Слова блат у слоўніках пачатку стагодзьдзя няма. Гэта зусім не
азначае, што зьява адсутнічала. Яна была, але тычылася іншых, ніж цяпер,
сфэраў жыцьця і абазначалася іншым словам: пратэкцыя.
Побач з пратэкцыяй існаваў і блат, але тычыўся ён справаў цёмных,
злодзейскіх і рабунковых, а таму існаваў толькі ў крымінальным жаргоне.
Мова заўсёды чуйна рэагуе на ўзровень жыцьця і культуры. Атрымаць начальніцкую
пасаду ў савецкі час, скажам, на прадуктовай базе можна было толькі паводле
пратэкцыі, іншую працу на той самай базе - па знаёмству, а вось дастаць
дэфіцытны тавар з базы - вылучна па блату.
Блат ва ўмовах адміністрацыйнай сыстэмы быў, так бы мовіць, змазкай
сацыяльных мэханізмаў. Не начальнікі, не партыйныя босы, а нефармальныя
сувязі палягалі ў падмурках гэтай зьявы.
Блат непарыўна зьвязаны са словамі дастаць і дыфіцыт. Менавіта
па блату даставаліся лепшыя прадукты, лекі, мэбля, часам кватэры
й машыны, а таксама пуцёўкі. модная вопратка і нават кніжкі.
Паводле этымолагаў, першакрыніцай слова блат маглі быць некалькі
моваў.
Польскае блат абазначае чалавека, які нешта хавае, і польскае
ж блат у крымінальным жаргоне мае значэньне "хабар".
У габрэйска-нямецкай блат - згодны, албо ўведзены ў таямніцу.
Нямецкае блат - папяровыя грошы.
Ад слова блат паходзіць і выраз блатная музыка - мова крымінальнага
асяродзьдзя, а таксама блатныя песьні - песьні крымінальнікаў ці
блатных. У сваю чаргу самі блатныя - элемэнт сацыяльна блізкі
савецкай люмпэнскай уладзе, якая паводле сваёй сутнасьці была злодзейскай.
Яшчэ адно значэньне выразу "блатныя песьні" - нецэнзурныя песьні
вуліцы, якія дзеці сьпяваюць патаемна ад бацькоў. У адной зь іх ваяка выпраўляецца
на вайну і бярэ з сабой торбу сала, якая і робіцца ягоным асноўным
клопатам. Вынік гэтага ваярства досыць сумны:
А затым я ў шпіталь папаў,
На спружынным я ложку ляжаў,
Там зь мяне абутак зьнялі,
Торбу з саламадабралі,
Ой, браткі, нашто ж я яе браў! Сяржук Сокалаў-Воюш.
На спружынным я ложку ляжаў,
Там зь мяне абутак зьнялі,
Торбу з саламадабралі,
Ой, браткі, нашто ж я яе браў! Сяржук Сокалаў-Воюш.