Гэта гісторыя адбылася са мною ў месьце Горкі, у 1998 годзе. Я са сваім
сябрам Дзям’янам сядзеў на лаўцы, мы гутарылі пра наш горад, пра жыхароў
у ім, пра тое, што мала беларускага ў горадзе. У нас на вуліцах не размаўляюць
на роднай мове. У нас дрэнна ставяцца да людзей, якія размаўляюць па-беларуску.
І мы вырашылі зь Дзям’янам, што нам трэба зладзіць невялікую акцыю,
якая магла б прыцягнуць увагу жыхароў нашага гораду да таго, што ў гэтым
месьце ёсьць людзі, якім не абыякавы лёс краіны, якім падабаецца беларуская
мова.
Мы хацелі, каб да нас далучыліся яшчэ людзі. Мы ўзялі вялікі кавалак
крэйды і ўвечары пайшлі на гарадзкі стадыён. Там звычайна ў нядзелі ў нас
адбываюцца кірмашы. Гэта самае масавае мерапрыемства ў горадзе. Наш разьлік
быў такі: калі мы распішам усё кола стадыёна патрыятычнымі надпісамі, людзі
зьвернуць на гэта ўвагу, людзі гэта, можа, неяк адзначаць, і будзе рэакцыя.
Мы прыйшлі на месца і пачалі пісаць: “Наш сьцяг – бел-чырвона-белы”,
“Наш герб – “Пагоня”, “Беларусь жыве вечна”.
Да позьняй начы мы займаліся гэтым. Позна вярталіся дахаты, узрушаныя
і радасныя. Мы чакалі зь нецярплівасьцяй заўтрашняга дня.
Уранку я прачнуўся і пабег на стадыён, бо я ведаў, што крэйду змые дождж.
Так яно й адбылося. Мутная вада плыла па асфальце, змываючы нашыя надпісы,
змываючы нейкую надзею.
Але ўсё адно было прыемна, бо засталася вера ў тое, што не сыходзіць
у зямлю дарма. І тая, напэўна, вада з нашай крэйдай, зносіць у зямлю, прапітае
нейкае зерне, зь якога вырасьце добрае дрэва.
Ільля Заранок, Ворша
Самае папулярнае
1