Слова “батлейка” прыжылося на Беларусі здарожаным паломнікам
да сьвятога места Бэтлеем. Менавіта з далёкай радзімы Ісуса Хрыста заманулася
беларусам мець пацешныя спэктаклі пра крыважэрнага цара Ірада ды яго паслухмянага
жаўнера Ваяку, пра добрага анёла ды падступнага чорта, што намаўляе цара-шаленца
на забойства Божага Сына.
Перасоўны тэатрык вандраваў ад вёскі да вёскі, ягоныя ўдзельнікі моклі
ў дажджэвіцу, прадавалі дрыжыкі ў мароз. Затое якой радасьцю запальваліся
вочы малечы, калі над вільчаком казачнай хаткі ўспыхвала калядная зорка,
а невідочны батлеечнік выпускаў на сцэну лялечных гаварлівых пэрсанажаў.
Беларуская батлейка мела і сваякоў – польскую шопку ды ўкраінскага
вэртэпа, што ў 1923 годзе маглі зайздросьціць беларускай сястры, якую пісьменьнік
Ілары Барашка павёз у Маскву і зладзіў сьвяточны батлеечны паказ
на Усерасейскай Сельскагаспадарчай саматужна-прамысловай выставе. Але той
сьвяточны паказ стаўся ўадначас і сумна-разьвітальным.
Вярнуцца да жыцьця батлейка здалела толькі напрыканцы шматспадзеўных
80-х дзякуючы майстру Алесю Ласю ды Музэю Маскіма Багдановіча, пад чыёй
страхой яна жыве і сёньня.
Батлейка і за тры стагодзьдзі не састарэла. Яе клясычныя сюжэты
пра змаганьне дабра зь ліхам сёньня для беларусаў ізноў надзённыя, хіба
што ня шкодзіла б троху паднавіць рэквізыт. Далібог жа, слова старога і
барадатага цара Ірада пасавалі б яго вусатаму і лысаму падвойніку, што
мае моду маладзіцца:
“Зноў спакой мяне пакіне,
Чуў я, што ў маёй краіне
Аб’явіўся новы цар –
Людзкіх сэрцаў валадар.
Хоча ўладу захапіць,
Мой загад – яго забіць”. Уся Беларусь напрыканцы другога тысячагодзьдзя ператварылася ў лялечны тэатар: хтосьці тузае за нітку, хтосьці прамаўляе чужым голасам. Батлейка, батлейка, чароўная дзея. Міхась Скобла
Чуў я, што ў маёй краіне
Аб’явіўся новы цар –
Людзкіх сэрцаў валадар.
Хоча ўладу захапіць,
Мой загад – яго забіць”. Уся Беларусь напрыканцы другога тысячагодзьдзя ператварылася ў лялечны тэатар: хтосьці тузае за нітку, хтосьці прамаўляе чужым голасам. Батлейка, батлейка, чароўная дзея. Міхась Скобла