны, калі цацку для жыцьцёвае гульні
прыдбаць архіскладана. Насамрэч трэба зрабіцца выбітным гульцом.
Памятаю, які дзясятак гадоў назад ці ня ўсе мы апантана гуляліся ў драматычную
гульню пад назваю "дастаць".
У аднаго тут роля дабрадзея, які нешта дастае, у іншага -- прашэльніка.
Потым ролямі зручна мяняюцца. І дастаецца ўсё, што душа сьніць -- машыны,
дываны, лекі, хаты, пасады, кнігі, сукенкі, мэбля, посуд.
Гульня закручвае, захапляе, робіцца падобнай да хованкаў ці жмуркаў.
Зьвялася цяпер ушчэнт гульня, а лёгкае слоўца "дастаць" зьмяніла акрасу.
Цяпер мы скрыўджана адмахваемся адно ад другога: "Адчапіся! Не даставай!".
Цяпер мы абураемся: "Ну й даставучы ж ты!". А самыя дасьціпныя абразьліва
кпяць: "Ня будзь Дастаеўскім!"
Жытка нашая вымучыла, дастала.
Антаніна Хатэнка
Самае папулярнае
1